top of page
Ханчэўская Зінаіда Мікалаеўна
Зінаіда Мікалаеўна Ханчэўская – паспяховая жанчына. Сакрэт яе поспеху заключаецца ў вялікай працавітасці і рашучым характары.
Нарадзілася, вырасла і пражывае Ханчэўская ў аграгарадку Чарнаручча, таму сельская праца ёй вядома з дзяцінства. Пастаянна яна дапамагала маці на ферме даглядаць цялят. Напэўна, тады яна і прыняла рашэнне стаць ветэрынарным лекарам, каб навучыцца яшчэ і лячыць жывёл. Спачатку скончыла Клімавіцкі сельгастэхнікум на ветфельчара, потым – завочнае аддзяленне Віцебскага ветінстытута.
Працоўную дзейнасць пачынала ў Кіраўскім раёне, пасля вяртання на малую радзіму ўладкавалася ў калгас імя Свярдлова. Ёй падабалася яе работа, хоць была не з лёгкіх. У гаспадарцы было тысяча галоў кароў, дзве тысячы свіней, плюс маладняк і жывёлы на падворках вяскоўцаў. Праводзілі прафілактычныя мерапрыемствы, прышчаплялі, і, вядома ж, лячылі жывёл. Па стане здароўя Ханчэўскай прыйшлося расстацца з любімай прафесіяй.
Наступны адрэзак яе працоўнага шляху звязаны з пасадай старшыні Чарнаручскага сельскага Савета дэпутатаў. Гэта была праца з людзьмі –адказная, але вельмі цікавая. Затым Зінаідзе Мікалаеўне прапанавалі ўзначаліць калгас «Радзіма». Яна прыняла пад сваю адказнасць больш трох тысяч сельгасугоддзяў, дзве малочнатаварныя фермы, свінаферму. Лічыць, што гаспадарка там была моцная, прыбытак прыносіла пастаянна, людзі з жаданнем працавалі на сваіх працоўных месцах, мелі стабільную заработную плату.
У 1999 годзе Ханчэўская вырашыла пайсці на пенсію, але адпачынак быў нядоўгім. Не ў яе характары знаходзіцца дома, калі ў сельскай гаспадарцы неабходная была яе дапамога. Яна пагадзілася на пасаду намесніка дырэктара па жывёлагадоўлі ў калгасе імя Свярдлова, потым на загадчыка Чарнаруцкай МТФ, а ў 2009 годзе яе прызначылі начальнікам новага малочнатаварнага комплексу ў аг.Чарнаручча. Яна хутка вывучыла новае абсталяванне, падабрала штат работнікаў. У кастрычніку 2013 года Зінаіда Мікалаеўна прызначаная намеснікам дырэктара ЗАТ «Палыкавіцкае».
Акрамя дасягненняў у працы, у Зінаіды Мікалаеўны шмат яркіх і творчых старонак жыцця. Менавіта яна, прадстаўнік Шклоўскага раёна, увайшла ў лік пераможцаў VII Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2014». Зінаіда Мікалаеўна адзначана ў намінацыі «За ўклад у адраджэнне сяла» і ўзнагароджана Дыпломам пераможцы, падзякай, спецыяльнымі значкамі Беларускага саюза жанчын і памятнымі падарункамі.
Яркімі падзеямі ў жыцці гэтай цікавай жанчыны адзначаны дні нараджэння яе дзяцей. У Зінаіды Мікалаеўны іх пяць: чатыры сыны і дачка – галоўны яе здабытак у жыцці. Яны падарылі сваёй маці сем выдатных унукаў, пастаянна дапамагаюць ёй па хатняй гаспадарцы і з агародам, арганізоўваюць сумесныя святы.
Пра свае ўзнагароды Ханчэўская распавядае сціпла. Яна ўзнагароджаная медалямі «За доблесную працу», «Медаль мацярынства» 2-й ступені, «Ветэран працы», неаднаразова узнагароджвалася Ганаровымі граматамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі, райвыканкама, прафсаюзнай арганізацыі. Кожная ўзнагарода заслужаная яе працавітасцю, невычэрпнай крыніцай вернасці свайму прызванню – быць карыснай грамадству.
Рандицкая, М. Зинаида Ханчевская – женщина года-2014 / Марина Рандицкая. – Ударны фронт. – 2015 г. – 8 мая. – С. 4.
bottom of page