Вабічы – вёска ў Чарнаруцкім сельскім Савеце (з 2013 г. у складзе Старашклоўскага с/с ), за 27 км на паўднёвы захад ад Шклова, 42 км ад Магілёва, 29 км ад чыгуначнай станцыі Шклоў на лініі Орша-Магілёў.
Рэльеф раўнінна-узгорысты. На захад цячэ рака Вабіч (прыток Друці). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Магілёў–Круглае. 7 гаспадарак, 7 жыхароў (2007).
Вядома з 17 ст. як вёска ў Чарнаруцкім войтаўстве Шклоўскага графства, шляхецкая ўласнасць. У 1695 годзе 12 двароў. У 1771 годзе 72 жыхары. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1777 годзе вёска ў Магілёўскай акрузе. У 1785 г. ў складзе маёнтка Шклоў Магілёўскага павета, 15 двароў, 128 жыхароў, уласнасць памешчыка. У 1858 годзе 57 рэвізскіх душ. У 1880-я гг. 26 двароў, 183 жыхары, частка з якіх займалася пяньковым промыслам. Паводле перапісу 1897 г. ў Чарнаруцкай воласці Магілёўскага павета, 34 двары, 214 жыхароў, школа граматы, хлебазапасны магазін.
На пачатку 20 стагоддзя 31 двор, 208 жыхароў. З 1924 г. ў Шклоўскім раёне Магілёўскай акругі, створана меліярацыйнае таварыства. У 1930-х гг. вяскоўцы ўступілі ў калгас. З 1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да пачатку ліпеня 1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1991 г. 27 гаспадарак, 48 жыхароў, у складзе калгаса «Радзіма». У 1997 г. 24 гаспадаркі, 34 жыхары. Працавалі клуб, грамадская лазня.
У 2007 г. ў складзе ЗАТ «Палыкавіцкае». Планіровачна складаецца з прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўднёвы захад. Забудова двухбаковая, шчыльная, сядзібнага тыпу. Жылыя дамы драўляныя.
Вабічы : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 433.
З гісторыі вёсак // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – С. 490.