top of page
зямля нашых продкаў.png
Зямля нашых продкаў старонкі мінулага.jpg

Землі  Чарнаруцкага сельсавета, як і ўсяго Шклоўскага раёна размешчаны ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны.

   

Першыя пасяленні на ёй старажытных людзей узніклі ў канцы старажытна-каменнага веку - палеаліту (10-12 тыс. гадоў таму). Людзі сяліліся ва ўрочышчах між лясоў і на берагах рэк, ручаёў. Гэта пацвярджаюць і помнікі археалогіі на тэрыторыі сельсавета.

Вёска Чарнаручча вядома, паводле пісьмовых крыніц, з ХVІІ стагоддзя, калі тут былі два пасяленні: Чарнаручча Старое і Чарнаручча Новае. У 1695 годзе ў Чарнаруччы Старым было 13 двароў, у Чарнаруччы Новым – 2 двары.

        

У 1897 годзе ў Чарнаруччы было 40 двароў, 254 жыхары.  Дзейнічала дзве царквы.

        

У 1912 годзе ў Чарнаруччы функцыянаваў царкоўны прыход.

 

У кнізе «Вопыт апісання Магілёўская губерніі» пад рэдакцыяй Аляксандра Дэмбавецкага ў спісе землеўладальнікаў Чарнаручча значыцца адстаўны генерал Ігнаціус, які меў 2020 дзясяцін зямлі згодна купчай крэпасці 1872 года. Ігнаціусу належалі вадзяны млын, карчма, вялікі сад, дзейнічала вінакурня, на якой была пастаўлена паравая машына.

        

У 1737 годзе дзейнічала драўляная царква.

У 1798 годзе пабудавана новая драўляная царква.

        

У 1886 годзе дзейнічалі 2 царкоўна-прыходскія школы.  З 1864 года адкрыта школа «Народнае вучылішча», якая утрымлівалася на сродкі вяскоўцаў. Была адкрыта каля 1880 года лячэбніца, працаваў магазін, быў пастаялы двор. Пабудова вінакурнага завода ў вёсцы Бабчына захавалася да сённяшняга дня.

 

Нашчадкаў былых уласнікаў вёскі Чарнаручча – Ігнаціусаў – прадстаўляе ва ўспамінах Маскаленка Алена з Кіева.

У ходзе пошукаў радавых каранёў у Чарнаруччы, аб цяперашнім існаванні якога даведалася Алена, яна знайшла некаторыя цікавыя звесткі.Маскаленка паведаміла: «Маёнтак Чарнаручча належыў Аляксандру і Ганне Ігнаціусам. Затым ім, магчыма, валодаў Міхаіл Ігнаціус. Мой прадзядуля быў родным братам Аляксандра, а для Марыны Глебаўны Ігнаціус (яе сваячніца з Феадосіі) гэта прамая лінія. Яе бацька Леў Ігнаціус вырас у Чарнаруччы. Разам са сваімі братамі і сёстрамі гуляў з царскімі дзецьмі…»

У гэтым лісце сцвярджалася, што продкі гулямі з царскімі дзецьмі, «якія прыязджалі ў свой маёнтак па суседству».

Кіламетры за чатыры ад Чарнаручча знаходзіўся маёнтак Раманоўскае. Можа, ім і сапраўды валодалі сваякі царскай сям’і…

У населеным пункце ёсць помнікі археалогіі – гарадзішча ранняга жалезнага века, курганны могільнік эпохі Старажытнай Русі. Праз Чарнаручча працякае  Чорны ручай – левы прыток ракі Чарнаводка – даўжынёй каля 7 км. На поўначы размешчана Чарнаруцкае возера.


Цікавыя звесткі дайшлі да нас з часоў паўстання 1863-­1864 гадоў. У ваколіцах Чарнаручча ў гэтыя часы дзейнічаў паўстанцкі атрад пад кіраўніцтвам падпаручыка коннай артылерыі Антона Алеандскага.

Антон Варфаламеевіч Алендскі  [каля 1843, Люблінская губ. –30.3(11.4). 1864]. Сын вайскоўца. Бліскуча скончыў 1-ы Маскоўскі кадэцкі корпус (1862), вучыўся ў Міхайлаўскай артылерыйскай акадэміі (Пецярбург). Належыў да афіцэрскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Зблізіўся з членамі арганізацыі «Зямля і воля». У лютым 1863 года ўпотай выехаў з Пецярбурга ў Магілёўскі павет, дзе пад імем Антоній узначаліў Чарнаруцкі паўстанцкі атрад.

