Нараджэнню дзіцяці спакон вякоў нашы продкі надавалі асаблівую ўвагу і прыхільнасць. Шматлікія забароны, вераванні, магічныя дзеянні і рытуалы дайшлі да нашага часу ў нашай мясцовасці. Асабліва вялікая група павер’яў звязаны з цяжарнасцю жанчыны. Усе павер’і і звычаі накіраваны на фізічны спакой цяжарнай жанчыны і на нараджэнне здаровага дзіцяці. Цяжарнай жанчыне забаранялася глядзець на пажар і асабліва ў гэты час датыкацца рукамі да свайго цела, бо ў дзіцяці на гэтым месцы будуць чырвоныя плямы, забаранялася працаваць у вялікія святы, асабліва ў Каляды, у святы тыдзень пасля Вялікдня, і ў «крывы тыдзень» пасля Троіцы, каб дзіця не нарадзілася крывое, сляпое ці неразумнае. Цяжарнай жанчыне забаранялася красці, маніць, каб дзіцяне было злодзеем і манюкай.
Забаранялася цяжарнай накідваць вяроўку на плечы, або пераступаць цераз яе, каб у час родаў пупавіна не закруцілася вакол шыі дзіцяці.
Таксама захаваліся павер’і, калі ў цяжарнай жанчыны прыбліжаліся роды, маці цяжарнай абводзіла рожаніцу вакол стала і прыгаворвала: «Як табе Манечка лёгка хадзіць вакол гэтага стала, каб табе так лёгка раджалася», або лажылі ў абуўку жанчыны пяць капеек, каб лёгка радзіць.
Радзіны
Хрэсьбіны
Хрэсьбіны, або хрысціны, – радзінны абрад, які праводзіўся ў сям’і новароджанага з выпадку яго хрышчэння ў царкве ці касцёле. Спраўлялі хрэсбіны звычайна ў адну з нядзель на працягу першага месяца - паўтара пасля родаў. Абавязкова выбіралі нядзелю, калі месяц на небе расце, або калі поўня (каб у дзіцяці на працягу жыцця ўсё было добра). Хрэсбіны – гэта рытуалізаванае далучэнне дзіцяці да спрадвечнай веры дзядоў і прадзедаў, прыняцце яго ў рэлігійную абшчыну. Да гэтага дня бацькі выбіралі кумоў: мужчыну і жанчыну, якія прадстаўляюць дзіця ў святым храме Богу і пасля рытуалаў хрышчэння лічуцца ў адносінах да дзіцяці хросным бацькам і хроснай маці, або «татулька» і «матулька», а дзіця называюць «мой хрэснік». Бацькі новароджанаеа называюць хросных – кумамі.
Выбраўшы кумоў, яны няслі ім у дом хлеб–соль: «Прыміце хлеб–соль і просім стаць для нашага дзіцяці хросным (хроснай)». Калі хлеб–соль прымалі, гэта значыць, далі згоду.
Дзіця вязлі хрысціць у другой палове дня. А к абеду ў хату новароджанага збіраліся кумы і бабуля. Кума абавязкова прыносіла для будучага хрэсніка хлеб, пялёнкі, адрэз палатна, на якім потым яна трымае малое на хрышчэнні. Кум прыносіў хлеб і ручнік. Бабуля ў гэты дзень павінна была памыць унука. Яна кідала ў ванначку святыя зёлкі, а таксама галінку чартапалоху, «каб не баяўся сурокаў», кідала капейкі, «каб быў багаты», пад ванначку клала кніжкі, «каб быў вучоны». Памыўшы дзіцятка, бабуля адзявала яго ў ва ўсё сваё прынесенае ёю. Бацькі запрашалі кумоў і бабулю напярэдадні хрышчэння паабедаць разам. Потым бабуля спавівала дзіцятка і перадавала яго куме.
Пакуль кумы з дзіцём у храме, бацькі, бабуля і іншыя члены сям’і «накрывалі на стол» для святочнага застолля. У гэты час у хату збіраліся госці – род дзіцяці. Кожны з іх прыносіў для новароджанага падарункі.
Раней на хрышчэнні імя дзіцяці даваў святар, але і сёння царкоўнае імя дзіцяці таксама дае святар. Вось напрыклад: бацькі назвалі дзяўчынку Владлена, а такога імя няма ў царкоўным календары. Святар даў ёй імя Валянціна.
Сустрэча кумоў суправаджалася адпаведным рытуалам.
Родныя дзіцяці і бабуля гатуюць шубу (кажух), і кросныя як уваходзяць у хату, падыходзяць да бабулі, якая трымае кажух ворсам к верху, кланяюцца і гавораць:
«Як мы бачылі Івана пад хрыстом, так каб і бачыць пад вянцом» і ложаць дзіця на кажух, каб дзіця было багатым. А бабуля перадае дзіця маці. Потым бабулю і кумоў запрашалі сесці за стол на куце, а астатнія госці садзіліся вакол стала. Першую чарку падымалі за новага члена роду і выказвалі пажаданні: «Дай, Божа,нашаму Іванку добрай долі!» Многа зычэнняў і жартаў выказвалі таксама ў адрас бацькоў, кумоў, бабулі.
