top of page
Шлях да святыняўPNG.png

Усе мы сёння з гонарам называемся людзьмі новага пакалення. А ці помнім мы тых, хто даў нам магчымасць упэўнена ўвайсці ў новае стагоддзе? Тых, хто стварыў моцную духоўную спадчыну, каб перадаць яе нам. Тых, хто будаваў храмы і цэрквы, умацоўваў веру і маліўся за нас?! Бо менавіта вера была той сілай, якая яднае людзей з пакалення ў пакаленне.
   

Захаванне веры і падмацоўка яе добрымі справамі было для нашых продкаў вялікай справай. Яны добра разумелі, што без духоўнага жыцця няма будучыні. Толькі ў храме душа чалавека атрымлівае магчымасць ачысціцца, стаць лепш. 
   

Спакон вякоў храмы ці цэрквы былі ў кожнай вёсачцы, і іменна вакол іх праходзіла жыццё нашых продкаў. Гэтыя храмы – гэта нашы карані, наша памяць. 
 

Былі такія цэрквы і ў вёсцы Чарнаручча. У 1737 годзе ў вёсцы дзейнічала драўляная царква, невялікая па памерах.  У 1798 годзе ўзнікла новая царква, таксама драўляная, якую пабудаваў гаспадар маёнтка Чарнаручча адстаўны генерал Аляксандр Ігнаціус. Царква была  вялікая, двухпавярховая, са званiцай, у якой былi вялiкiя i малыя  званы  (каля 4 – 5). Дзве царквы займалi тэрыторыю  плошчай больш за два гектары, былi абгароджаны плотам  вышынёй каля двух метраў. Вакол былi пасаджаны каштаны. Цэрквы былі зрублены з драўніны, абшаляваныя і пафарбаваныя ў блакітна-белы колер.
 

Новая царква стаяла на Хромавай гары – самым высокім месцы ў вёсцы Чарнаручча. Гэта была нават не царква, а цэлы ансамбль з прыгожага  ёмістага храма і званіцы, размешчанай некалькі збоку. Нашы продкі невыпадкова аблюбавалі гэта месца.  З яго на многія кіламетры адкрываўся прыгожы від на навакольныя землі і вёскі: Рагозна, Рамшына, Комсенічы і іншыя. У падножжа нясе свае воды Чорны  ручай.  Магчыма, ад яго і атрымала назву вёска.
У даўнія часы тут на прастольныя святы тыднямі шумелі шматлікія ярмаркі, куды са сваімі таварамі з’язджаліся сяляне навакольных месц, купцы і прамыслоўцы.


Успаміны старажыла вёскі Міхаіла Маркавіча Перчанкова,  1889 года нараджэння, сведчаць  аб наступным:                      

 

“Жыхары Чарнаручча былі веруючымі.  Ва ўсе рэлігійныя святы наведвалі  царкву, строга захоўвалі пасты, якіх было на гаду амаль шэсць месяцаў.Кожны год у вёсцы пасля каляд поп i дзяк свяцілі  двары i жывёлу святой вадой, за што кожны двор плаціў  iм кавалкам тлушчу, каўбасой, двума яйкамі i гарнецам  збожжа.  А вясной пасля Вялікадня поп i дзяк свяцілі пасевы: з харугвай, ліхтарам i званком абыходзiлi палі. 3 кожнага  гаспадара   бралi за гэта 20 капеек. А калі хто выказваў жаданне, каб супраць  яго паласы справілі  асаблiвы малебен  /поп прачытваў артыкул з Евангелля /, тады ён ужо каштаваў  два рублі”.  

        
Кандыдат багаслоўя, настаяцель храма-помніка в. Лясная Слаўгарадскага раёна а. Георгій Сакалоў сцвярджаў, што царква ў вёсцы Чарнаручча да рэвалюцыі называлася  Крыжадзвіжанская ў гонар Вялікай царкоўнай падзеі Уздзвіжання жыватворнага крыжа Гасподня.

