Тут гадоў нашых цікавыя старонкі:
бібліятэкары Чарнаруцкай сельскай бібліятэкі
1944 г. – Вольга Іванаўна Агафонава
1945 г. - чэрвень 1946 г. – Аляксандра Яфімаўна Макарэвіч
Ліпень - снежань 1946 г. – Васіль Захаравіч Дудкін
Студзень - май 1947 г. – Уладзімір Антонавіч Гарбачоў
Чэрвень 1947 г. - люты 1948 г. – Міхаіл Самуілавіч Аханькоў
Сакавік - снежань 1948 г. – Міхаіл Трафімавіч Сучкоў
1949 г. – Аляксандра Яфімаўна Макарэвіч
1950-1951 гг. – Антон Савельевіч Філіпаў
Чэрвень 1951 г. - 1953 г. – Аляксей Амбросавіч Савельеў
1954 г. - май 1955 г. – Уладзімір Адамавіч Лапянкоў
Чэрвень - снежань 1955 г. – Аліна Мікалаеўна Печанькова
1956 - 1959гг. – Аляксей Амбросавіч Савельеў
1960 - ліпень 1961 г. – Ніна Сямёнаўна Ліндарэнка
Жнівень 1961 г. - 1962 г. – Аляксандра Герасімаўна Акулава
1963г - ліпень 1965 г. – Аляксандра Сяргееўна Шумейка
Верасень 1965 г. - верасень 1966 г. – Марыя Афанасьеўна Шараева
Кастрычнік 1966 г. - снежань 1968 г. – Аляксандра Іванаўна Кунакіна
1969 г. – Аляксандра Васільеўна Крышаловіч (Ананьева)
Жнівень 1969 г - ліпень 1972 г – Тамара Іванаўна Кульбацкая
Жнівень 1972г. - жнівень 1973 г. – Зінаіда Іванаўна Цецерукова
Верасень 1973 г. - жнівень 1977 г. –Тамара Іванаўна Кульбацкая
Верасень 1977 г. - чэрвень 1978 г. – Любоў Фёдараўна Усцінава
Ліпень 1978 г. - ліпень 1979 г. – Тамара Іванаўна Клыгунова (Кульбацкая)
Жнівень 1979 г. - ліпень 1981 г. – Тамара Іванаўна Гольцава
Жнівень 1981 г. - ліпень 1985 г. – Таццяна Мікалаеўна Спічакова
Жнівень 1985 г. - ліпень 1989 г. – Аліна Віктараўна Салаўёва
Жнівень 1989 г. - ліпень 1992 г. – Валянціна Васільеўна Арловіч
Жнівень 1992 г. - жнівень 2014 г. – Аліна Віктараўна Салаўёва
З верасня 2014 года – Аліна Віктараўна Салаўёва, Алена Іванаўна Печкурова
Штрыхі гісторыі
Чарнаруцкай сельскай бібліятэкі
Бібліятэчная справа ў вёсцы Чарнаручча пачала развівацца з 1922-1923 года. Ролю бібліятэкі выконвала хата-чытальня, якая дапамагала весці барацьбу з непісьменнасцю. Першымі чытачамі быля сяляне вёскі, навучэнцы мясцовай школы. У вёсцы Чарнаручча хатай-чытальняй заведаваў Драбышэўскі.
Пазней, у 30-я гады, пачалі адбывацца значныя падзеі ў культурным жыцці вяскоўцаў. Пачалі будавацца асобна ДСК (Дамы сельскай культуры), у якіх выдзяляліся пакоі для хат-чытален, дзе былі створаны чырвоныя куткі. Там праводзіліся даклады і лекцыі, вечары мастацкай самадзейнасці.
У першы пасляваенны год аднаўляе сваю работу Чарнаруцкі Дом сельскай культуры ў прыстасаваным памяшканні. У 1944-1945 гадах загадчыцай працуе Вольга Іванаўна Агафонава. Яна таксама заведвае хатай-чытальняй. Кніжны фонд хаты-чытальні быў невялікі. Але жыхары вёскі ахвотна наведвалі і клуб, і хату-чытальню. Збіраліся часта, каб пагутарыць, вывучыць народныя песні, выпусціць насценныя газеты. Пры клубе быў арганізаваны хор. З канцэртамі выступалі часта не толькі ў сваёй вёсцы, але і ў навакольных.
