top of page
лшдвуфй.png
Традыцыйныя абрады нашай мясцовасці1.png

Нараджэнню дзіцяці спакон вякоў нашы продкі надавалі асаблівую ўвагу і прыхільнасць. Шматлікія забароны, вераванні, магічныя дзеянні і рытуалы дайшлі да нашага часу ў нашай мясцовасці. Асабліва вялікая група павер’яў звязаны з цяжарнасцю жанчыны. Усе павер’і і звычаі накіраваны на фізічны спакой цяжарнай жанчыны і на нараджэнне здаровага дзіцяці. Цяжарнай жанчыне забаранялася глядзець на пажар і асабліва ў гэты час датыкацца рукамі да свайго цела, бо ў дзіцяці на гэтым месцы будуць чырвоныя плямы, забаранялася працаваць у вялікія святы, асабліва ў Каляды, у святы тыдзень пасля Вялікдня, і ў «крывы тыдзень» пасля Троіцы, каб дзіця не нарадзілася крывое, сляпое ці неразумнае. Цяжарнай жанчыне забаранялася красці, маніць, каб дзіцяне было злодзеем і манюкай.

Забаранялася цяжарнай накідваць вяроўку на плечы, або пераступаць цераз яе, каб у час родаў пупавіна не закруцілася вакол шыі дзіцяці.

​

Таксама захаваліся павер’і, калі ў цяжарнай жанчыны прыбліжаліся роды,  маці цяжарнай абводзіла рожаніцу вакол стала і прыгаворвала: «Як табе Манечка лёгка хадзіць вакол гэтага стала, каб табе так лёгка раджалася», або лажылі ў абуўку жанчыны пяць капеек, каб лёгка радзіць.

зануа.png

Радзіны

гннок1.png
гннок1.png
гннок1.png
зануа.png

Хрэсьбіны

Хрэсьбіны, або хрысціны, – радзінны абрад, які праводзіўся ў сям’і новароджанага з выпадку яго хрышчэння ў  царкве ці касцёле. Спраўлялі хрэсбіны звычайна ў адну з нядзель на працягу першага месяца -  паўтара пасля  родаў. Абавязкова выбіралі нядзелю, калі месяц на небе расце, або калі поўня (каб у дзіцяці на працягу жыцця ўсё было добра).  Хрэсбіны – гэта рытуалізаванае  далучэнне дзіцяці да спрадвечнай веры дзядоў і прадзедаў, прыняцце яго ў рэлігійную абшчыну. Да гэтага дня бацькі выбіралі кумоў: мужчыну і жанчыну, якія прадстаўляюць дзіця ў святым храме Богу і пасля рытуалаў хрышчэння лічуцца ў адносінах да дзіцяці хросным бацькам і хроснай маці, або «татулька» і «матулька», а дзіця называюць «мой хрэснік». Бацькі новароджанаеа называюць хросных – кумамі.

Выбраўшы кумоў, яны няслі ім у дом хлеб–соль: «Прыміце хлеб–соль і просім стаць для нашага дзіцяці хросным (хроснай)».  Калі хлеб–соль прымалі, гэта значыць, далі згоду.

​

Дзіця вязлі хрысціць у другой палове дня. А к абеду ў хату новароджанага збіраліся кумы і бабуля. Кума абавязкова прыносіла для будучага хрэсніка хлеб, пялёнкі, адрэз палатна, на якім потым яна трымае малое на хрышчэнні. Кум прыносіў хлеб і ручнік. Бабуля ў гэты дзень павінна была памыць унука. Яна кідала ў ванначку святыя зёлкі, а таксама галінку чартапалоху, «каб не баяўся сурокаў», кідала капейкі, «каб быў багаты», пад ванначку клала кніжкі, «каб быў вучоны». Памыўшы дзіцятка, бабуля адзявала  яго ў ва ўсё сваё прынесенае ёю. Бацькі запрашалі кумоў і бабулю напярэдадні хрышчэння паабедаць разам. Потым бабуля спавівала дзіцятка і перадавала яго куме.

​

Пакуль кумы з дзіцём у храме, бацькі, бабуля і іншыя члены сям’і «накрывалі на стол» для святочнага застолля. У гэты час у хату збіраліся госці – род дзіцяці. Кожны з іх прыносіў для новароджанага падарункі.

