Этнаграфічны куток
у Чарнаруцкай сельскай бібліятэцы
«Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…» Гэтыя радкі слыннага беларускага песняра Янкі Купалы чулі, відаць, усе. Але ці задумваліся вы калі-небудзь: што на справе робіцца нашымі людзьмі дзеля захавання сваёй спадчыны?
Вялікі прыклад у гэтым нам паказваюць мясцовыя краязнаўцы, работнікі ўстаноў культуры, бібліятэк. У 1998 годзе бібліятэкар Чарнаруцкай сельскай бібліятэкі Аліна Салаўёва пачала збіраць старыя прадметы хатняга ўжытку. І дасягнула ў гэтым немалога поспеху. Зараз у бібліятэцы прадстаўлены цудоўны этнаграфічны куток.
Што можна тут убачыць? Рэчы, якія некалі ўпрыгожвалі хаты, а потым на жаль, у многіх аказаліся на гарышчы. Клапатлівай рукой Аліны Віктараўны яны пераўтварыліся ў сапраўдныя экспанаты. Усяго іх больш за 100. На выставе толькі малая частка таго, што сабрана бібліятэкарам.
Лапата для выпечкі хлеба з тых часоў, калі гаспадыні самі выпякалі караваі на дубовых лістах. Пралка, за якой нашы бабулі праседжвалі доўгія зімовыя вечары. Стары патэфон, што некалі прымушаў весяліцца і плакаць пад хрыплае гучанне пласцінак. Цяжкія замкі, што зачынялі гумны з багатым ураджаем зерня. Шматлікія карціны, вышыванкі, ручнікі, зробленыя рукамі самабытных майстрых. Некалькі прасаў, такіх цяжкіх і масіўных, што нават здзіўляешся, як толькі можна было імі карыстацца. Гаршкі і глякі, вырабленыя з гліны вясковымі ганчарамі… Калі б толькі прадметы маглі гаварыць! Колькі цікавага можна б было пачуць, колькі гісторый… Аднак кажуць, што рэчы захоўваюць атмасферу сваіх гаспадароў… Гэта адчуваецца ў атмасферы этнаграфічнага кутка.
Тут жа прадстаўлена і асобная папка «Аб чым прадметы даўніны паведаміць павінны», у якой сабраны матэрыялы з апісаннем экспанатаў і іх прызначэнне ў гаспадарцы. Каб сучаснае і будучае пакаленне ведалі, з якой мэтай выкарыстоўваўся той ці іншы прадмет, зроблена апісанне кожнага.
Адметна, што з кожным годам колькасць экспанатаў павялічваецца. Штосьці Аліна Салаўёва знаходзіць сама, штосьці збірае падчас краязнаўчых экспедыцый, актыўна прыносяць рэчы і самі вяскоўцы. А апошнім часам справамі хутка зацікавіліся дзеці: знойдуць што цікавае – абавязкова прыносяць. Аліна Віктараўна вельмі ўдзячна людзям, якія зрабілі значны ўклад у калекцыю.
Апрача прадметаў матэрыяльнай спадчыны, Аліна Віктараўна таксама запісвае фальклор роднага краю. Пазнаёміцца з ім можна, разгарнуўшы папкі «Зямля наша спеўная», «Назвы роднага краю», «Святы нашых вёсак».
Акрамя гэтага, ў бібліятэцы аформлены шэраг тэматычных папак з успамінамі аднавяскоўцаў-старажылаў аб гісторыі свайго краю, сабраны звесткі аб гісторыі калгаса, аб яго буднях, аб працавітых калгасніках, аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны; сабраны легенды і паданні, звязаныя з гісторыяй узнікнення і назвай вёсак, мясцовасцей, рэк, азёр, лясоў і многае іншае. «Сапраўдны куфэрак» – усплывае асацыяцыя падчас наведвання бібліятэкі.
Тут праходзяць фальклорныя гадзіны, краязнаўчыя урокі, гістарычныя падарожжы. Краязнаўчая інфармацыя карыстаецца вялікім попытам сярод карыстальнікаў бібліятэкі.
За шматлікія гады работы ў бібліятэцы Аліна Віктараўна сабрала вакол сябе шмат памочнікаў і прыкладае ўсе намаганні, каб захаваць народныя традыцыі і звесткі пра родныя мясціны. І можна быць упэўненым, што ўсё гэта атрымаецца.
Данілава, В. Куфэрак скарбаў нашай спадчыны / Вольга Данілава // Ударны фронт. – 2008. – 27 жніўня. – С. 3.