З другой паловы 1945 года і па 1949 год загадчыцай Чарнаруцкім ДСК і хатай-чытальняй працуе Аляксандра Яфімаўна Макарэвіч.
У 1950 г. хатай-чытальняй заведваў Аляксей Амбросавіч Савельеў. Людзі цягнуцца да кніг і друкаванага слова, а разам з тым узнікае неабходнасць стварыць бібліятэку, якой бы карысталіся ўсе жадаючыя.
Рашэннем Шклоўскага райвыканкама ад 18.09.1953 года адбылося адкрыццё Чарнаруцкай сельскай бібліятэкі. Бібліятэцы быў адведзены невялікі пакой у драўляным будынку, дзе яшчэ знаходзіўся сельскі Савет. Кнігі выдаваліся тэрмінам на 10 дзён і запісываліся ў чытацкі фармуляр.
Па рашэнню Шклоўскага райвыканкама ў 1957 годзе хаты-чытальні былі перайменаваны ў сельскія клубы. Так сваю работу пачаў Рамшынскі сельскі клуб, першай загадчыцай якога была Ніна Галяшэвіч.
Калгас будаваў новае жыллё, адміністрацыйныя будынкі. У вёсцы Клімавічы быў пабудаваны прыгожы сельскі клуб, пры якім стала працаваць і калгасная бібліятэка.
А з 1969 года ў Чарнаруцкай сельскай бібліятэцы стала працаваць адна з першых дыпламаваных бібліятэкараў – Тамара Іванаўна Кульбацкая. За яе плячыма Магілеўскі бібліятэчны тэхнікум. І яна ў многім падтрымала пачынанні ў бібліятэчнай справе сваіх старэйшых таварышаў.
У бібліятэцы было тры шафы кніг. Газеты і часопісы не ўлічваліся. Асноўная работа бібліятэкара – гэта выдача літаратуры і правядзенне масавых мерапрыемстваў.
У бібліятэцы быў закрыты доступ да кніжнага фонду. Бібліятэкар выдавала кнігі, чытачы самі не маглі іх выбіраць.
Пасля візіту першага сакратара Шклоўскага райкома партыі Веры Феафанаўны Кастэнка калгасная бібліятэка з сельскага клуба в. Клімавічы была пераведзена ў Рамшынскі сельскі клуб.
Прыклубную калгасную бібліятэку ўзначаліў Іван Іванавіч Парашкоў. У пачатку 1971 года Чарнаруцкая сельская бібліятэка перамясцілася ў в. Клімавічы, у невялікі пакой сельскага клуба. Там былі самадзельныя паліцы для кніг. Кнігі былі расстаўлены па аддзелах і алфавіту. Чытачы атрымалі адкрыты доступ да кнажнага фонду бібліятэкі, і тым самым умовы працы бібліятэкара значна палепшыліся.
Бібліятэка стала называцца Клімавіцкай сельскай бібліятэкай.
З чытачамі праводзіліся чытацкія гутаркі, канферэнцыі, чытанне часопісаў і газет з далейшым іх абмеркаваннем, і іншыя формы масавай работы.
Бібліятэка стала для чытача жаданым месцам правядзення вольнага часу, сямейных і сяброўскіх зносін, асветным і інфармацыйным цэнтрам.
Кніжны фонд бібліятэкі быў каля 4000 экзэмпляраў, а чытачоў абслугоўвалася – 350. З кожным годам кніжны фонд папаўняўся, ужо ў 1973 годзе бібліятэка налічвала больш 5000 экзэмпляраў літаратуры. Бібліятэка атрымлівала і цікавыя падпісныя выданні.
З 1 кастрычніка 1975 года бібліятэкі Шклоўскага раёна перайшлі на цэнтралізаваную сістэму абслуговання насельніцтва кнігай. Клімавіцкая сельская бібліятэка ўвайшла ў цэнтралізаваную сістэму бібліятэк Шклоўскага раёна.
У зоне обслуговання бібліятэкі населеныя пункты: Чарнаручча, Клімавічы, Чырвоная горка, Рамшына,Рагозна, Палыкавічы, Бабчына.
У бібліятэцы працуе Клыгунова Тамара Іванаўна. Прафесіяналізм і гуманнасць да людзей забяспечылі Тамары Іванаўне павагу сярод вяскоўцаў. Самай найвышэйшай узнагародай для бібліятэкара была падзяка чытачоў. У жніўні 1979 года Тамара Іванаўна стала працаваць дырэктарам Клімавіцкага сельскага Дома культуры.