 


Каля царквы, побач са схілам у цені ліп і таполяў знаходзіліся старыя могілкі, дзе ў старадаўніх склепах хавалі знаць вёскі: адміністрацыю Чарнаручскай воласці, духавенства, настаўнікаў, дваран, заможных сялян. Магiл было больш за 20. Могiлкі былi абгароджаны аградай. Да нашага часу захавалася надмагільная пліта з надпісам: «Памяти незабвенного сына Фёдора Тимпофольского рожд. 1884 г. – сконч. 1906 г.». 

Са справаздачы Магілёўскага епархіяльнага вучылішчнага савета аб царкоўна-прыходскіх школах пісьменнасці Магілёўскай епархіі за1887-1888 гг. вядома, што у 1886 годзе у вёсцы дзейнічалі 2 царкоўна-прыхадскія школы. Чарнаруцкая народная школа размяшчалася ў доме валаснога ўпраўлення. На яе атрыманне казна адпускала 175 рублёў у год і мясцовае сялянскае таварыства – 200 рублёў. Настаўнічаў Дабравольскі Васіль Фёдаравіч за 150 рублёў у год. Ён закончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. У Чарнаруцкім прыходзе налічвалася 2162 душы, вучняў – 26 (адзін на 83 чалавекі).


У 1912 годзе ў Чарнаруччы функцыянаваў праваслаўны прыход Узвышэння Святога Крыжа.
Спіс мясцовасцей, якія адносіліся да прыходу царквы 

•    Адольфава, фальварак
•    Аляксандраўка, пасёлак
•    Бабчын, фальварак
•    Вабічы, вёска
•    Дубраўка, вёска.
•    Забалот, вёска
•    Клімавічы, вёска
•    Карбатоўка, вёска
•    Кудрычы, фальварак
•    Ліхачы, пасёлак.
•    Ляхаўка, фальварак
•    Марцьянава, фальварак
•    Новы Двор, фальварак
•    Рамшын, фальварак
•    Рагозна, вёска
•    Рубеж, двор
•    Ступляны, вёска
•    Тударава, вёска
•    Франулін, фальварак
•    Чарнаручча, сяло.
•    Чарнаручча, фальварак

       

У Магілёўскіх епархіяльных ведамасцях захавалася падзяка прыхаджанам Чарнаруцкай царквы за ахвяраванне на храм:

 

Благодарность

… прихожанамъ  Черноручской  церкви за пожертвованіе  ими  въ  приходскій  храмъ  гробницы и напрестольных  евангелія и креста, стоимостью  290 руб 56 коп,  и изыскание средствъ на постройку новой каменной церкви; 


крестьянам дер. Дубровки за пожертвованіе въ ту же церковь  2  металлическихъ хоругвей, стоимостью  76 руб.;
приходскому попечительству при Черноручской церкви за  пріобретеніе  паникадила, стоимостью 200 руб.;

 
доктору г. С-Петербурга  Михаилу Твердому за пожертвованіе  имъ  въ  ту  же  церковь  серебрянаго золоченаго  потирасъ  полнымъ  приборомъ  и священническаго  облаченія,  стоимостью 200 руб.; церковному старосте  земскому  начальнику Михаилу  Игнаціусу  за  пожертвованіе лесного матеріала  на 60 руб  и крестьянам  д. Новой Ляховки Георгію   Соханову  за  пожертвованіе  имъ  въ Чернянскую  церковь  голгофы съ предстоящими, стоимостью 135 р.44 к. 
 

Могилевские епархические ведомости
       

 

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыi аграду каля царквы знялi,  пачалі раскопваць склепы, могілкі. У 1936-1937 гадах будынкі царквы былi разабраны i перанесены на iншае месца пад гаспадарчыя патрэбы. З меншай старшыня сельскага Савета Зайцаў Аксён пабудаваў школу, а большую царкву разабралi i пабудавалі клуб у вёсцы Чарнаручча.  


