top of page
Вескі Чарнаруцкага сельсавета.png

Ступляны – вёска ў Чарнаруцкім с/с (з 2013 г. у складзе Старашклоўскага с/с ), за 28 км на паўднёвы захад ад Шклова, 42 км ад Магілёва, 30 км ад чыгуначнай станцыі Шклоў на лініі Магілёў–Орша. Рэльеф раўнінна-ўзгорысты. На паўднёвы захад цячэ р. Вабіч (прыток р. Друць). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Шклоў–Чарнаручча. 30 гаспадарак, 42 жыхары (2007). Вядома паводле пісьмовых крыніц з 17 ст.

 

У 1695 г. ў Чарнаруцкім войтаўстве Шклоўскага графства ВКЛ, 12 двароў, шляхецкая ўласнасць. У 1771 г. 13 двароў, 82 жыхары. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1777 г. в. Стаўпляны ў Магілёўскай акрузе Магілёўскай губерніі. У 1783 г. 14 двароў, 133 жыхары, уласнасць С. Зорыча і С. Герасімава. У 1880 г. 36 двароў, 232 жыхары. Сяляне плацілі вялікія выкупныя плацяжы на зямлю, выраблялі для сябе і на продаж ільняныя і скураныя вырабы і розныя бытавыя рэчы з лыка і кары. Дзейнічала царкоўна-прыхадская школа. У 1897 г. 40 двароў, 256 жыхароў, у Чарнаруцкай воласці Магілёўскага павета Магілёўскай губерніі. Меліся хлебазапасны магазін, вінная крама. У 1909 г. 44 двары, 297 жыхароў. На базе дарэвалюцыйнай адкрыта працоўная школа 1-й ступені, якую наведвалі дзеці з вёсак Ступляны, Бабічы, пасёлкаў Ступляны, Сасноўка і бліжэйшых хутароў. З 1919 г. ў Чарнаруцкай, з 1923 г. ў Шклоўскай валасцях Магілёўскага павета Гомельскай губерніі РСФСР. У 1923 г. створана меліярацыйнае таварыства. З сакавіка 1924 г. ў складзе БССР, са жніўня 1924 г. ў Чарнаруцкім с/с Шклоўскага раёна Магілёўскай акругі. У 1928 г. для школы пабудавана памяшканне. У 1931 г. вяскоўцы арганізавалі калгас «Ленінскі шлях». З 1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1941 г. калгас аб’ядноўваў 72 гаспадаркі. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да чэрвеня 1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Дзейнічала партыйна-камсамольская падпольная група на чале з савецкім афіцэрам І. В. Каныхіным. Падпольшчыкі збіралі зброю і боепрыпасы, вялі сярод насельніцтва растлумачальную работу. У студзені 1942 г. большасць членаў гэтай групы пайшла ў партызанскі атрад № 3, які ўзначаліў І. В. Каныхін. 

 


У 1990 г. 60 гаспадарак, 133 жыхары, у складзе калгаса «Радзіма». Размяшчаліся вытворчая брыгада, фермы буйной рагатай жывёлы і свінагадоўчая, дзейнічалі пачатковая школа, магазін, клуб. У 1997 г.              54 гаспадаркі, 96 жыхароў. У 2007 г. вёска ў складзе ЗАТ «Палыкавіцкае». Планіровачна складаецца з крывалінейных, амаль паралельных паміж сабой вуліц блізкай да мерыдыяльнай арыентацыі. Забудавана двухбакова, шчыльна, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.  

 


Ступляны : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 521.
З гісторыі вёсак // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – С. 500.

bottom of page