Клімавіцкую сельскую бібліятэку ўзначаліла Тамара Іванаўна Гольцава. Маладая дзяўчына прыязджала на працу з горада Шклова. Яна прадоўжыла справу сваёй старэйшай калегі.
У жніўні 1981 года пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума па размеркаванню на працу ў бібліятэку прыехала Таццяна Мікалаеўна Спічакова.
Як творчы чалавек,Таццяна Мікалаеўна на дасягнутым ніколі не затрымлівалася. Яна заўсёды была ў працы, заўсёды з людзьмі, заўсёды ў пошуку. Пры бібліятэцы сталі працаваць аматарскія аб’яднанні. Бібліятэка неаднаразова станавілася пераможцай сярод бібліятэк раёна.
У гэты час таксама адбываліся значныя падзеі ў бібліятэчнай справе: трэба было перавесці ўвесь фонд на табліцы ББК, што і зрабіла Таццяна Мікалаеўна. Для лепшага абслуговання насельніцтва кнігай у навакольных вёсках працавалі пункты выдачы, бібліятэкі-перасоўкі. Праводзілася цікавая работа, накіраваная на поўнае задавальненне запытаў чытачоў, арганізацыю іх чытацкай дзейнасці, развіццё творчых здольнасцей. У арсенале бібліятэкара дыскусійныя, конкурсныя, займальныя формы работы з чытачамі.
З 1985 года паўнапраўнай гаспадыняй бібліятэкі стала Аліна Віктараўна Салаўёва. Яна заўсёды дапаможа знайсці патрэбную літаратуру для вучня і студэнта, вершы для душы і раман для сэрца. Словам, наведвальнікі заўсёды пакідаюць бібліятэку з удзячнасцю.
У 1989 годзе на перыяд дэкрэтнага адпачынку Аліну Віктараўну на пасадзе бібліятэкара змяніла малады спецыяліст Валянціна Арловіч.
Калі цэнтральнай сядзібай становіцца вёска Чарнаручча, было прынята рашэнне перавесці бібліятэку ў вёску Чарнаручча. Для яе быў выдзелены будынак былога аддзялення сувязі. Шмат намаганняў спатрэбілася Валянціне, каб перавесці бібліятэку з халоднага неацяпляльнага пакоя Клімавіцкага СДК у Чарнаручча. Бібліятэка была пераіменована ў Чарнаруцкую. Колькасць чытачоў і наведванняў значна павялічылася.
У 1992 годзе на пасадзе бібліятэкара зноў стала працаваць Аліна Салаўёва, чалавек таленавіты, захоплены, творчы.
У 1994 годзе на базе Шклоўскай ЦБС праводзіўся рэгіянальны конкурс «Бібліятэкар – 94», у якім актыўны ўдзел прыняла бібліятэкар Чарнаруцкай сельскай бібліятэкі Аліна Салаўёва.
У хуткім часе на фоне другіх пабудоў вёскі будынак бібліятэкі меў непрыглядны выгляд. Таму ў 1996 годзе было прынята рашэнне аб перавядзенні бібліятэкі ў памяшканне сельскага Савета.
Радаваліся чытачы, наведваючы светлае памяшканне. Вельмі была задаволена і бібліятэкар, бо ўмовы працы бібліятэкара значна палепшыліся. Не патрэбна было самой атапліваць памяшканне, больш адкрыты стаў доступ да кніжнага фонду.
З’явілася чытальная зала, дзе ў вольную хвіліну вяскоўцы, як дарослыя,так і дзеці, маглі пагартаць любімы часопіс ці газету.
У гэты час адным з прыярытэтных напрамкаў работы бібліятэк з’яўляецца адраджэнне, захаванне і развіццё нацыянальнай культуры. Актыўна прапагандуецца роднае слова, беларускія народныя святы, абрады, фальклор, творы прадстаўнікоў нацыянальнай культуры, гісторыі і літаратуры. Вядзецца збор фальклорных, тапанімічных і дыялектычных матэрыялаў. Самае галоўнае – усё гэта шырока выкарыстоўваецца ў рабоце. Вядзецца збор экспанатаў хатняга побыту.
У 1997 годзе ў бібліятэцы адкрыты краязнаўчы куток «Нам засталася спадчына», у якім размешчаны сабраныя матэрыялы з гісторыі роднага краю, этнаграфічныя экспанаты.