Зараз у цэнтры высокага ўзгорка аграградака Чарнаручча, які называецца царковішчам, таму што тут прыкладна да сярэдзіны трыццатых гадоў ХХ стагоддзя стаяла царква, расце шыкоўны куст шыпшыны. Шыпшыннік сам вырас там, дзе знаходзіўся царкоўны алтар. А на месцы былой царквы застаўся толькі крыж як напамінак пра даўніну. Пастаўлены крыж народным майстрам вёскі Чарнаручча Макарэвічам Канстанцінам Касьянавічам у 2007 годзе. 
 

Канстанцін Касьянавіч не толькі ўсталяваў крыж, але і вярнуў з небыцця адзін цудам уцалелы помнік: абраз Божай Маці. Знізу каля былога царкоўнага храма, на гарышчы ён знайшоў пачарнелую мятровую дошку. Гэта быў абраз Божай Маці. Абраз здаваўся дзіўным. Царыца Нябесная стаіць у поўны рост і трымае Сына на руках, а вакол лётаюць анёлы. 
 
Гэты святы абраз знаходзіўся ў дачкі Макарэвіча ў Мінску. Потым яна падарыла абраз Божай Маці Свята-Мікольскаму жаночаму манастыру ў горадзе Магілёве.

Захаваліся легенды, звязаныя са знікненнем святыняў.
 

Надмагільная пліта з надпісам «Памяти незабвенного сына Фёдора Тимпофольского рожд. 1884 г

Святое месца

         

Гэтую легенду нам паведаміў Балала Валерый Васільевіч, якому яе яшчэ ў маленстве расказала бабуля Прастакова Марыя Андрэеўна.

         

На поўдні ад вёскі Тударава існуе Святое месца. Святым і шанаваным яно было спрадвеку. Калісьці даўно на гэтым месцы стаяла царква. У якім годзе гэта здарылася, ніхто не памятае. Ведаюць толькі, што ў тым годзе ў адзін год супалі тры вялікія царкоўныя святы: Праваслаўны і Каталіцкі Вялікдзень і, мабыць, Благавешчанне.

           

Служба ў царкве пачыналася «ўсяночнай». Сабраліся жыхары з суседніх вёсак: Тударава, Карбатоўкі, Дубраўкі і навакольных хутароў. Царква ў той час была драўляная. Людзей сабралася столькі на службу, што было вельмі душна. Дзяцей вырашылі адправіць па хатах з самым старым чалавекам (старцам), якому было 103 гады, перад самым вынасам Плашчаніцы.     

         

Прайшоў некаторы час. Стары вельмі здзівіўся, чаму не чуваць званоў. Ён пабаяўся ісці ноччу назад, толькі доўга маліўся Богу, да світання. Раніцай стары адправіўся да царквы. Яшчэ здалёк ён пачуў плач, крыкі аб дапамозе. Стары вярнуўся назад, сабраў людзей. Разам яны паехалі да царквы і ўбачылі, што на тым месцы, дзе яна стаяла, утварылася глыбокая яма, а з-пад зямлі даносяцца стогны.

         

Вырашылі з вёскі Чарнаручча прывезці бацюшку, каб ён правёў службу. Яшчэ на працягу доўгіх часоў з-пад зямлі даносіліся стогны, гукі званоў. З таго часу кожны год на Вялікдзень на гэтым месцы праводзіліся службы бацюшкі з царквы, якая дзейнічала ў вёсцы Чарнаручча. 

Святое месца в.Тударава.jpg

          Святое возера

         

Святое возера размешчана на поўначы ад вёскі Рамшына. Згодна з мясцовай легендай, калісьці на беразе возера стаяла царква. Аднойчы ў час службы яна правалілася і пайшла на дно.

         

Доўгі час на святы былі чуваць з возера гукі званоў (са слоў мясцовых жыхароў). Потым яны станавіліся ўсё цішэй і цішэй, затым ўвогуле змоўклі. З таго часу возера атрымала назву: Святое.

Святое возера в.Рамшына.jpg
bottom of page