​

Раней на хрышчэнні імя дзіцяці даваў святар, але і сёння царкоўнае імя дзіцяці таксама дае святар. Вось напрыклад: бацькі назвалі дзяўчынку Владлена, а такога імя няма ў царкоўным календары. Святар даў ёй імя Валянціна.

​

Сустрэча кумоў суправаджалася адпаведным рытуалам.

​

Родныя дзіцяці і бабуля гатуюць шубу (кажух), і кросныя як уваходзяць у хату, падыходзяць да бабулі, якая трымае кажух ворсам к верху, кланяюцца і гавораць:

​

«Як мы бачылі Івана пад хрыстом, так каб і бачыць пад вянцом» і ложаць дзіця на кажух, каб дзіця было багатым. А бабуля перадае дзіця маці. Потым бабулю і кумоў запрашалі сесці за стол на куце, а астатнія госці садзіліся вакол стала. Першую чарку падымалі за новага члена роду і выказвалі пажаданні: «Дай, Божа,нашаму Іванку добрай долі!» Многа зычэнняў і жартаў выказвалі таксама ў адрас бацькоў, кумоў, бабулі.

​

Кульмінацыйным момантам радзіннай абраднасці лічылася падаванне бабінай кашы.

​

Бабіна каша – гэта рытуальная страва, якая варылася, як ахвяраваная ежа Багам. З яе дапамогай імкнуліся заручыцца падтрымкай апошнім «на шчаслівы лёс дзіцяці». Каша варылася з круп, дабаўлялі мёд, масла, малако, каб каша спадабалася гасцям, а гэта значыць, Багам.

​

Цяпер у нашай мясцовасці кашу не вараць, а замест яе бабуля накуплівае розных прысмакаў: цукерак і разнастайныя сладасці. Бабуля ў вялікую міску сыпле прысмакі, а на другую талерку засцілае ручнік і падыходзіць да кожнага госця. Прысутныя кладуць на талерку з рушніком грошы, спачатку мала  (купляюць кашу), пробуюць прысмакі, і калі ім падабаецца, кладуць яшчэ і кажуць пажаданні дзіцяці:  «Дай, Божа, каб наша дзіця было крэпкім, як вада, багатым, як зямля, каб у нашага дзіцяці доля была салодкая, як бабіна каша».

​

Пасля таго, як баба падзяліла кашу і сабрала грошы, яна аддае ўсё бацькам новароджанага і частуе гасцей.

​

Потым бацькі дзіцяці даюць падарункі бабулі і бабулям з аднаго і другога боку. У нашай вёсцы не адорваюць кумоў, толькі бабулю і дзвюх бабуль. Даюць «намёткі» на плацце. Бабуля і бабкі скачуць у загорнутых «намётках», а потым здымаюць іх і кідаюць у кут, пры гэтым прыгаворваюць: «Кідаю намётак у кут, каб цераз (год, два) быць тут».

​

І зноў садзяцца за стол, а бацькі дзіцяці іх частуюць. Калі выкананы амаль усе рытуалы, пачынаюць спяваць песні.

гннок1.png

Каб я знала , ведала
А хто ў мяне бабай будзе
Пасадзіла б я яе

Ды ў  гародзе на градзе
За чырвонаю ружу.

Палівала б я яе

Не вадой – а сытою.

Калі б сыці не стала

Я б і мёду б дастала.

Каб я знала ведала,
А хто ў мяне кумам будзе,

Пасадзіла б я яго

Ды ў гародзе на градзе

За сінь – васілёчак.

Палівала б я яго
Не вадой- а сытою.

Палівала б я яго

Не вадой – а сытою.

Калі б сыці не стала

Я б і мёду б дастала.

Каб я знала, ведала,
А хто ў мяне кумой будзе,

Пасадзіла б я яе

Ды ў гародзе на градзе

За пахучую мяту.

Палівала б я яе

Не вадой – а сытою.

Калі б сыці не стала
Я б і мёду б дастала.

гннок1.png

Бабка к унучцы ,
Баразёнкай ішла.

Бабка унучцы,
Парасёнка несла.

Первы дзянёк –

Ды з пялёначкамі.

Другі дзянёк –

Ды  з лукошачкамі.

