top of page
Вескі Чарнаруцкага сельсавета.png

Рагозна – вёска ў Чарнаруцкім с/с (з 2013 г. у складзе Старашклоўскага с/с ) , за 22 км на захад ад Шклова, 27 км ад Магілёва, 24 км ад чыгуначнай станцыі Шклоў на лініі Орша–Магілёў. Рэльеф раўнінна-ўзгорысты. На захад цячэ р. Чарнаводка. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Шклоў-Чарнаручча. 16 гаспадарак, 31 жыхар (2007). 


Вядома паводле пісьмовых крыніц з 18 ст. У 1750 г. вёска (82 двары, 240 жыхароў) у складзе маёнтка Горкі Аршанскага павета Віцебскага ваяводства ВКЛ, прыватнафеадальнае ўладанне. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1777 г. вёска Рагозін у Магілёўскай акрузе Магілёўскай губерніі. У 1783 г. ў Магілёўскім павеце 20 двароў, 148 жыхароў. У 1858 г. 51 рэвізская душа, уласнасць памешчыка. У 1880 г. 26 двароў, 181 жыхар. Частка вяскоўцаў займалася вырабам ільняной і пяньковай кудзелі і тканіны, а таксама вырабам посуду і іншых бытавых рэчаў з дрэва, бандарным і кавальскім промысламі. У 1897 г. ў Чарнаруцкай воласці Магілёўскага павета, 31 двор, 209 жыхароў, меўся хлебазапасны магазін. Непадалёку была карчма (1 двор, 12 жыхароў). У 1909 г. 29 двароў, 194 жыхары. З лютага да кастрычніка 1918 г. акупіравана германскімі войскамі. З 1919 г. ў Чарнаруцкай воласці Магілёўскага павета Гомельскай губерніі РСФСР, з 1923 г. ў Шклоўскай воласці, з сакавіка 1923 г. у складзе БССР, са жніўня 1924 г. ў Чарнаруцкім с/с Шклоўскага раёна Магілёўскай акругі. У 1934 г. арганізаваны калгас імя Леніна. З 1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1941 г. ў калгасе было 57 гаспадарак.

 

У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да чэрвеня 1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гітлераўцы ў лютым 1944 г. спалілі 50 двароў, загубілі 4 жыхароў, разрабавалі калгасную маёмасць. Пасля вайны адбудавана. У 1990 г. 31 гаспадарка, 79 жыхароў, у складзе калгаса імя Свярдлова. Размяшчаліся вытворчая брыгада, ферма буйной рагатай жывёлы, працаваў магазін. У 1997 г. 29 гаспадарак, 56 жыхароў. У 2008 г. вёска ў складзе ЗАТ  «Палыкавіцкае». Планіровачна складаецца з прамалінейнай выліцы мерыдыяльнай арыентацыі, забудаванай двухбакова, шчыльна, традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.   

 


Рагозна : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 500.
З гісторыі вёсак // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – С. 498.

bottom of page