top of page
Вескі Чарнаруцкага сельсавета.png

Тударава – вёска ў Чарнаруцкім с/с (з 2013 г. у складзе Старашклоўскага с/с ), за 23 км на паўднёвы захад ад Шклова, 55 км ад Магілёва, 15 км ад чыгуначнай станцыі Лотва на лініі Магілёў–Орша. Рэльеф раўнінна-ўзгорысты. На поўдзень праходзяць меліярацыйныя каналы, злучаныя з р. Вабіч (прыток р. Друць). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Шклоў–Чарнаручча. 74 гаспадаркі, 160 жыхароў (2007). 


Вядома паводле пісьмовых крыніц з 17 ст. як вёска ў Чарнаруцкім войтаўстве Шклоўскага графства ВКЛ, шляхецкая ўласнасць. У 1695 г. 26 двароў, у 1771 г. 40 двароў, 336 жыхароў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) ў складзе Расійскай імперыі, у Магілёўскім павеце Магілёўскай губерніі. У 1783 г. ў складзе маёнтка Шклоў, 43 двары, 341 жыхар, уласнасць С. Зорыча і С. Герасімава. У 1858 г. 155 рэвізскіх душ. У 1890 г. адкрыта школа, для якой у 1919 г. пабудавана памяшканне. У 1897 г. 86 двароў, 572 жыхары, меліся хлебазапасны магазін і заезны дом. У 1909 г. ў Чарнаруцкай воласці Магілёўскага павета, 81 двор, 571 жыхар. З 1919 г. ў Чарнаруцкай, а з 1923 г. ў Шклоўскай воласці Магілёўскага павета Гомельскай губерніі РСФСР, з 1924 г. ў складзе БССР, са жніўня 1924 г. ў Чарнаруцкім с/с Шклоўскага раёна Магілёўскай акругі. У 1923 г. створана меліярацыйнае таварыства «Культура». На базе дарэвалюцыйнай пачала дзейнічаць працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1925 г. было 63 вучні. Наведвалі школу дзеці з вёсак Тударава і Карбатоўка. У канцы 1920 – пачатку 1930 г. дзейнічалі гурткі па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. У 1930 г. арганізаваны калгас «Калектыўная праца». З 1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1941 г. калгас аб’ядноўваў 124 гаспадаркі. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да чэрвеня 1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У в. Тударава і суседніх вёсках дзейнічала камсамольская падпольная група, якая ўзнікла ў жніўні 1941 г. У верасні 1941 г. група ўвайшла ў падпольную арганізацыю «Патрыёт Радзімы». Падпольшчыкі збіралі зброю і боепрыпасы, вялі растлумачальную работу сярод насельніцтва. У студзені 1942 г. большасць членаў групы пайшла ў партызанскі атрад № 40 (камандзір П. Красякоў) і № 3 (камандзір І. Каныхін). Вызвалена вёска савецкімі воінамі 70-й стралковай дывізіі 33-й арміі 2-га Беларускага фронту. Каля будынка праўлення калгаса, у цэнтры вёскі, у 1968 г. пастаўлены абеліск у памяць аб 138 земляках, якія загінулі на фронце і ў партызанскай барацьбе. У 1974 г. вёска – цэнтр калгаса «Радзіма», працавалі лесапільня, механічная майстэрня, пачатковая школа, клуб, бібліятэка, магазін.


У 1990 г. 115 гаспадарак, 277 жыхароў. Калгас спецыялізаваўся на мясамалочнай жывёлагадоўлі і вырошчванні тэхнічных культур, меў 2725 га сельскагаспадарчых угоддзяў. У вёсцы размяшчалася вытворчая брыгада, машынны двор, піларама, майстэрня па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, фермы буйной рагатай жывёлы і свінагадоўчая, зернедрабілка, працавалі пачатковая школа, клуб, філіял Шклоўскай раённай бібліятэкі, магазін, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання, стацыянарная кінаустаноўка. У 1997 г. 112 гаспадарак, 280 жыхароў. У 2007 г. вёска ў складзе ЗАТ «Палыкавіцкае». Працавала сельская бібліятэка. Планіровачна складаецца з прамалінейных, паралельных паміж сабой вуліц амаль мерыдыяльнай арыентацыі, злучаных у цэнтры чацвёртай. Забудавана двухбакова, шчыльна, традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу, маюцца сучасныя мураваныя дамы тыпу катэджаў. Сярод жылой забудовы размешчаны грамадскія будынкі. На поўнач гаспадарчы сектар. 

 


Тударава : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 525.
З гісторыі вёсак // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – С. 500.

bottom of page