Карбатоўка – вёска ў Чарнаруцкім с/с (з 2013 г. у складзе Старашклоўскага с/с ), за 26 км на паўднёвы захад ад Шклова, 46 км ад Магілёва, 27 км ад чыгуначнай станцыі Шклоў на лініі Орша-Магілёў. Рэльеф раўнінны. На поўнач і ўсход меліярацыйныя каналы, злучаныя з ракой Вабіч (Прыток Друці). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Шклоў-Чарнаручча. 12 гаспадарак, 19 жыхароў (2007).
Паводле перапісу 1897 г. вёска ў Чарнаруцкай воласці Магілёўскага павета. 5 двароў, 29 жыхароў. На пачатку 20 ст. 6 двароў, 39 жыхароў. З 1919 г. ў Чарнаруцкай воласці Магілёўскага павета Гомельскай губерніі РСФСР. З 1923 года ў Шклоўскай воласці таго ж павета. З 1924 года ў складзе БССР. , з 1924 года – у у Чарнаруцкім с/с Шклоўскага раёна Магілёўскай акругі. У 1930 годзе вяскоўцы арганізавалі калгас «Трактар», які ў 1941 годзе аб’ядноўваў 58 гаспадарак. З 1938 года ў Магілёўскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія спалілі 6 двароў. У 1991 годзе 28 гаспадарак, 61 жыхар, у складзе калгаса «Радзіма». У 2007 годзе вёска ў складзе ЗАТ «Палыкавіцкае». Планіроўка Т-падобная. Да прамалінейнай вуліцы амаль мерыдыяльнай арыентацыі, далучаецца на поўнач плаўна выгнутая вуліца. Забудова двухбаковая, сядзібнага тыпу. Жылыя дамы драўляныя.
Карбатоўка : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 465.
З гісторыі вёсак // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – С. 494.