top of page
тайна беларускага ўзору.png

Ручнiк − рэч глыбока сiмвалiчная, шматзначная. Вышываная, узорыста вытканая тканiна выклiкае ў нас шмат пачуццяў i асацыяцый. Створаны па законах мастацтва, ручнiк упрыгожвае побыт i адначасова гэта сiмвалiчны напамiн пра нябачныя сувязі, што знiтоўваюць асобнага чалавека з Богам, родам, продкамi. Ручнiк адлюстроўвае гiсторыю народа, яго дух, творчыя памкненнi i мастацкае светаўспрыманне. Гэта найкаштоўнейшы здабытак беларускай культуры i мастацтва.

Апісанне вынікаў этнаграфічнай экспедыцыі

"Тайна беларускага ўзору"

З мэтай вывучэння этнаграфічных тканін нашай мясцовасці  Чарнаруцкая сельская бібліятэка разам з супрацоўнікамі Шклоўскага раённага  краязнаўчага музея  і навучэнцамі мясцовай сярэдняй школы правялі экспедыцыю  па вёсках Чарнаручча, Ступляны, Рамшына.

 


У ходзе краязнаўчай экспедыцыі выявілася, што ў насельніцтва дзе-нідзе яшчэ захаваліся даматканыя ручнікі, посцілкі, абрусы, падузорнікі, асобныя часткі адзення.


Вось якія успаміны запісаны са слоў старажыла в. Ступляны  Аўдзеенка Анастасіі Аксёнаўны (1924 г.н.):  «Апошні раз ставілі кросны  ў нашай сям’і ў 1940 – 1941 гг. Ткацкі станок называўся ў нашай вёсцы «ставы». Кросны ставілі восенню, калі пачынаўся пост, іх ставілі мужчыны.    
   

Маці заўжды казала: «Пойдзем снаваць кросны». Ніколі не снавалі ў панядзелак, нядзелю і святы, бо гэта быў грэх. Можна было ткаць палатно і ў каляды, але толькі да абеду. З 10 гадоў прала самастойна на калаўроце. Бакавыя часткі станка называліся – «ставы». Набор састаўных частак кроснаў – «прычындалле». Палатно намотвалася на «навоі». Пра даўжыню гатовага палатна казалі: наткала тры губкі палатна. Адна «губка» – 8 метраў. Для ткацтва выкарыстоўвалі льняныя ніткі, іх бралі і за аснову і на ўток. Каб адбяліць палатно, мачылі яго ў рэчцы, расцілалі на лугу, каб сохла. Так з нядзелю, можа і больш, пакуль адбеліцца. Каб з льнотрасты атрымаць белыя ніткі, яе лажылі на дзве палкі ў сажалку. Ляжала там нядзелю, потым яе сушылі, мялі, трапалі, часам з валакна пралі белыя ніткі. Маглі і фарбаваць ніткі перад тканнем. Фарбы маці купляла на рынку, ці абменьвала на харчы. Вілі пляцёнку, мачылі, білі пранікам чалавек 5 – 6, каб крэпкая была, потым сушылі. Маці яе перацірала, каб мякчэйшыя былі, затым навівалі аснову з гэтых нітак. Пафарбаванымі ніткамі ніколі не навівалі аснову. Каб пафарбаваць пляцёнку, у чане кіпяцілі ваду, сыпалі парашок, клалі пляцёнку, мяшалі палкай, каб фарба раўнамернай была, затым білі пранікам, сушылі і навівалі. Снавалі з матавіла. Калі памыляліся, накідваючы ў ніты ці бёрды, казалі «перамот». Снавалі ніткі на сцяне, выкарыстоўваючы «сноўку». Снавалі ў две ніткі. Даўжыня паміж колышкамі снавальні называлася «губка». Снавалі ў 4 – 5 губак для ручнікоў, 10 – 12 губак для палатна. Ткалі ў 8 пасмаў палатно для ручнікоў, 10 – 12 пасмаў палатно для сарочак, адзення. Пасма – колькасць нітак асновы, 1 пасма – 15 нітак. Калі ўводзілі ніткі ў ніты і бёрды, казалі «уводзяць». Звычайна ўводзілі самі па памяці, або глядзелі на вытканыя рэчы. Узоры перадаваліся з пакалення ў пакаленне, старыя людзі казалі, што іх нельга мяняць. Было і так, што памыляліся пры накіданні. Памылкі называліся «адна цэпка», потым іх спраўлялі. Для самага  тонкага палатна бёрда называлася «кужэльная», для посцілак – «посцілкавая», «суконная». Скручанае палатно называлася «жруба». Ткалі і палоскамі, і ў клетку. Узорыстае палатно ткалі пры дапамозе дошчачкі – «бральніцы». Узоры былі: «дымка», «ёлачка», «васількі», «вяночак», «ромбы», «жучкі», «крыжыкі», «у кветкі», «у вочкі». 


Вось так тлумачылі мясцовыя майстрыхі таямнічасць і цудадзейнасць абуджэння прыроды пасля зімовага сну, стварыўшы ўзор сонца ў выглядзе ромба з адросткамі-прамянямі.


