Клімавічы – вёска ў Чарнаруцкім с/с (з 2013 г. у складзе Старашклоўскага с/с ), за 29 км на паўднёвы захад ад Шклова, 52 км ад Магілёва, 24 км ад чыгуначнай станцыі Шклоў па лініі Орша-Магілёў. Рэльеф раўнінны. На поўнач цячэ Чорны ручай (прыток р. Чарнаводка). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Шклоў-Чарнаручча. 62 гаспадаркі, 117 жыхароў (2007).
Вёска вядома з 17 стагоддзя, калі ўваходзіла ў Чарнаруцкае войтаўства Шклоўскага графства, шляхецкая ўласнасць. У 1695 годзе 17 двароў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1783 годзе ў Магілёўскім павеце Магілёўскай губерніі. 34 двары, 261 жыхар, уласнасць С.Зорыча і С. Герасімава. У ліпені 1896 года вёска згарэла (29 двароў). Паводле перапісу 1897 г. 64 двары, 376 жыхароў, хлебазапасны магазін. З 1919 г. ў Чарнаруцкай воласці Магілёўскага павета Гомельскай губерніі, РСФСР.
З сакавіка 1924 г. ў складзе БССР, а са жніўня 1924 г. ў Чарнаруцкім с/с Шклоўскага раёна Магілёўскай акругі. Дзейнічала меліярацыйнае таварыства, у 1930 г. арганізаваны калгас «Вольная праца», у якім у 1941 годзе было 108 гаспадарак. З 1938 г. вёска ў Магілёўскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да пачатку ліпеня 1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія абрабавалі вёску. У цэнтры вёскі, каля будынка клуба, у памяць аб 193 земляках, што загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе, у 1967 г. пастаўлены абеліск. У 1991 годзе 93 гаспадаркі, 207 жыхароў, цэнтр калгаса імя Свярдлова, які спецыялізаваўся на мясамалочнай жывёлагадоўлі і льнаводстве. У вёсцы дзейнічалі дзіцячы сад, філіял Шклоўскай раённай бібліятэкі, Палац культуры, стацыянарная кінаустаноўка, гасцініца-інтэрнат, сталовая, магазін, аптэка, грамадская лазня, комплексна-прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, аддзяленне сувязі, тэлефонная станцыя. У 1997 г. у вёсцы 84 гаспадаркі, 250 жыхароў, працавалі сельскі клуб, КПП бытавога абслугоўвання насельніцтва. У 2007 г. ў складзе ЗАТ «Палыкавіцкае». Планіровачна складаецца з 3 прамалінейных, паралельных паміж сабой вуліц амаль мерыдыянальнай арыентацыі, якія на поўнач злучаны кароткай прамалінейнай вуліцай. Забудова двухбаковая, шчыльная, сядзібнага тыпу. Жылыя дамы драўляныя. На ўсход гаспадарчы сектар.
Клімавічы : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 466.
З гісторыі вёсак // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – С. 494.