З 1998 года бібліятэка разам з традыцыйнымі бібліятэчнымі паслугамі прапануе насельніцтву дадатковыя платныя паслугі. За невялікую плату чытачы карыстаюцца камерцыйным абанементам, даведачнай літаратурай. З 1999 года ў бібліятэцы працуе відэасалон, дзе можна паглядзець цікавыя мастацкія, мультыплікацыйныя фільмы, дакументальныя фільмы рознай тэматыкі.
У 2000 годзе матэрыял аб рабоце Чарнаруцкай сельскай бібліятэкі па краязнаўству быў прадстаўлены на рэспубліканскі конкурс «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры », па выніках якога Чарнаруцкая сельская бібліятэка была прызнана адной з пераможцаў.
У 2004 годзе Чарнаруцкая сельская бібліятэка прыняла актыўны ўдзел у раённым экалагічным конкурсе «Утульнасць – справа непрыватная» і стала адной з пераможцаў.
14 верасня 2011 года ў час правядзення міжраённага семінара бібліятэчных работнікаў Шклоўскай і Бялыніцкай ЦБС па тэме «Библиотеки Шкловщины: приоритеты и ориентиры в информационном обслуживании пользователей» адбылося наведванне і знаёмства з работай бібліятэкі аграгарадка Чарнаручча.
Рашэннем Магілеўскага абласнога Савета дэпутатаў ад 20.11.2013 года № 23-1 ліквідаваны Чарнаруцкі сельскі Савет. Аграгарадок Чарнаручча ўвайшоў у склад Старашклоўскага сельскага Савета.
Будынак былога сельскага савета передадзены ва ўласнасць Чарнаруцкай сельскай бібліятэкі. У выніку плошча бібліятэчных памяшканняў значна павялічылася: працуюць дзіцячы і дарослы абанементы, чытальная зала, маюцца памяшканні для кнігасховішча.
У 2014 годзе, пасля закрыцця Тудараўскай бібліятэкі-клуба, другім бібліятэкарам прыйшла працаваць Алена Іванаўна Печкурова. Павялічылася зона абслуговання бібліятэкі.
Пры бібліятэцы працуе аматарскае экалагічна-краязнаўчае аб’яднанне «Крынічка» і дзіцячае літаратурна-эстэтычнае аб’яднанне «Почемучки».
Бібліятэка працягвае працаваць па мэтавай праграме «Зямля мая – абсяг вялікіх скарбаў». Вялікім попытам карыстаецца ў наведвальнікаў бібліятэкі краязнаўчы куток «Зямля, адкуль мы родам».
З сакавіка 2020 года пры бібліятэцы дзейнічае Публічны цэнтр прававой інфармацыі, які прадстаўляе магчымасць бясплатна карыстацца электроннай копіяй эталоннага банка дадзеных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь «Эталон».
З кожным годам мяняецца эстэтычны выгляд бібліятэкі. Кніжныя выставы дапаўняюцца элементамі нацыянальнага стылю: этнаграфічнымі экспанатамі і вырабамі народных умельцаў, работамі ўдзельнікаў аматарскіх аб'яднанняў.
Сёння Чарнаруцкая сельская бібліятэка – інфармацыйны, адукацыйны і культурна-асветніцкі цэнтр, астравок дабрыні і спагады для ўсіх наведвальнікаў. У зону абслугоўвання бібліятэкі ўваходзіць 11 населеных пунктаў. Кніжны фонд налічвае больш 11 тыс. экзэмпляраў кніг і перыядычных выданняў. Бібліятэку наведваюць 510 карыстальнікаў рознага ўзросту.
Бібліятэчна-бібліяграфічнае абслугоўванне вядзецца праз комплекс бібліятэчных паслуг. Карыстальнікі фонду атрымліваюць дыферэнцыраваную дапамогу ў падборы кніг, развіваецца сістэма інфармавання, арганізацыя вольнага часу людзей рознага ўзросту, шырока прапагандуецца літаратурная спадчына, краязнаўства.
Сённяшняя дзейнасць бібліятэкі абапіраецца на лепшыя традыцыі і набыткі мінулых гадоў, спалучаючы іх з сучаснымі патрабаваннямі часу.
Чарнаруцкая сельская бібліятэка –краязнаўчы цэнтр аграгарадка Чарнаручча, цэнтр ведаў аб роднай зямлі і яе людзях, а гэта тое, аб чым можа марыць любая ўстанова.
Узнагароды і дасягненні