Сама прыйшла

І дзеда прывяла,
І дзеда прывяла

І ўвесь кут заняла.

Абрад хрысцін праводзіўся адзін або два дні. На другі дзень бабулю і кумоў «каталі» на баране. Бабку садзілі на барану зубамі ўверх і каталі па сялу. Каб бабулі не сядзець на голай баране,  яна адкуплася і ёй давалі падушку, ці кажух. Потым заходзілі да бабулі ў хату і яна частавала гасцей. Такім чынам вазілі кума і куму. Рытуал «катаць» бабу і кумоў на баране захаваў з даўняга часу. Чалавек падобнымі дзеяннямі імкнуўся адагнаць злых духаў ад свайго роду.

гннок1.png
гннок1.png
гннок1.png

Вяселле – ад слова «весела». І сапраўды, на вяселлі не змаўкаюць песні, музыка, жарты, віншаванні і пажаданні, не спыняюцца танцы, тэатралізаваныя сцэнкі.

 

Уступленне маладых людзей ў шлюб – незабыўнае свята як для іх, так і для сям’і, сваякоў, суседзяў.

 

Вяселле нагадвае своеасаблівы спектакль, дзе можна ўбачыць сапраўдную прыгажосць народных звычаяў і дзе разам з тым ярка раскрываюцца душа народа, яго псіхалогія. Вясельная абраднасць дае яскравае ўяўленне пра розныя бакі народнага побыту беларусаў, іх характэрныя вераванні, маральныя, этычныя і эстэтычныя погляды.

зануа.png

Вяселле

гннок1.png
гннок1.png
гннок1.png

Гэта першае звяно вясельнай абраднасці. Сваты – выбраныя прадстаўнікі ад пэўнай сям’і і роду дамаўляліся з бацькамі, якія мелі дарослую дачку, каб тыя выдалі яе замуж за хлопца, род якога яны прадстаўлялі.

​

Раней сваталі дзяўчат звычайна да Пакравоў, а вяселле гулялі да Піліпаўкі. Гэта звязана з тым, што з палёў сабраны ўраджай, і ёсць з чым вяселле рабіць. Цяпер робяць вяселле ў любую пару, але стараюцца, каб не ў пост. У сваты запрашалі хроснага бацьку, - ён старэйшы сват, - дзядзькоў хлопца, братоў, калі тыя былі жанатыя, жаніх і бацька. У наш час колькасць прыйшоўшых у сваты можа быць і больш – ўсё залежыць ад заможнасці і магчымасцей сямей жаніха і нявесты.

зануа.png

Сватанне

У сваты ішлі  (і зараз таксама) пасля заходу сонца, калі ўжо змяркаецца. Бралі з сабой хлеб–соль на ручніку і бутэльку гарэлкі. Зараз яшчэ жаніх нясе кветкі нявесце і будучай цешчы, цукеркі, і іншыя прысмакі. Прыйшоўшы да дзяўчыны, сваты не заходзілі ў хату, а пачыналі гаманіць паміж сабою так, каб пачулі гаспадары. Бацька нявесты выходзіў на ганак і пытаў: «Хто вы будзеце?»


На што сваты адказвалі: «Ды вось шукаем скарб, кажуць, што ён тут у вас», або: «Дачуліся мы, што ў вас ёсць цялушка на продаж. Ці пакажаце нам яе?»

​

Бацька запрашаў гасцей ў хату. Зайшоўшы , госці віталіся, заяўлялі аб мэце свайго прыходу Потым ставілі на стол хлеб–соль і гарэлку: «Даём Вам хлеб–соль і гарэлку, аддайце нам красную дзеўку». Абавязкова нехта з сватоў падыходзіў да печы і браўся рукою за яе, гэта азначала, што ўсё добра атрымаецца.

​

Бацькі маладой запрашалі гасцей за стол. Калі выпівалі гарэлку сватоў, гаспадары ставілі сваю, гэта таксама азначала, што справа ідзе на лад.

​

У  вёсцы Гарадзец сваты і заручаны праходзілі ў адзін дзень. Гэта захавалася і да нашых дзён. Калі ўжо госці пасядзелі , выпілі за жаніха і нявесту, бацька дзяўчыны падыходзіў да маладых і складваў іх рукі адна на аднуі прыгаворваў:

​

«Дай, Божа, у  добры час,

На вясёлае жыццё,

На добрае здароў’е,

На доўгі век,

На дзіцячае    шчасце!»


