top of page
Свята Макаўе1.png
Свята Макаўе.png

У кожнай вёсцы захаваліся да нашых дзён святы, характэрныя толькі для гэтай мясцовасаці. Так у вёсцы Заходы Гарадзецкага сельскага Савета  стала традыцыйным свята Спас мядовы, або Макаў’е.

Адзначаецца штогод  чатырнаццатага жніўня.

  

Мядовы Спас — перш за ўсё свята пчаляроў. З вуснаў  у вусны перадавалася «залатое правіла»: калі пчаляр у гэты дзень не асвеціць крыху мёду ў царкве, то суседскія пчолы «выцягнуць» у яго ўвесь мёд. Толькі пасля асвячэння мёду на Спас дазваляецца есці мёд новага збору. Лічылася, той, хто нарадзіўся ў гэты дзень, будзе добрым пчаляром. На Макавея пачыналі праводзіць першыя кірмашы і ўрачыстасці, прымеркаваны збору ўраджаю i пчалярства. 

У гэты дзень збіралі не толькі мёд, але і саспелыя ягады. Іх выкарыстоўвалі для падрыхтоўкі пірагоў, духмяных напояў і нарыхтовак на зіму (узвараў, варэння і джэмаў). На свята гаспадыні накрывалі багаты стол. Абавязкова рабілі выпечку з макам і мёдам. Запіваць салодкія ласункі было пажадана асвячонай вадой.  Таму вернікі наладжвалі хрэсны ход да крыніцы, ракі ці возера. Лічылася, што асвечаная вада будзе ахоўваць ад розных немачаў — і людзей, і жывёл.

У сённяшняй культурнай спадчыне жыхыроў вёскі Заходы свята Спаса Макаўе ўяуле сабой наступную чараду падзей: зранку – святочная служба ў царкве, дзе асвячаюць мак, мёд, моркву, кветкі. А пасля абеду збіраюцца ўсе жыхары вёскі каля святой крынічкі, дзе стаіць асвечаны царквой крыж.

Жанчыны павязваюць рушнікі на крыж і вешаюць звіты с каласоў вянок, кладуць асвечаныя кветкі, мёд, моркву, мак. Кідаюць грошы на дно крынічкі, дзякуюць за цёплае лета, за добры ўраджай. Потым усе ахвотнікі набіраюць ваду з крынічкі. Шмат гадоў бытуе павер’е, што вада  ў гэтай крынічцы на Макаў’е святая, вылечвае ад розных хвароб, надае сілы.

Легенда, якая дайшла да нашых дзён, дае падставу меркаваць, што гэта так. Даўно гэта было, яшчэ да вайны. Жылі ў вёсцы Заходы дзве сям’і, працавітыя, вясёлыя, але толькі не было ў іх дзяцей, ні ў Козырава Міна, ні ў Ментузава Аленція. Дзеці нараджаліся, але не дажывалі да года, паміралі. І не было ў гэтых людзей бяды больш, чым гэта. І тады старыя людзі расказалі Міну і Аленцію гэта паданне.

Больш за трыста гадоў  таму назад на ўскрайку гэтага вялікага сяла стаяла царква. Слава пра яе ішла далёка на ўсю акругу. Ішлі сюды людзі з ўсёй Магілёўскай воласці памаліцца за здароўе. І, кажуць, сляпыя станавіліся відушчымі, паміраючыя ачуньвалі, а бяздзетныя нараджалі дзяцей. Але прайшлі гады, Магілёўская воласць папала пад уладу польскага караля Сігізмунда.

Свята Макаўе1.png

Ксяндзу не спадабалася, што царквушка мела такую славу, і вырашылі яны знесці яе, а на гэтым месцы паставіць касцёл і такім чынам уладкаваць на гэтай зямлі каталіцкую веру. Даведаўшыся аб такім святатацтве, кінуліся людзі да царквы і сталі маліцца, просячы Бога не дапусціць гэтага. Але не даў Бог людзям ніякага знака і разышліся яны к начы па хатах. Засталіся маліцца толькі самыя стойкія. А пад раніцу  народ прачнуўся ад гуку званоў, якія станавіліся ўсё глушэй ды глушэй. Кінуліся людзі да сваёй царквы, а яе няма. І толькі з–пад зямлі раздаваўся звон. Так і не стала царквы. А на гэтым месцы разлілося непраходнае балота. Такое топкае, што і не можа быць гутаркі аб тым, каб паставіць тут касцёл. Так і засталіся людзі ў гэтай вёсцы праваслаўнымі. Прайшлі гады і балота высахла. Толькі з-пад зямлі стала біць крыніца. А вада ў крыніцы была карысная і дапамагала ад шматлікіх хвароб.  

Пачуўшы гэту гісторыю, сабраліся Аленцій і Міна і пабудавалі каля крыніцы капліцу. Купілі іконы і ўсякае царкоўнае начынне. А на дзень Святога Макавея (Макаў’е) асвяціў капліцу свяшчэннік, якога яны запрасілі. З таго часу ў іх сталі нараждацца дзеці. У Козыравых было – чатыры, у Ментузавых – восем.

У вайну капліца згарэла, але крыніца засталася па–ранейшаму. А  з пачатку 80–х гадоў у вёсцы Заходы з’явілася народная традыцыя: у дзень святога Макавея, 14 жніўня, збіраецца ўся вёска каля крыніцы. Людзі моляцца, а потым пачынаецца народнае гулянне. Зноў з усіх вёсак Шклоўшчыны з’язджаюцца на Макаўе людзі да святой крынічкі.

Свята Макаўе2.png

Кажуць, зямля на тым месцы да гэтага часу «калышыцца», а калі прыкласці  вуха да зямлі і добра прыслухацца, то, магчыма, пачуеш гучны звон. Зараз на тым месцы няма ні царквы, ні капліцы, але стаіць вялікі драўляны крыж, які аднаўляецца з цягам часу. Сцяжынка да крынічка была зроблена з дошак, ісці было не трывала. Пазней было адноўлена гэта месца. Зрабілі масток,  лавы і стол, паставілі кальцо. Цяпер прыемна сюды падыйсці і набраць вады ў любы час.  Жанчыны кожны год павязваюць новыя рушнікі на крыж, прыносяць кветкі, моркву, мак, мёд. І кожны стараецца ў гэты дзень набраць у розныя ёмкасці вады з гэтай святой крынічкі. А самыя смелыя абліваюць сябе гэтай ледзяной жывучай вадой.

Гэта традыцыя захавалася да нашых дзён.

Свята Макаўе3.png
разделение.png

Памяць : гісторыка–дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – 510 с. : іл.

Традыцыйная мастацкая культура беларусаў.  Магілёўскае Падняпроўе : у 6 т. / Т. Б.Варфаламеева, В. І. Басько, М. А., Козенка і інш . – Мінск : Беларуская навука, 2001. – Т. 1. – С. 183.

bottom of page