Свет нашых захапленняў
Анцюкова Галіна Уладзіміраўна
кіраўнік гуртка «Флородизайн»
Стварэннем калекцый дзіўнага адзення з падручных матэрыялаў Галіна Уладзіміраўна захапілася з 2007 года. З розным прыродным матэрыялам: аўсом, жытам, ільном, саломкай, кукурузай і зернямі, гарбузовымі семкамі, каштанамі, шышкамі і шмат чым іншым Галіна Уладзіміраўна творыць сапраўдныя цуды. Умела ўпрыгожваючы імі самы звычайны і танны матэрыял, ператвараючы яго ў лёгкія творы мастацтва. Кожная калекцыя эксклюзіўная. Мае сваю гісторыю.
У калекцыі ёсць і ўборы з квяцістых хустак, касетнай плёнкі, пластыкавых талерак, шкляначак, поліэтыленавых пакетаў і шмат чаго іншага.
Як кажа Галіна Уладзіміраўна: «Ідэі прыходзяць нечакана, самі сабой. Пры гэтым важная свабода творчасці. І калі атрымліваецца стварыць незвычайныя, карункавыя, бязважкія мадэлі сукенак, адчуваеш задавальненне ад выкананай працы, а таксама задавальненне ад таго, што іншай такой працы больш няма». Прымала ўдзел, як народны ўмелец, у раённых фестывалях мастацкай самадзейнасці і народнай творчасці.
Работы ўдзельнікаў гуртка «Флородизайн» неаднаразова прадстаўляліся на выставах раённага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Здравствуй, мир!» ў намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладная творчасць»; конкурсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Калядная зорка»; раённага этапу рэспубліканскай выставы-конкурсу «Лёд. Кветкі. Фантазія»; раённай выставы «Магілеўская скарбонка» ў намінацыях «Кветкавая кампазіцыя», «Пано і калажы», на якіх займалі прызавыя месцы.
Материалы представлены руководителем кружка «Флородизайн»
ГУО «Черноручский УПК д/с-СШ Шкловского района» Антюковой Г. В.
Таццяна Захарава
жыхарка аграгарадка Чарнаручча
Калекцыянаваннем лялек жыхарка аграгарадка Чарнаручча Таццяна Аляксандраўна Захарава займаецца каля 20 гадоў. «Усё пачалося з фарфоравай лялькі, якую мне падарылі, калі я вучылася яшчэ ў 9 класе. Яна мне настолькі спадабалася і запала ў душу, што я вырашыла набыць яшчэ адну, – распавядае Захарава. – Тады фарфоравых лялек у продажы складана было знайсці. Гэта праз час яны сталі з'яўляцца на рынках і ў крамах. Мне стала цікава, і я купіла адну, другую, трэцюю... І настолькі закахалася ў іх, што гэта стала маім хобі».
У калекцыі Таццяны Захаравай ёсць цалкам фарфоравыя лялькі, а ёсць камбінаваныя – фарфоравыя з набіўнымі рукамі і нагамі. Некаторыя лялькі прывезеныя спецыяльна з Францыі, Італіі, Германіі, Амерыкі, Чэхіі. Адрозніваюцца яны і асобамі, і ўборамі. Ёсць у бальных сукенках, у раскошных шубейках з палярынамі, у спартыўных касцюмах і вопратцы сельскіх жыхароў, з галаўнымі ўборамі і без. І нават вінтажныя лялькі, якія пачынаюць рухацца ў такт музыцы, калі іх заводзіш. Пералічваць іх можна бясконца.
Па прыблізных падліках Таццяны Захаравай, у яе калекцыі налічваецца каля сотні лялек. Для іх выдзелена два стэлажы. Але яны ўжо і там не змяшчаюцца. Таму некаторыя размясціліся на падлозе, канапе і сталах. Як, напрыклад, лялькі з парасонамі, якія з'яўляюцца свяцільнямі. Дарэчы, самая высокая лялька ў калекцыі 1 метр 10 сантыметраў, а самая маленькая – каля 10 сантыметраў.
Лялек Таццяна Аляксандраўна шукае ўсюды: праглядае аб'явы ў інтэрнэце і ў газетах, наведвае так званыя блышыныя рынкі, нейкія купляла ў перакупшчыкаў. Часам набывала тыя, якія былі з нязначным шлюбам або патрабавалі дробнага рамонту. Ну і, вядома ж, лялькі дораць родныя і знаёмыя. А каб не памыліцца з выбарам, пытаюцца, якую Таццяна Аляксандраўна ўжо нагледзела і дзе можна яе набыць.
Паспяхова прайшла выстава лялек Таццяны Захаравай у Чарнаручскай школе. Таццяна Захарава – чалавек не толькі творчы, але і ініцыятыўны, і працавіты. Любая справа ў яе спорыцца.