Усе прысутныя хорам гаварылі: «Дай, Божа!». Потым жаніх дарыў нявесце пярсцёнак. Пасля госці частаваліся, а потым дамаўляліся аб вяселлі. Калі госці ад’яджалі, маці маладой падносіла сватам пірог, або хлеб.  З дня сватаў і да вяселля маладых называлі жаніх і нявеста.

гннок1.png
гннок1.png
гннок1.png

Зборная субота – перадвясельны вечар, у час якога жаніх і нявеста рыхтаваліся да вяселля, кожны паасобна з сваёй дружынай. Раней вяселле беларусаў пачыналася ў нядзел, то зборы маладых да перадшлюбных рытуалаў праводзіліся ў суботу,   чым і тлумачылася гэта назва – збірацца да вяселля ў суботу. З цягам часу вяселле пачыналі гуляць у суботу, але абрад перадвясельнага вечара захаваўся, толькі перанёсся на пятніцу. Зборы жаніховай дружыны маюць у народзе і яшчэ адну назву – хлапечнік, а у дзяўчыны – дзявічнік. Перад тым, як пачнецца абрад зборнай суботы  малады і маладая з шаферам і шаферкай абыходзяць сваякоў, блізкіх і знаёмых і запрашаюць на вяселле.

зануа.png

Зборная субота

Па традыцыі жаніх і нявеста не павінны былі сустракацца перад вяселлем. У хлопца–жаніха вечарам збіраліся яго сябры, браты, сёстры. Хлопцы рыхтавалі да паездкі на вяселле павозкі, упрыгожвалі конскую вупраж, абкручвалі каляровымі стужкамі дугу і абавязкова прыбівалі да яе тры медныя званочкі. На заканчэнне, бацькі жаніха рабілі для моладзі невялікае застолле, на якім сябры развітваліся са сваім сябрам-халасцяком і размяркоўвалі паміж сабою ролі і абавязкі на дзень вяселля.

 

Старэйшая радня: хросная маці, цёткі, сёстры таксама збіралася вечарам у хаце жаніха. Але ў іх былі другія клопаты: адны пачыналі мясіць цеста для вясельнага каравая, другія рыхтавалі розныя стравы для вяселля. Пры гэтым гаварылі: «Дай, Бог, нашаму караваю ў дзяжы спор, а ў печы падыход». З цеста рабілі розныя ўпрыгожванні для каравая – шышачкі, лісцікі, птушачак. Пасярэдзіне каравая прымацоўвалі вялікую шышку. Апрача асноўнага каравая, пяклі меншы каравай маладых сустракаць, булкі, сырнікі, ладкі. Калі каравай быў гатовы, глядзелі, які ён атрымаўся: калі быў трэснуты, прадказвалі цяжкае жыццё маладых, а калі быў гладкі, прыгожы, гэта значыла, што і жыццё будзе такім. Калі ўсе прыгатаванні былі закончыны, бацькі маладога частавалі ўсіх. Раней, рыхтуючы каравай, спявалі розныя песні.

 

У маладой збіраліся яе сяброўкі, шаферка, сёстры і старэйшая радня. Дзяўчаты вілі вянок для маладой, рыхтавалі кветкі для шафераў і ўсёй моладзі, якія будуць гуляць вяселле. Таксама рабілі кветкі для ўпрыгожвання каравая: бралі абструганы колышак, абвівалі яго рознакаляровай паперай, а потым да яго прымацоўвалі кветкі, пры гэтым спявалі песні:

​

У маладой таксама пяклі каравай, а калі ён астыне, у яго ўтыкалі вясельны букет. Цяпер таксама дзяўчаты ходзяць на дзявічнік, але вянка не ўюць, кветак не робяць – іх купляюць. Дзяўчаты рыхтуюць вясельны ўбор і сучасныя ўпрыгожванні нявесты, спяваюць розныя песні, а ў канцы вечара частуюцца.

