Чарнаручча – вёска, цэнтр Чарнаруцкага с/с (з 2013 г. у складзе Старашклоўскага с/с ), за 21 км на захад ад Шклова, 53 км ад Магілёва, 23 км ад чыгуначнай станцыі Шклоў на лініі Магілёў–Орша. Рэльеф раўнінна-ўзгорысты. Вёску перасякае Чорны ручай (прыток р. Чарнаводка). У цэнтры штучная сажалка. Транспартныя сувязі па шашы Шклоў–Чарнаручча, якая праходзіць праз вёску. 117 гаспадарак, 270 жыхароў (2007).
За 0,3 км на поўнач ад вёскі, на марэнным узвышшы, захавалася старажытнае гарадзішча. За 0,3 км на ўсход ад будынка выканкама сельсавета захаваўся старажытны курганны могільнік. Гэтыя помнікі археалогіі сведчаць аб засяленні тутэйшых месц у далёкай старажытнасці. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 17 ст., калі тут былі 2 пасяленні: Чарнаручча Старое і Чарнаручча Новае, цэнтр войтаўства Шклоўскага графства Аршанскага павета Віцебскага ваяводства ВКЛ, шляхецкая ўласнасць. У 1695 г. ў Чарнаруччы Старым было 13 двароў, у Чарнаруччы Новым – 2 двары. У 1737 г. дзейнічала драўляная царква. У 1771 г. Чарнаручча Старое налічвала 23 двары, 144 жыхары, Чарнаручча Новае – 8 двароў, 44 жыхары. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі, у Магілёўскім павеце Магілёўскай губерніі, меўся драўляны млын, належала С. Зорычу і С. Герасімаву. З 1796 г. ў Беларускай губерніі Магілёўскага намесніцтва, з 1801 г. ў Магілёўскай губерніі Беларускага генерал-губернатарства, з 1861 г. цэнтр воласці Магілёўскага павета Магілёўскай губерніі. У 1798 г. пабудавана новая драўляная царква. Сяляне па рэформе 1861 г. ўносілі вялікія выкупныя плацяжы. Многія арандавалі зямлю ў памешчыка. У 1864 г. адкрыта школа (народнае вучылішча), у якой у 1889 г. займаліся 32 хлопчыкі, у 1907 г. – 64 хлопчыкі і 10 дзяўчынак, утрымлівалася на сродкі вяскоўцаў. У 1897 г. збудавана школьнае памяшканне. У 1872 г. значная частка вясковых зямель, вадзяны млын, карчма, вялікі сад належалі адстаўному генерал-лейтэнанту А. Ігнаціусу. З 1880 г. працавала бальніца. У 1886 г. дзейнічалі дзве царкоўна-прыхадскія школы. У 1892 г. збудавана вінакурня, дзе ў 1895 г. была пастаўлена паравая машына. У 1897 г. с. Чарнаручча (яно ж Навасёлкі), 40 двароў, 254 жыхары. Меліся лячэбніца, магазін, заезны дом, 2 царквы. Непадалёку быў фальварак. У 1909 г. ў вёсцы 37 двароў, 246 жыхароў, у маёнтку – 27 жыхароў. Пад уплывам прапаганды салдат-франтавікоў у кастрычніку 1917 г. вяскоўцы разграмілі маёнтак, падзялілі паміж сабой памешчыцкую зямлю. У 1918 г. аднавіў сваю дзейнасць спажывецкі кааператыў, заснаваны ў 1915 г., у які ў 1924 г. ўваходзіла 1/3 жыхароў вёскі. З 1919 г. ў Магілёўскім павеце Гомельскай губерніі РСФСР. У 1923 г. створана меліярацыйнае таварыства «Прагрэс». У студзені 1924 г. арганізаваны партыйная і камсамольская ячэйкі. З сакавіка 1924 г. ў складзе БССР, а са жніўня 1924 г. цэнтр сельсавета Шклоўскага раёна Магілёўскай акругі. На базе дарэвалюцыйнай была створана працоўная школа 1-й ступені, якую наведвалі дзеці з вёсак Чарнаручча, Клімавічы, Чырвоная Горка, пасёлак Чысцік і бліжэйшых хутароў. Дзейнічалі клуб, хата-чытальня. У 1924 г. створана садова-агародніцкае таварыства «Адраджэнне». У гэтым жа годзе пачало дзейнічаць меліярацыйнае таварыства. У 1925 г. 54 двары, 274 жыхары. З 1928 г. дзейнічала масларобнае прадпрыемства. У 1930 г. арганізаваны калгас «Чырвоны Кастрычнік». З 1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1939 г. ў вёсцы 308 жыхароў. У 1941 г. калгас аб’ядноўваў 63 гаспадаркі. У Вялікую Айчынную вайну ў ліпені 1941 г. вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гітлераўцы спалілі 14 двароў. Вызвалена вёска ў чэрвені 1944 г. воінамі 70-й стралковай дывізіі 2-га Беларускага фронту.
У 1974 г. працавалі лесапілка, 8-гадовая школа, клуб, бібліятэка, бальніца, ветэрынарны ўчастак, аддзяленне сувязі, 2 магазіны. У 1990 г. 102 гаспадаркі, 224 жыхары, у складзе калгаса імя Свярдлова. Размяшчаліся вытворчая брыгада, піларама, ферма буйной рагатай жывёлы, ветэрынарны ўчастак, бібліятэка, бальніца, клуб, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя, магазін, стацыянарная кінаўстаноўка, сярэдняя школа са спартыўным комплексам. У 2007 г. ў складзе ЗАТ «Палыкавіцкае», ВПК «Дзіцячы сад – сярэдняя агульнаадукацыйная школа», бальніца сястрынскага догляду, амбулаторыя, аптэка, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі. Праект планіроўкі і забудовы распрацаваны ў 1981 г. інстытутам «Магілёўграмадзянпраект». Планіровачна складаецца з 2 амаль паралельных паміж сабой вуліц, арыентаваных з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, злучаных пад прамым вуглом працяглай, плаўна выгнутай вуліцай. Забудавана двухбакова, шчыльна, традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. На ўсходзе новая вуліца забудавана мураванымі дамамі тыпу катэджаў.
Чарнаручча : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 533.
З гісторыі вёсак // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – С. 501.