Вёска Новыя Чамаданы размешчана ўздоўж трасы Санкт–Пецярбург – Адэса. Вёсцы прыблізна 200 гадоў, бо першыя перасяленцы тут засяліліся ў 18 стагоддзі. Калісьці зямлі гэтыя былі ўласнасцю памешчыка Чамаданава. Старыя чамаданы таксама належалі гэтаму памешчыку. Сяляне, якія хацелі жыць свабодна, частку зямель выкупілі і засяліліся тут. Раней, дзе зараз размешчана вёска, быў густы лес. Сяляне распрацавалі гэтыя ўчасткі і вырашылі пакінуць назву свайго паселішча ранейшым, г. зн. Новымі Чамаданамі. Так з’явілася новая вёсачка. Да рэвалюцыі вёска прыняла амаль такое ж размяшчэнне, як і сёння. Непасрэдна ў вёсцы памешчыкаў не было, але на мяжы зямель з Любінічамі жылі памешчыкі Чэчык і Дзятлаў. Таму да гэтага часу захаваліся назвы Чэчыкаў і Дзятлаў лес. Асаблівасцю вёскі з’яўляецца наяўнасць балота. І раней і цяпер – гэта ягады, грыбы, а таксама паліва, корм для жывёл. Балота захавала назву Вялікага і Гарэлага. Рэвалюцыю прынялі з надзеяй на лепшую будучыню, а ў 1929 годзе быў арганізаваны калгас ім. Сталіна, старшынёй якога стаў Сякацкі Міхаіл Сцяпанавіч. Пры ім была пабудавана пачатковая школа. У 1949 годзе дробныя гаспадаркі былі аб’яднаны ў вялікія і калгас ім. Сталіна увайшоў у склад калгаса ім. Калініна, а затым «Прамень камунізму». Узначальваў калгас Шульдаў Іван. У 1959 годзе калгас злучыўся з калгасам «Спартак». А ў 1961 годзе быў арганізаваны новы саўгас «Гарадзец», у склад якога ўвайшла вёска Новыя Чамаданы. Пабудавалі свіран, стайню, кароўнік. Сем’і багатых уступаць у калгас не хацелі, таму некаторых прымушалі, а некаторыя сем’і былі сасланыя ў Сібір. Не толькі для краіны 1937 год быў страшным, але не абышло кола рэпрэсій і маленькую вёсачку Чамаданы. Так, Сякацкі Венедыкт Абражэвіч, Сякацкі Антон Венядзіктавіч і Каліновіч Мікалай Станіслававіч і іншыя жыхары сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. У гады перабудовы яны былі рэабілітаваны.
Новыя Чамаданы : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 491.
З гісторыі вёсак // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – С. 496.