Зямлю зашыфроўвалі гэткім жа ромбам, але з прамянямі ўнутр. Укампанаваўшы сімвал сонца ў сімвал зямлі, майстрыхі вобразна паказвалі, як спалучэнне жыццёвых сіл сонца і зямлі абудзіла прыроду, наступіла вясна.


Ромб – першы  сімвал жыццёвасці, дабратворнасці і, мабыць, першая сімвалічная выява, знак  жыцця і дабра. Ромбы былі грабеньчатыя, канцэнтрычныя, з падоўжанымі канцамі, запоўненыя разеткамі ці крыжамі. Для арнаменту характэрны былі прамалінейнасць абрысаў даволі буйных матываў, прастата і яснасць узораў, спакойны рытм чаргавання аднародных элементаў, гарызантальная і вертыкальная сіметрыя малюнка. Яны ўспрымаліся таксама як знакі сонца, агню, зямлі, неба, вады, свету і  праяўляліся ў тым, што контуры адной фігуры маглі быць адначасова контурамі другой, а ў адным малюнку, дзякуючы выкарыстанню прынцыпа наслойвання, спалучаліся некалькі розных па маштабу фігур, якія тым не менш захоўвалі адзіны цэнтр і паралельнасць ліній. Тыповым прыкладам наслойвання з’яўляліся канцэнтрычныя ромбы ці разетка (крыж) у рамбічным контуры. За падобнай сувяззю паміж фігурамі праглядваецца ідэя агульнай гармоніі і цэласнасці прыроды і сусвету. 


Узор, які спалучае сімвалы зямлі і сонца, шырока вядомы ў нашай мясцовасці. Калісьці яго можна было бачыць у кожнай сялянскай хаце, паколькі ён лічыўся цудадзейным. Называюць яго па-рознаму: Жыццё, Вясна, Ярыла. Гэта адзін з найстаражытных сімвалаў, у якім зашыфравана вялікая таямніца жыцця.
Часцей сустракаюцца больш умоўныя сімвалы Ярылы, звычайна ў выглядзе арнаментальных разетак з прамянямі, якія адыходзяць убок, прычым гарызантальныя адросткі прамяні крыху большыя. Як бачым, матыў падобны на ўжо вядомы нам сімвал Сонца, і гэта невыпадкова. Некаторыя ткачыхі гаварылі, што Ярыла – сын Сонца.


Падобны на зорку і матыў з шасці-васьмі ліній, якія перасякаюцца пад прамым вуглом. Нагадвае ён узор Нівы (Маці-Карміцелькі). Тут, відаць, адлюстравана сувязь з народнымі павер'ямі.

Калекцыя ручнікоў  Платонавай Лідзіі Дзмітрыеўны (1925 г. н.)  в. Чарнаручча

На адным з ручнікоў вышыты пышны букет ў вазоне, падобны на тыя, што стаяць на падаконніках.

Гэты сімвал, як паведаміла сама Лідзія Дзмітрыеўна, азначае жаночую долю майстрыхі. Увогуле сімвал жаночай долі больш правільна было назваць мараю пра лепшую жаночую долю.

Арнамент некаторых яе ручнікоў прадстаўляе сабой хвалепадобную галінку з рытмічна адыходзячымі ў розныя бакі  кветкамі. Краі ручніка аздоблены вязанымі карункамі.

Гладкія чырвоныя палосы ўзбагачаліся тонкімі лініямі каляровых уточных пракідак розных адценняў. Шырока ўжываўся і прыём пачарговага прапускання ўтка двух колераў, напрыклад, белага і чырвонага або чырвонага і чорнага, што давала урэшце рэшт  шашачны малюнак.

Таксама на адным з ручнікоў вышыты даволі цікавы арнамент. Са слоў Лідзіі Дзмітрыеўны – гэта свечка, але з якой нагоды яна вышыта, сказаць не змагла. Магло быць і так, што дзесьці на ярмарцы  ці ў суседзяў убачыла прыгожы ўзор і па памяці вышывала.

Калекцыя творчых работ  
Ануфрыевай Надзеі Захараўны  (1936 г.н.) в. Рамшына

На адным з ручнікоў вышыты дзве птушкі, якія павернуты галоўкамі адна да адной,  паміж імі букет, гэта значыць, што каханне ў самым росквіце і выказваецца пажаданне вечнага шчаслівага кахання. 


Арнамент  ручнікоў надзвычай разнастайны і багаты – ад простых слупкоў, шашачных і зубчастых узораў да складаных геаметрычных распрацовак з прысутнасцю разетак, зорак.  


У большасці выпадкаў – гэта шматколерныя   кампазіцыі. У асноўным гэта  раслінныя матывы – выявы кветак, бутонаў, лісця, галінак, гронак вінаграду. Нярэдкімі сярод іх былі і відарысы птушак. 

Даматканая посцілка жыхаркі вёскі Рамшына Волкавай Таццяны Фядосаўны. Па словах жанчыны, гэта ўзор вады, які складаецца з прамавугольнікаў і клетак, у сярэдзіне большыя, а па краях меншыя, як кругі на вадзе, у якую кінулі камень. 


Пазней традыцыйная вышыўка крыжыкам чырвонымі, чорнымі, шэрымі ніткамі, традыцыйным арнаментам была адціснута надзвычай папулярнай  шматкаляровай гладдзю. 

bottom of page