​

У першы дзень вяселля жаніх з сваёй дружынаю бліжэй к поўдню пачыналі збірацца да маладой. Шафер і сябры дапамагалі апранацца маладому. У гэты час моладзь упрыгожвала вясельны «поезд». Калі падрыхтаванні заканчваліся, бацькі маладога запрашалі ўсіх гасцей за стол. Госці выпівалі па чарцы гарэлкі і падымаліся з–за стала. Маці трымала ручнік, на якім ляжаў хлеб (у хлебе была ўваткнута запаленая свечка), а бацька – трымаў ікону Мікалая–цудатворца. Жаніх падыходзіў да бацькоў і яны яго благаслаўлялі,  жадалі яму шчасця. Тры разы перакрыжоўвалі сына іконай і кожны раз давалі яму цалаваць ікону. «Сынок, Благаслаўляем цябе на пасад, на шчаслівае жыццё, на доўгі век, на добрую долю».  Можно так:  «Благаславі Бог, ваша новае святое жыццё ў чыстым шлюбе на многія лета». Маці, праводзячы ўвесь «поезд» перакрыжоўвала  ўслед рукою і ўсе кажуць: «З Богам» і  ад’яджаюць да маладой. Уперадзе на павозцы ехалі малады, шафер, маці хросная і старшы сват,  а астатнія госці – следам за імі. Музыка і песні гучалі на працягу ўсяго шляху. У наш час таксама так робяць.

гннок1.png
гннок1.png
гннок1.png

К поўдню ў маладой  збіраліся сяброўкі і госці. Дзяўчаты адводзілі маладую ў адну з суседніх хат, каб апрануць у вясельнае ўбранне і схаваць ад жаніха. Да выбару такой хаты існавалі пэўныя патрабаванні: каб маладую цераз вуліцу не пераводзілі, не апраналі нявесту і ў хаце ўдавы або ўдаўца, або хто жыў адзін. Нявеста пачынала апранацца, прычым ёй ў гэтым дапамагалі сяброўкі. Калі маладая прыбраная,  яе садзяць на пасад:  накрывалі скрыню кажухом аўчынаю наверх і толькі потым садзілася маладая.                                                     

зануа.png

У маладой

Вясельныя песні

​

Ляцелі гусычкі цераз сад,

Гукнулі, крыкнулі на ўвесь сад:
             – Пара табе, Манечка, на пасад.

– Што вам, гусачкі, да таго.

Ёсць у мяне мамачка для таго.

Як скажа пайсці, я й пайду,

А скажа сесці, я й сяду,

Дзякую, мамачка, дзякую,

Паследнюю ночаньку начую .

А заўтра ўжо не прыду

Не на дзве ночанькі, не на дну.

 

Прыехаўшы да двара маладой, віталіся са сватамі, знаёміліся з гасцямі нявесты. Малады браў з сабою сваіх сябраў, шафера і ішоў шукаць маладую.

​

Дзявочая дружына затойвалася, каб хлопцы не адразу знайшлі іх. Калі ж урэшце яны траплялі ў хату, дзе была нявеста з сваімі сяброўкамі, то перад парогам у сенцах далейшы праход быў перагароджаны сталом, за якім стаялі дзяўчаты. Яны не пускалі хлопцаў у хату і патрабавалі выкуп за сяброўку–нявесту. На «выкуп» дзяўчатам паджанішнік і яго сябры давалі грошы, цукеркі, настойку, наліўку. Выкуп працягваўся доўга, пакуль хто з хлопцаў жартам пералазіў да дзяўчат,  і прымаў стол. «Выкупіўшы» нявесту, жаніх  браў яе за руку з аднаго боку, а брат нявесты с другога і вялі  маладую ў хату, дзе іх чакалі госці.

 

– Стукнулі, грукнулі на дварэ

Паглядзі, мамачка, ці не па мяне?

– Па цябе, дачушка, па цябе.

– Гатуй, мамачка, кублік мне.

– Едзь, мая дачушка, без кубла

Ты мне кудзельку не скубла.

– Ой, скубла, скубла, шамацела

За гэтага кавалера захацела.

​

Ён тройчы абводзіў вакол стала па ходу сонца маладую, а потым падыходзілі да бацькоў маладой на благаславення. Пасярод хаты засцілалі ручнік, бацька запальваў грамнічную свечку, маці брала абраз з выявай святога і маладых запрашалі стаць на ручнік.