Зараз Таццяна Захарава імкнецца знайсці такіх лялек, якіх у яе яшчэ няма. Кажа, што справа гэта не з простых, улічваючы колькасць набытых. У планах – папоўніць калекцыю хлопчыкам, бабуляй з дзядулем і парай закаханых. «Збіраць калекцыю – гэта нібы аскетызм, – прызнаецца Таццяна Аляксандраўна. – Калі ёсць мэта, калі бачыш і хочаш гэтую ляльку, то зэканоміш або зусім адмовіш сабе ў чым-небудзь, але ўсё роўна яе купіш».
Ірына Папкова
жыхарка аграгарадка Чарнаручча
Для Ірыны Папковай ствараць прыгажосць вакол сябе – гэта мастацтва, якое дадзена ад прыроды. Яна заўсёды з задавальненнем глядзіць майстар-класы па інтэрнэце, скончыла анлайн-курсы па ландшафтным дызайне. Сваімі рукамі стварае малыя архітэктурныя формы: дамавят, гномаў, млыны, грыбочкі і г.д. з выкарыстаннем цэменту, пяску, пліткавага клею. Кожную вясну абнаўляе іх, падфарбоўвае. Пры ўладкаванні тэрыторыі каля дома таксама хацелася чагосьці незвычайнага. Плот, які складаецца з цагляных слупкоў, металапрофіля і элементаў кавання, у Папковых атрымаўся даволі-такі цікавым, а ўпрыгожваюць яго малыя формы – кошыкі з гронкамі вінаграду. Дзесьці зрабілі закрытую зону, а дзе і наадварот, тым самым стварылі больш прасторы і святла для кветак. У цяперашні час на ўчастку Папковых пасаджана велізарная колькасць раслін. Гэта туі, ядлоўцы, лістоўніца, блакітная елка, рададэндроны, азаліі, больш за сто гатункаў руж нямецкай селекцыі, касачы, півоні і іншыя.
Таксама на сваім участку плошчай каля гектара Папковы вырошчваюць ягады, персікі, яблыні, грушы і іншую садавіну і гародніну. Гонарам гаспадыні з'яўляюцца парнікі, дзе яна высаджвае памідоры розных відаў, гатункаў і афарбовак: ад чырвонага, жоўтага да чорнага. Ірына Валер'еўна любіць працаваць на зямлі. Шмат у чым дапамагаюць і дзеці. Яны ўсе з задавальненнем збіраюцца ў доме, дзе заўсёды ўтульна, цёпла, дзе спраўджваюцца іх запаветныя мары.
Чарнаруцкія сюжэты вачыма мастака Ларысы Журавовіч
Імя мастачкі Ларысы Журавовіч добра вядомае не толькі ў нашай краіне. Яе работы знаходзяцца ў самых разнастайных галерэях, у тым ліку і ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. А галоўныя матывы ў іх – вёска, прырода, простыя рэчы і простыя людзі. Усё гэта настолькі блізка кожнаму, хто родам з вёскі, хто любіць яе, што немагчыма глядзець на іх без хвалявання. А што звязвае мастачку са Шклоўшчынай?
Куды клікала сэрца
«На Шклоўшчыне я пісала шмат, у асноўным гэта невялікія пейзажы і эцюды, – расказвае нам Ларыса Журавовіч. – Аднак ёсць і вялікія работы».
Так, у Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Масленікава знаходзяцца «Снежны дзень у Ступлянах», «Вуліца ў Ступлянах», у Бялыніцкім мастацкім музеі – трыпціх «Асеннія эцюды».
Выязджала Ларыса Віктараўна і ў іншыя вёскі Шклоўскага раёна – Тударава, Бушоўку, Чарнаручча, Карбатоўку. Па ўласнаму прызнанню, нават на ўказальнікі не глядзела, ехала туды, куды клікала сэрца. З таго часу – а гэта былі 2003-2005 гг. – засталося шмат эцюдаў. Вярнулася да шклоўскіх матываў у 2015 годзе. Тады і ўзніклі чарнаруцкія сюжэты «У пачатку сакавіка» і «Маладая вясна». А ў 2017 годзе зрабіла партрэты Марыі Еўдакімаўны і Аляксандра Якаўлевіча Маісеенак са Ступлян.
«Па якому прынцыпу я адбіраю сюжэты? Не па геаграфіі, а па таму, дзе больш захавалася народная культура, – расказвае мастачка. – Мне блізкая вёска даўнейшага часу, мне цікавы вясковы ўклад жыцця людзей, якія звязаны з зямлёй». Мастачка хоча захаваць яго для нашчадкаў, захаваць павагу да вескі, людзей працы.
Прыязджаючы ў Ступляны, адразу разумееш, чаму вёску так упадабала Ларыса Журавовіч. Пасля шумных гарадоў тут нібы трапляеш у другое вымярэнне, дзе ціха, акуратна, утульна. Дзе прыветлівыя людзі гасцінна сустракаюць цябе на парозе, як родную, нават не пытаючыся твайго імя. А гледзячы на партрэты яе герояў, на душы яшчэ доўга застаецца светлае пачуццё. Такое ж светлае, як маленькая вёсачка Ступляны, якая будзе радаваць нашчадкаў на карцінах бялыніцкай мастачкі.