top of page
Башкіраўка1.png

Башкіраўка вядомая з 19 стагоддзя. У 1856 годзе разам з суседняй вёскай Гарадзец на правах спадчыны належала памешчыцы Ганеевай. Маёнтак называўся «Атраднае». Тут меліся : пастаялы двор, вінакурны завод, вадзяны млын. У 1897 годзе пад назвай Башкіраўка было ўрочышча – 1 двор 9 жыхароў. Яно знаходзілася па другі бок ад маёнтка «Атраднае». Гаспадаром там быў эстонец Кандрацій Макс.

На паўднёва–заходнім баку вёскі стаяць векавыя ліпы, іх пасадзіў Кандрацій Макс. Жыў ён у вёсцы да 1930 года. У 1917 годзе (да таго часу маёнтак «Атраднае» быў пакінуты памешчыцай Ганеевай) ён ажаніўся на сваёй батрачцы Арыне Ваўчковай, ураджэнцы вёскі Заходы па дворышчу Журавінавай. З’язджаць з гэтых месцаў ён не хацеў. У іх нарадзілася 4 дзяцей. Калі пачалася калектывізацыя, гэтая сям’я з’ехала невядома куды.

У 1929 г. стаў арганізоўвацца калгас. Яго першымі членамі былі беднякі і парабкі: Сіманьковы, Кучынскія, Галавачовы, Рассчынскія, Лазуркіны, Аўтушэнка, Прылепа, Якаўлевы, Чарамісін, Блукаў, Кавалёў, Полазавы, Алейнікаў. Першым старшынёй калгаса, імя якому далі «Перамога» з 1929 па 1932 год, быў Камедаў Васіль Пятровіч, а з 1932 па 1933 – вылучэнец з Масквы «25–тысячнік» з рабочых Будрык. За некалькі гадоў да ВАВ старшынёй калгаса «Перамога» быў Ільюшэнка Іісак, які ў 1941 годзе пайшоў на фронт і не вярнуўся. Як і ўсюды, гэтую маленькую вёсачку не абышла хваля рэпрэсій. Пад раскулачванне трапіла сям'я Клішэўскіх, моцных сераднякоў. Спачатку выслалі гаспадара, а затым выслалі яго сына Клішэўскага Георгія Барысавіча, які да таго часу быў жанаты на дзяўчыне з беднай сям'і і працаваў у калгасе. У іх было двое дзяцей. Яго самога выслалі ў Сібір на тры гады, а жонку Клішэўскую Разалію выгналі з калгаса і пазбавілі права голасу і працы. І толькі ў 1935 годзе яе аднавілі ў правах. Сам жа Клішэўскі Георгій быў рэабілітаваны ў 1964 годзе. У 1939 годзе у вёску Башкіраўка была праведзеная электрычнасць, што было незвычайна для таго часу, бо ў іншых калгасах акругі святла  не было. У 1949 годзе малыя калгасы сталі аб’ядноўвацца ў адзін. Калгасы «Новы шлях», «Перамога» і ім. Калініна аб’ядналіся ў адзін пад агульнай назвай «Калгас ім. Калініна». Яго ўзначаліў Цэнтроўскі, а з 1952 г. – Забабонін. У 1959 г. «Калгас ім. Калініна» злучыўся з саўгасам «Спартак». У 1961 годзе быў арганізаваны новы саўгас «Гарадзец». Вёска Башкіраўка перайшла да Гарадзецкага сельсавета.

разделение.png

Башкіраўка : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 430.

З гісторыі вёсак // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. –   С. 490.

bottom of page