​

Маладыя станавіліся на ручнік і нізка кланяліся бацькам,  прасілі благаславення ў бацькоў.  Яны тройчы цалавалі абраз і выходзілі  з хаты, а маці брала пасудзіну з зернем і, ідучы следам за маладымі, абсыпала іх. Калі маладыя сядалі кожны ў сваю падводу,  маці тройчы  абходзіла іх  абсыпаючы зернем.

​

Вянчанне маладых праходзіла па адзінаму рэлігійна-грамадскаму акту,  які ўзаконьваў пачатак сямейнага жыцця хлопца з дзяўчынай.

​

Пасля вянчання маладыя ехалі разам на першай павозцы, з імі побач сядзелі старшыя шаферы і хросныя бацькі. Іншыя госці ехалі следам за імі, усю дарогу спяваючы песні.

гннок1.png
гннок1.png
гннок1.png

Пасля вянчання маладыя ехалі да маладой. Па дарозе з царквы,  аднавяскоўцы абавязкова загароджвалі дарогу вясельнаму поезду: «бралі зайца». Гэты звычай ў нашай вёсцы захаваўся да нашага часу. Пасярод вуліцы ставілі стол, клалі на яго бохан хлеба, або нацягвалі праз вуліцу чырвоную стужку, віншавалі маладых і патрабавалі выкуп. Сват таргаваўся, а потым даваў выкуп: бутэльку або дзве гарэлкі, закусь, а тыя перадаюць праз свата маладым «хлеб–соль», зычаць ім шчасця, і даюць ім дарогу.

зануа.png

Сустрэча маладых пасля вянца

Пад’ехаўшы да дому маладой, госці спявалі:

​

Запалі маці свечку,

Запалі маці свечку,

Выйдзі на сустрэчку,

Сустрэнь сваё чада,

Першае нараджонае,

Другое суджонае.

*кожны радок паўтараецца два разы*

​

Маладых сустракалі бацькі маладой з хлебам–соллю, з бутэлькай гарэлкі. Яны віншавалі маладажонаў з заключэннем шлюбу, потым бацька наліваў у чаркі гарэлку, якую яны, толькі прыгубіўшы, вылівалі праз левае плячо за сябе, і кідалі чаркі так, каб яны разбіліся. Потым маці падносіла ім хлеб і давала ўкусіць з цэлага бохана спачатку дачцэ, а потым зяцю.

​

Потым маладыя ішлі ў хату і садзіліся за святочны стол у самы кут. Госці маладога садзіліся за левы бок стала, а маладой –  за правы. Святочнае застолле ў маладой працягвалася доўга. Госці віншавалі маладых, выпівалі за іх шчаслівае сямейнае жыццё, спявалі шмат песень, якія былі прысвечаны маладым:

​

І адна ягадка ў полі расла,

Другая ягадка ў саду расла.

Ягадка з ягадкай скаціліся,

Ванечка з Манечкай злюбіліся.

Манечка Ванечку ручку дала.

Не бойся, Ванечка, я ўжо твая.

*кожны радок паўтараецца два разы*

 

Красіва Манечка, красіва.

– Ці не сонца цябе радзіла,

Ці не месяц цябе гадаваў,

Ці не ветры цябе калыхалі,

Ці не зоркі цябе забаўлялі?

– Радзіла мяне мамачка,
Гадаваў мяне татачка,

Калыхалі мяне братцы мае,

Забаўлялі мяне сёстры мае.

*кожны радок паўтараецца два разы*

​

*********

Зялёная вішня

Зялёная вішня, з пад кораня выйшла

Аддала мяне маці, дзе я непрывычна.

Як выйду да долу, як крыкну да дому
– Вары маці вячэру і на маю долю.

– Варыла, варыла, ні мала ні трошкі,

Няма табе дочка ні міскі, ні ложкі.

– Ты думаеш, мама, што я тут паную ,

Прыдзі падзівіся, як я тут гарую.
Ты думаеш, мама, што я тут не плачу

За горкімі слязамі я свету не бачу.

Успомні ты, мама, мяне ў аўторак
А я цябе, мама, на дні разоў сорак.

Успомні ты, мама, мяне ў суботу,

А я цябе, мама, ідучы на работу.

Успомні ты, мама, мяне ў нядзелю,

А я цябе, мама, сцялючы пасцелю.

