Бабчына – вёска ў Чарнаруцкім с/с (з 2013 г. у складзе Старашклоўскага с/с ), за 24 км на захад ад Шклова, 64 км ад Магілёва. Рэльеф раўнінна-узгорысты. На поўнач меліярацыйны канал, злучаны з ракой Чарнаводка (прыток р. Вабіч). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Шклоў–Чарнаручча. 7 гаспадарак, 29 жыхароў (2007).
Вядома з 18 ст. У 1743 годзе агадваецца як сяло Бабчын у Аршанскім павеце. Пасля першага раздзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1785 годзе ў складзе маёнтка Шупені Магілёўскага павета Магілёўскага намесніцтва, шляхецкая ўласнасць. У 1847 годзе цэнтр аднайменнага маёнтка, у Магілёўскім павеце, уласнасць памешчыка. Паводле перапісу 1897 года фальварак (51 жыхар) у Чарнаруцкай воласці Магілёўскага павета. На пачатку 20 ст. 23 жыхары, памешчыку належалі 1147 дзесяцін зямлі, млын і вінакурны завод. Пад уплывам прапаганды салдат-франтавікоў сяляне ў кастрычніку 1917 года разграмілі маёнтак. З 1919 года ў Чарнаруцкай воласці Магілёўскага павета Гомельскай губерніі РСФСР, з 1924 года у Чарнаруцкім с/с Шклоўскага раёна. У 1925 годзе дзейнічалі садова-агародная гаспадарка ў былым маёнтку і меліярацыйнае таварыства. У 1934 годзе вяскоўцы арганізавалі калгас «Чырвоны ударнік» (у 1941 годзе сюды уваходзілі 32 гаспадаркі).
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1991 годзе 15 гаспадарак, 26 жыхароў, у складзе калгаса імя Свярдлова. У 1997 годзе 9 гаспадарак, 16 жыхароў. У 2007 годзе ў складзе ЗАТ «Палыкавіцкае». Планіровачна вёска складаецца з плаўна выгнутай вуліцы. Забудова двухбаковая, няшчыльная, сядзібнага тыпу. Жылыя дамы драўляныя.
Бабчына : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 427.
З гісторыі вёсак // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – С. 490.