Атрад канчаткова быў сфарміраваны 22 красавіка 1863 года ва ўрочышчы Макараў лес каля вёскі Чарнаручча. Вось як апісваюцца ў дакументах падзеі таго дня: «Паны з розных бакоў, па адной і па дзве падводы, накіроўваліся ў лес да месца, называемага Макаравым кругам. Не даязджаючы да яго, для бяспекі, адпраўлялі людзей назад, а далей ішлі пешшу. На Макаравым кругу палкоўнік Антоній у залатым шытым кундушы вечарам прыняў каманду, праверыў прысутных, і на ноч уся кампанія чалавек да ста адправілася ў фальварак Чарнаручча да памешчыка Макавецкага, дзе была гато­вая вячэра і гаспадар сустрэў іх на ганку з хлебам і соллю».

Атрад пад кіраўніцтвам Антонія пачаў весці агітацыю сярод сялян за падтрымку паўстаўшых.  Яго кіраўнік валодаў красамоўствам і ўмеў схіляць да сябе насельніцтва. У кожнай вёсцы Алендскі збіраў сходкі і агітаваў  сялян за паўстанне.  Так,  23 красавіка на золку ён адправіўся са сваім атрадам у суседнюю ад Чарнаруцкага фальварка вёску Наваселле і загадаў сялянам сабрацца.

Было свята – Юр’еў дзень. Алендскі сказаў: «От нынешнего дня вы не обязаны служить пригонь, уничтожайте также акциз на водку и соль. На выкуп  не давайте ни гроша. Эта земля вся ваша и детей ваших. Рекрут у вас насильно брать не будут, разве только по собственной охоте. Рекруту будет пенсии  в сутки 25 грошей, 4 фунта белого хлеба и 1,5 фунта мяса».

    

У вёсцы Палыкавічы Антоній сабраў сялян каля карчмы, выступіў з прамовай, якая нагадвала прамову ў Наваселлі, але  дапоўніў яе словамі: «Вас уже семь лет обманывают вольностью, французы уже в Минске, коль скоро мы прогоним москалей, будет другая воля, в рекруты брать не будут, а служить будут в своём уезде. Подати платить по 3 злотых; барщину только до Юрьева дня».  

    

Раніцай 23 красавіка да станавога прыстава ў Шклоў завітаў  селянін з ваколіц Чарнаручча з паведамленнем, што ён сустрэў у лесе натоўп ўзброеных людзей. Яны прасілі паказаць дарогу на Макараў круг, дабавілі, што яны палякі і французы, забралі Пецярбург і Варшаву і ідуць на Магілёў.

   

Станавы Вейль адправіўся ў Магілёў і паведаміў, што ў Чарнаруччы сабралася шайка і адправілася па дарозе  на Друцк.  Вечарам з  Магілёва была паслана стралковая рота з 20 казакамі. А ў Віцебск паслана тэлеграма губернатару з просьбай направіць з Сянно роту насустрач шайцы.

    

У выніку 27 красавіка атрад быў разгромлены ў Сенненскім  павеце. 21-го чалавека забілі, двух паранілі, 19 пастанцаў узялі ў палон. Пазней сяляне вылавілі яшчэ 60 пастанцаў. Выратаваліся толькі Антоній і ксёндз са Шклова Пржыалкоўскі, якія былі злоўлены ў Мінскай губерніі і растраляны.

    

Паўстанне было  падаўлена, але ўрад адмяніў з красавіка 1863 года у Беларусі і Літве часоваабавязаныя адносіны сялян да памешчыкаў, зменшыўшы на 20% выкупныя плацяжы. Была вернута частка зямлі, аднятая да рэформы, што значна аблегчыла іх становішча.

 

 

  • Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мн.: Універсітэцкае, 1998. – 510 с.: іл. – С. 62-63.

  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкалегія: М. В. Біч і інш.; прадм. М. Ткачова ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1993. – Т. 1. А- Беліца. – С. 102.

bottom of page