Зялёная вішня, з пад кораня выйшла

Аддала мяне маці, дзе я непрывычна.

​

Каля хаты, дзе праходзіла вяселле, збіраліся аднавяскоўцы, каб паглядзець на маладых. Ім абавязкова сват выносіў гарэлку і закусь.

​

Да другога  застолля ў маладой запрашалі толькі радню маладой, бо трэба было «дарыць маладую». У гэты час выносілі караваі, ставілі на стол, дзе сядзелі  маладыя,  ставілі чатыры чаркі:  дзве для маладых і дзве для гасцей,  графін з гарэлкай і закуску. Да стала падыходзілі хросная маці і хросны бацька. Маці хросная рэзала каравай, а сват браў талерку, абгортваў яе ручніком, сыпаў туды капейкі і пачынаў выклікаць родзічаў маладой. Хросныя бацька і маці кожнаму, хто надзяляў маладых, адразалі кавалак каравая і налівалі чарку гарэлкі. Хросны  першымі выклікаў бацьку і маці. Яны падыходзілі да стала маладых і дарылі, пры гэтым гаварылі:

​

– Даруем хлебам–соллю, добрым здароўем, шчасцем і доляй і векам доўгім!

​

Калі ўсе падаравалі, падарункі звязвалі ў прастыню і аддавалі маці нявесты. Старшы сват запрашаў усіх гасцей падняць чаркі за маладых, каб збыліся ўсе пажаданні , якія прагучалі. Потым госці маладой выходзілі з-за стала, а гасцей маладога запрашалі за стол. Сваты ад маладога «выкуплівалі падушкі», усе пасцельныя прылады. Сваты ад маладой таргаваліся, каб больш далі грошай.

​

Калі госці адд’яджалі да маладога, госці маладой спявалі ім песні:

​

Дабранач, мамачка, дабранач
Я паеду ад цябе ды нанач.

Не на ноч, не на дзве,
А паеду ад цябе на ўвесь век.

А не дай жа, Божа,  ноч начаваць,

А дай жа, Божа, век векаваць.

Ай, ноч начаваць гасціна,

А век векаваць радзіна.

 

*********

– А ці будзеш, мая мамачка, гараваць?

Як я буду на чужыначцы гараваць.

– Ой, не буду, дачушачка, не буду,

Ты за вароцікі, я за другія, забуду.

Кубачкі мыла перамывала,
На Дунай пускала.

Плывіце кубачкі то ўніз, то ўгару,

К свякроўкінаму двару.

Ў панядзелак рана я сама там буду,

Я вас перайму і віном напаўню.

А будзь здарова, ды мая свякрова!

– На здароўека, ды не родна дзіця.

гннок1.png
гннок1.png
гннок1.png
зануа.png

Сустрэча маладых у доме жаніха

Прыехаў Ванечка ды к вароцікам

Ён стукнуў, грукнуў у вароцікі.

Адкрывай, мамачка, ты вароцікі

Ужо ж мае конікі перабегліся

Ужо ж мае свацікі перапеліся.

Ужо ж мая Манечка пераплакалася.

*кожны радок паўтараецца два разы*

Бацькі жаніха сустракалі маладых і адразу абсявалі іх жытам, а потым паднасілі ім  хлеб-соль, і праводзілі хату. Свацця маладой вешала на покуць абраз, які прывезлі ад маладой і ўпрыгожвала вышываным ручніком. Усе госці маладога запрашаліся за стол, але застолле было кароткім. Потым маці маладога здымала з нявесты вянок з фатой,  весіла на абразы і вяла маладых спаць.  

      

Зранку сваты прыходзілі ў хату, дзе спалі маладыя, каб іх «памыць». Іх аблівалі вадой, або маладыя адкупліваліся гарэлкай.

​

У хаце над нявесткай госці праводзілі розыгрышы: рассыпалі па хаце гарох, сена, або якое-небудзь смецце, і тая павінна была падмятаць хату, прымушалі напячы бліноў. Маладая не займалася ўборкай ці іншай працай сама, яе выручалі залоўкі, свякрова, або самі госці. А маладая станавіла за гэта выкуп: цукеркі, гарэлку, розныя прысмакі. Потым пачыналі збірацца госці маладога, а маладая чакала, калі прыедуць «прыданкі», так называлі гасцей маладой , якія прывозілі прыданае.

