top of page
гісторыя станаўлення і развіцця.png

Савецкая улада ў Чарнаруцкай воласці была ўстаноўлена ў лістападзе 1917 г. Адным з фактаў устанаўлення савецкай улады на Шклоўшчыне было прызначэнне з 15 лістапада 1918 г. участковых народных суддзяў. Так, у Чарнаруцкую воласць (9-ы участак) быў прызначаны Аляксандр Цімафеевіч Галубоўскі. У 1918 г. арганізуецца Чарнаруцкі рэўком, а пасля адыходу немцаў – Чарнаруцкі валасны выканкам. Лука Фёдаравіч Маісеенка ўзначальваў зямельны аддзел, Рубцоў – фінансавы, Напсікаў – ваенны.

У 1921 г. быў пакладзены пачатак стварэнню сельскагаспадарчых камун і іншых кааператыўных аб’яднанняў. Ствараліся партыйныя ячэйкі, рэгулярна абмяркоўваліся справаздачы сакратароў ячэек.

З 1929 г. на тэрыторыі сельскага Савета пачалі арганізоўвацца калгасы. Першы калгас «Чырвоны Кастрычнік» на тэрыторыі сельсавета быў арганізаваныў канцы 1929 – пачатку 1930 г. ў в. Чарнаручча. Да вясны 1932 г. ў кожнай вёсцы арганізаваны калгасы:

в. Бабчына – «Чырвоны ударнік»

в. Вабічы – «Чырвоная ніва» 

в. Клімавічы – «Вольная праца»

в. Красная Горка – «Чырвоная горка»

в. Карбатоўка – «Трактар»

в. Ліхачы – калгас імя Войкава

в. Палыкавічы – «Чырвоная зорка»

в. Рагозна – калгас імя Леніна

в. Рамшына – «Новы лад»

в. Ступляны – «Ленінскі шлях»

в. Тударава – «Калектыўная праца»

Менавіта ў перыяд калектывізацыі быў забіты першы старшыня калгаса «Чырвоны Кастрычнік» Андрэй Пятровіч Цодаў. Лука Фёдаравіч Маісеенка ўспамінае: «Кулакі і іх падпявалы ашалела выступалі супраць калектывізацыі… Добра памятаю выпадак, калі з абрэза праз акно быў забіты старшыня калгаса «Чырвоны Кастрычнік» Андрэй Цодаў. На наступны дзень рыхтаваўся напад і на мяне. Выстрал быў зроблены таксама праз акно, але куля праляцела міма».

 У 1941 годзе ў склад калгаса ўваходзілі 63 гаспадаркі. Мелася  393 га ворнай зямлі, 160 га лугоў, 54 каня, 63 каровы, 27 свіней, 58 авечак, 18 пчаліных сямей. За гады вайны ўцалела толькі 11 коней.

Пасля ўзбуйнення калгасаў на тэрыторыі сельсавета засталося два калгасы – «Радзіма» і калгас імя Свярдлова. У састаў калгаса «Радзіма» увайшлі вёскі Тударава, Вабічы, Карбатоўка, Ступляны. Вёска Ліхачы перастала існаваць, таму што яе жыхары пачалі выязджаць у іншыя вёскі.

У 1959 годзе у састаў калгаса імя Свярдлова ўвайшлі вёскі Чарнаручча, Клімавічы, Рагозна, Рамшына, Бабчына, Палыкавічы, Рубеж, Красная Горка. У калгасе развівалася раслінаводства і жывёлагадоўля: вырошчвалі збожжа, бульбу, лён, трымалі буйны рагаты скот і свіней. На тэрыторыі сельсавета пачалася будоўля. Старшыня калгаса імя Свярдлова Аркадзь Дзьмітрыевіч Мільта ў вёсцы Клімавічы пачаў будаўніцтва канторы калгаса, магазіна, Дома культуры, аптэкі. Адначасова пачалося будаўніцтва жылля для калгаснікаў.

У 2003 годзе калгас імя Свярдлова быў рэарганізаваны, да яго далучаны саўгас «Радзіма» і ўтворана ЗАТ «Палыкавіцкае». Адміністрацыйны і гаспадарчы цэнтр ЗАТ «Палыкавіцкае» – в. Клімавічы.


Асноўным напрамкам развіцця закрытага акцыянернага таварыства з’яўляецца вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі з развітай вытворчасцю збожжа. Агульная плошча сельскагаспадарчых угоддзяў па стане на 01.01.2021 – 5380 гектараў, у тым ліку воравых – 3339 гектараў. Узровень распаханасці зямель 62,1 %. У структуры гаспадаркі: 2 малочна-таварных комплексы, 1 мехдвор, 1 зернаток і інш.

     

На тэрыторыі ЗАТ «Палыкавіцкае» каля вёскі Рагозна ўстаноўлена кампазіцыя «Слава працаўнікам сяла», галоўным экспанатам якога з’яўляецца гусенічны трактар  ДТ-74, які выпускаўся на Харкаўскім трактарным заводзе. Трактар быў так запатрабаваны ў сельскай гаспадарцы, што пасля пяці год выпуска з канвеера сышоў мільённы экзэмпляр. Нават зараз не забываюць заслуг гэтага трактара і людзей, якія на ім працавалі. Гэта помнік і ўсім працаўнікам сельскай гаспадаркі.

  

 

 

 

З матэрыялаў краязнаўчага фонду Чарнаруцкай сельскай бібліятэкі

Гісторыя станаўлення і развіцця.jpg
bottom of page