Свята апосталаў Пятра і Паўла здаўна вядома ў народзе пад імем Пятрова дня і ў былы час мела вялікае значэнне ў побыце нашых продкаў як адзін з найважных дзён у рэлігійных і гаспадарчых адносінах.
Адзначалася гэтае летняе свята і на тэрыторыі вёсак Гарадзецкага сельскага Савету. Вядома, што каля Пятрова дня сонца дасягае найдужэйшага ўплыву на зямлю, таму старажытны люд прысвячаў гэты час сонцу. Казалі, што у Пятроў дзень рана раніцай гуляе сонца, і людзі імкнуліся ўбачыць гэту цудоўную з’яву. Да цяперашняга часу захавалася прастанародная прыказка: «У мужыка то і свята, што Пятроў дзень».
У гэты дзень усе усхвалялі апосталаў Пятра і Паўла, якія найперш усяго лічыліся памочнікамі сялян улетку – у касьбе і жніве, на пашы і ў агародзе. Да нашых дзён дайшлі такія прымаўкі: «Святы Пятро — жыта ядро», «Святы Пётра ў косы звоніць, святы Паўла граблі робіць», «Святы Пятро жытцо спеліць», «Святы Пётра серпы востра»…
У гэты дзень заканчваўся летні пост, які так і называўся – Пятроўскі, або Пятроўка. А яшчэ нашы продкі звалі яго «Пятроўка-галадоўка». Бо старыя запасы практычна з’елі, а новых яшчэ шмат не зрабілі.
Старажылы вёскі на Пятра прадказвалі надвор’е, назіраючы за паводзінамі зязюлі: «Калі зязюля кукуе пасля свята – восень будзе цёплай, сонечнай, а снег выпадзе позна. Калі ж зязюля замоўкне яшчэ да Пятра, то ўсіх чакае халодная восень і ранняя зіма». Прадказвалі надвор'е і па іншых прыкметах. Казалі, што калі «на Пятра дождж — будзе жыта, як хвошч», ці так «Калі Пётра з Паўлам плачуць, дык людзі праз тыдзень свету не ўбачаць». А яшчэ «Пётр-Павел на гадзіну дзень убавіў, Ілля-прарок – дзве ўвалок». Яшчэ лічылася, што да Пятра трэба нарыхтаваць на зіму бярозавыя венікі, бо, калі рыхтаваць іх пасля Пятра, лісце з венікаў будзе асыпацца: «Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйшоў Ілля – апала два» – таксама адна з самых вядомых народных прыкметаў на гэты дзень.
Пасля заканчэння Пятроўскага посту у вёсках пачынаўся сезон вяселляў, таму нашы продкі жартавалі: «Дзеўка хітра да Пятра». Гэта значыць, стараецца спадабацца хлопцу, каб ён яе замуж узяў пасля Пятрова дня. Святочныя песні, якія гучалі ў гэты дзень, былі ў асноўным любоўнымі. Яны былі падобныя на купальскія песні. абрады суправаджаліся рытуальнымі стравамі, гуляннямі, карагодамі. распаўсюджаны была і варажба.
У цяперашні час свята Пятра штогод адзначаецца ў вёсцы Крывель Гарадзецкага сельскага Савета. І гэта невыпадкова. Справа ў тым, што менавіта ў гэтай вёсцы 12 ліпеня, у дзень святых Пятра і Паўла, нарадзіўся знакаміты акцёр савецкага кіно Пётр Алейнікаў. За сваё жыццё зняўся ў 42 фільмах, многімі з якіх заглядаліся цэлыя пакаленні.
Памяць аб Алейнікаве беражліва захоўваецца ў музеі, які з’явіўся тут менавіта ў дзень яго нараджэння на свята Пятра і Паўла 12 ліпеня 1998 года.
Ствараючы гэты музей, жыхары Крывяля такім чынам дапамагаюць акунуцца ў гісторыю савецкага кінематографа, дзе Пётр Мартынавіч пакінуў свой непаўторны след. Дом–музей – адзіны сацыяльна–культурны цэнтр у вёсцы. Тут праводзяцца ўсе святы, можна паглядзець фільмы з удзелам Алейнікава і знайсці добры адпачынак для душы.
Кожны год у гэты дзень жыхары і госці вёскі накіроўваюцца ў музей, з’язджаюцца госці. Тут адзначаюць двайное свята — Дзень святых Пятра і Паўла і дзень нараджэння іх роднага, заўсёды усмешлівага, мілага Пятра…
У двары дома–музея Пятра Алейнікава у гэты дзень заўсёды шматлюдна і весела. Святочная атмасфера лунае ў паветры. Ужо на ўваходзе кожны жадаючы можа прыняць удзел у святочнай латарэі, а для аматараў і знатакоў рэчаў ручной работы арганізуецца выстава–продаж.
Калектывамі Гарадзецкага сельскага Дома культуры арганізуецца цікавая музычна–конкурсная праграма. Прысутныя ўспамінаюць народныя прыкметы на Пятроў дзень, адгадваюць загадкі пра гаючыя травы, якія, дарэчы, менавіта у гэты дзень трэба нарыхтоўваць. Асабліва захапляльна праходзяць пятроўскія забавы, падчас якіх і дарослыя, і дзеці дэманструюць спрыт, трапнасць, каб дастаць скарбы са дна марскога і нават папарыцца бярозавымі венікамі. А песні ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці з’яўляюцца выдатным музычным афармленнем свята.
Прыемным момантам у гэты дзень з’яўляецца традыцыйнае падвядзенне вынікаў агляду–конкурсу па добраўпарадкаванню прыдамавой тэрыторыі. Усе прысутныя частуюцца духмяным пятроўскім караваем.
Рыданава, Т. Добрыя традыцыі жывуць у вёсцы / Таццяна Рыданава // Ударны фронт. – 2010. – 21 ліпеня. – С. 3.