top of page
Вескі Чарнаруцкага сельсавета.png

Рамшына – вёска ў Чарнаруцкім с/с (з 2013 г. у складзе Старашклоўскага с/с ) , за 25 км на захад ад Шклова, 62 км ад Магілёва, 27 км ад чыгуначнай станцыі Шклоў на лініі Магілёў–Орша. Рэльеф раўнінна-ўзгорысты. Праз вёску цячэ р. Альхоўка (прыток р. Чарнаводка). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Чарнаручча–Шклоў. 30 гаспадарак, 46 жыхароў (2007).

 

Упершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1743 г. як сяло ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства ВКЛ. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1777 г. тут быў гаспадарскі дом. У «Эканамічных заўвагах да генеральнага межавання Магілёўскай губерні»,  якое праводзілася ў 1783-1784 гг., адзначаецца, што сяльцо ўваходзіла ў склад маёнтка Шупень, налічвала 8 двароў, 56 жыхароў, з’яўлялася ўладаннем памешчыка, меліся 2 млыны. У 1858 г. сяло ў Магілёўскім павеце Магілёўскай губерніі, 38 рэвізскіх душ, уласнасць памешчыка, які меў у 1867 г. 442 дзесяціны зямлі і карчму. У 1897 г. сяло Рамшын (яно ж Забалоцце) у Чарнаруцкай воласці Магілёўскага павета, 27 двароў, 181 жыхар, меліся школа граматы, хлебазапасны магазін. Непадалёку быў фальварак, 20 жыхароў. У 1909 г. ў сяле 23 двары, 188 жыхароў, у фальварку 1 двор, 7 жыхароў.

 

У 1909 г. школа граматы ператворана ў земскую, для якой у тым жа годзе пабудавана памяшканне. З 1919 г. ў Чарнаруцкай, а з 1923 г. ў Шклоўскай валасцях Магілёўскага павета Гомельскай губерніі РСФСР, з сакавіка 1924 г. ў складзе БССР, са жніўня 1924 г. ў Чарнаруцкім с/с Шклоўскага раёна Магілёўскай акругі. На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1925 г. было 55 вучняў з вёсак Рамшына, Рагозна, пасёлак Рубеж і бліжэйшых хутароў. У 1930 г. арганізаваны калгас «Новы лад». З 1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1941 г. ў калгасе было 66 гаспадарак. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да чэрвеня 1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гітлераўцы спалілі 40 двароў, разрабавалі калгасную маёмасць. Пасля вайны адбудавана. У 1990 г. 58 гаспадарак, 112 жыхароў у складзе калгаса імя Свярдлова. Размяшчаліся вытворчая брыгада, ферма буйной рагатай жывёлы, пачатковая школа, магазін. У 1997 г. 47 гаспадарак, 93 жыхары.

 

У 2007 г. вёска ў складзе ЗАТ «Палыкавіцкае». Планіровачна складаецца з 2 прамалінейных, паралельных паміж сабой вуліц мерыдыяльнай арыентацыі, забудаваных двухбакова, шчыльна, індывідуальнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. На ўсход гаспадарчы сектар.

 


Рамшына : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 501.
З гісторыі вёсак // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – С. 498.

bottom of page