Палыкавічы – вёска ў Чарнаруцкім с/с (з 2013 г. у складзе Старашклоўскага с/с ), за 22 км на захад ад Шклова, 62 км ад Магілёва, 21 км ад чыгуначнай станцыі Шклоў на лініі Магілёў-Орша. Рэльеф раўнінна-ўзгорысты. На захад – возера Безыменнае. На паўночным усходзе ад вёскі знаходзіцца найвышэйшы пункт раёна – 222,7 м. Транспартныя сувязі па шашаы Магілёў–Круглае, якая праходзіць непадалёку ад вёскі. 16 гаспадарак, 19 жыхароў (2007).
Вядома паводле пісьмовых крыніц з 18 ст. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі, вёска Палукавічы ў Копыскім павеце Магілёўскай губерніі. У 1783 г. 31 двор, 134 жыхары, уласнасць памешчыка. У 1897 г. ў Чарнаруцкай воласці Магілёўскага павета. 35 двароў, 253 жыхары. Меўся хлебазапасны магазін. У 1909 г. 38 двароў, 267 жыхароў. З 1919 г. ў Чарнаруцкай воласці, а з 1923 г. ў Шклоўскай воласці Магілёўскага павета Гомельскай губерніі РСФСР. З 1924 г. у складзе БССР, са жніўня 1924 г. ў Чарнаруцкім с/с Шклоўскага раёна Магілёўскай акругі. Школу, якая дзейнічала ў вёсцы, наведвалі дзеці з в. Палыкавічы, пасёлкаў Кусток, Баброў і бліжэйшых хутароў. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоная зорка». З 1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1941 г. калгас аб’ядноўваў 38 гаспадарак. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да чэрвеня 1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гітлераўцы спалілі 5 двароў, ад калгаснага статка засталося толькі 6 коней і 6 кароў. У брацкай магіле, што ў цэнтры вёскі, пахаваны 109 савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях за вызваленне вёскі. У ліку пахаваных Герой Савецкага Саюза П. М. Зюлькоў, які вызначыўся 27.06.1944 г. ў баі за в. Трылесіна.
У 1990 г. ў вёсцы 38 гаспадарак, 88 жыхароў, у складзе калгаса імя Свярдлова (цэнтр –в. Клімавічы). Размяшчаліся вытворчая брыгада, свінагадоўчая ферма, працаваў магазін. У 1997 г. 27 гаспадарак, 47 жыхароў. У 2007 г. вёска ў складзе ЗАТ «Палыкавіцкае». Планіровачна складаецца з крывалінейнай вуліцы з завулкамі, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўднёвы ўсход і забудаванай двухбакова, шчыльна, традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Палыкавічы : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 494.
З гісторыі вёсак // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – С. 497.