​

Калі прыданкі  прыяджалі , то чакалі , каб іх выйшлі маладыя сустракаць і спявалі песні:

​

А госцікі, а прыезжыя…

А госцікі, а прыезжыя паклон вам.

Ці не пераляцела наша курачка ўчора к вам.

А хоць пераляцела, хоць не пераляцела

Не аддадзім вам.

Круп пасыпайце, вады палівайце,

Прывучайце.

А госцікі, а прыезжыя, паклон вам

Ці не пераехала наша

Манечка ўчора к вам.

Хоць пераехала, хоць не пераехала

Не аддадзім вам

Кашу варыце, бліны пячыце, прывучайце,

Толькі ж часцей у госцікі пускайце

Багатыя гасцінчыкі давайце.

Каўбас шастом, парасят з хвастом, прывучайце.

​

«Прыданак» запрашалі ў хату сваты і маладыя. Госці жаніха ўносілі за імі прыданае. Як і ў першы дзень , вяселле ў маладога праходзіла з трымя застоллямі.

​

Адразу садзілі ўсіх гасцей за сталы, і калі трохі пасядзелі, госці ад маладой ідуць плясаць, а госці маладога застаюцца і пачынаюць дарыць маладога. Парадак дарэння такі ж,  як і ў маладой. Пад канец дарэння, нявеста давала падарункі радні жаніха, пачынаючы са свёкра і свякрухі, называла іх «тата» і «мама».  Потым выходзілі ўсе з–за стала і ішлі  танцаваць, а ў хаце маладога рыхтаваліся садзіць за сталы гасцей ад маладой «прыданак».  Яны сядзелі нядоўга і пачыналі збірацца да дому. Госці ад маладога пачыналі спяваць песні, у якіх напаміналі «прыданкам», што трэба дадому. Прыданкі спявадлі свае песні, у якіх дзякавалі сватоў за прыём.

         

А спасіба сваток за мядок

Напіталі душу на гадок

А спасіба свацця за гарэлку

Напіталі душу на нядзельку

​

А ў той час, калі госці выходзілі з–за стала і весяліліся, маладога збіралі да цёшчы везці «на боты», гэта значыць; бралі грошы, бутэльку краснай гарэлкі, а цяпер бутэльку краснага віна, упрыгожвалі чырвонай стужкай і адпраўлялі да цешчы. Малады ехаў з шаферам, або з дзядзькам.

​

Маці маладой запрашала ўсіх за стол, а маладога і дзядзьку перавязвала ручнікамі, або куском тканіны. Малады аддаваў цешчы бутэльку краснай гарэлкі, наліваў першую чарку цешчы, а потым усім гасцям (гэта значыла, што маладая была чэсная). Потым хто–небудзь з гасцей здымаў у маці маладой абуўку, і паказваў зяцю, што цешча «без ботаў». Зяць пакрываў грашамі ногі цешчы, або загадзя купляў боты і адзяваў іх цешчы. Яна радасная пачынала танцаваць разам з зяцем. Потым налівалі чаркі і пілі, каб добра насіліся боты. А цешча ў гэты час адлучалася з-за стала і выносіла зяцю пачастунак – яешню, якую зяць абавязаны з’есці адзін.

 

Калі маладая была з адной вёскі з маладым, то зяць запрашаў бацькоў маладой да сябе, а калі здалёк, то яго адпраўлялі да дому, а госці маладой заставаліся гуляць у доме маладой. Яны рабілі падстаўных маладых , абавязкова жанчына была «маладым», а мужчына – «маладой».  Падстаўных маладых дарылі, дзялілі каравай, крычалі «горка». Калі малады прыязджаў да дому ад цешчы, хто быў з гасцей, усіх зноў запрашалі за сталы – вячэраць. А потым госці раз’язджаліся, адыходзілі дамоў.

​

На трэці дзень госці збіраліся, пахмяляліся, успаміналі як яны гулялі вяселле, спявалі розныя песні.

гннок1.png
гннок1.png
гннок1.png
Мы ў сацыяльных сетках
  • Одноклассники
  • ВКонтакте
  • Instagram
  • Ютуб

© 2022. Ўсяму пачатак - родная зямля

bottom of page