Кульмінацыйным момантам радзіннай абраднасці лічылася падаванне бабінай кашы.
Бабіна каша – гэта рытуальная страва, якая варылася, як ахвяраваная ежа Багам. З яе дапамогай імкнуліся заручыцца падтрымкай апошнім «на шчаслівы лёс дзіцяці». Каша варылася з круп, дабаўлялі мёд, масла, малако, каб каша спадабалася гасцям, а гэта значыць, Багам.
Цяпер у нашай мясцовасці кашу не вараць, а замест яе бабуля накуплівае розных прысмакаў: цукерак і разнастайныя сладасці. Бабуля ў вялікую міску сыпле прысмакі, а на другую талерку засцілае ручнік і падыходзіць да кожнага госця. Прысутныя кладуць на талерку з рушніком грошы, спачатку мала (купляюць кашу), пробуюць прысмакі, і калі ім падабаецца, кладуць яшчэ і кажуць пажаданні дзіцяці: «Дай, Божа, каб наша дзіця было крэпкім, як вада, багатым, як зямля, каб у нашага дзіцяці доля была салодкая, як бабіна каша».
Пасля таго, як баба падзяліла кашу і сабрала грошы, яна аддае ўсё бацькам новароджанага і частуе гасцей.
Потым бацькі дзіцяці даюць падарункі бабулі і бабулям з аднаго і другога боку. У нашай вёсцы не адорваюць кумоў, толькі бабулю і дзвюх бабуль. Даюць «намёткі» на плацце. Бабуля і бабкі скачуць у загорнутых «намётках», а потым здымаюць іх і кідаюць у кут, пры гэтым прыгаворваюць: «Кідаю намётак у кут, каб цераз (год, два) быць тут».
І зноў садзяцца за стол, а бацькі дзіцяці іх частуюць. Калі выкананы амаль усе рытуалы, пачынаюць спяваць песні.
Каб я знала , ведала
А хто ў мяне бабай будзе
Пасадзіла б я яе
Ды ў гародзе на градзе
За чырвонаю ружу.
Палівала б я яе
Не вадой – а сытою.
Калі б сыці не стала
Я б і мёду б дастала.
Каб я знала ведала,
А хто ў мяне кумам будзе,
Пасадзіла б я яго
Ды ў гародзе на градзе
За сінь – васілёчак.
Палівала б я яго
Не вадой- а сытою.
Палівала б я яго
Не вадой – а сытою.
Калі б сыці не стала
Я б і мёду б дастала.
Каб я знала, ведала,
А хто ў мяне кумой будзе,
Пасадзіла б я яе
Ды ў гародзе на градзе
За пахучую мяту.
Палівала б я яе
Не вадой – а сытою.
Калі б сыці не стала
Я б і мёду б дастала.
Бабка к унучцы ,
Баразёнкай ішла.
Бабка унучцы,
Парасёнка несла.
Первы дзянёк –
Ды з пялёначкамі.
Другі дзянёк –
Ды з лукошачкамі.
Сама прыйшла
І дзеда прывяла,
І дзеда прывяла
І ўвесь кут заняла.
Абрад хрысцін праводзіўся адзін або два дні. На другі дзень бабулю і кумоў «каталі» на баране. Бабку садзілі на барану зубамі ўверх і каталі па сялу. Каб бабулі не сядзець на голай баране, яна адкуплася і ёй давалі падушку, ці кажух. Потым заходзілі да бабулі ў хату і яна частавала гасцей. Такім чынам вазілі кума і куму. Рытуал «катаць» бабу і кумоў на баране захаваў з даўняга часу. Чалавек падобнымі дзеяннямі імкнуўся адагнаць злых духаў ад свайго роду.
Вяселле – ад слова «весела». І сапраўды, на вяселлі не змаўкаюць песні, музыка, жарты, віншаванні і пажаданні, не спыняюцца танцы, тэатралізаваныя сцэнкі.
Уступленне маладых людзей ў шлюб – незабыўнае свята як для іх, так і для сям’і, сваякоў, суседзяў.
Вяселле нагадвае своеасаблівы спектакль, дзе можна ўбачыць сапраўдную прыгажосць народных звычаяў і дзе разам з тым ярка раскрываюцца душа народа, яго псіхалогія. Вясельная абраднасць дае яскравае ўяўленне пра розныя бакі народнага побыту беларусаў, іх характэрныя вераванні, маральныя, этычныя і эстэтычныя погляды.
Вяселле
Гэта першае звяно вясельнай абраднасці. Сваты – выбраныя прадстаўнікі ад пэўнай сям’і і роду дамаўляліся з бацькамі, якія мелі дарослую дачку, каб тыя выдалі яе замуж за хлопца, род якога яны прадстаўлялі.
Раней сваталі дзяўчат звычайна да Пакравоў, а вяселле гулялі да Піліпаўкі. Гэта звязана з тым, што з палёў сабраны ўраджай, і ёсць з чым вяселле рабіць. Цяпер робяць вяселле ў любую пару, але стараюцца, каб не ў пост. У сваты запрашалі хроснага бацьку, - ён старэйшы сват, - дзядзькоў хлопца, братоў, калі тыя былі жанатыя, жаніх і бацька. У наш час колькасць прыйшоўшых у сваты можа быць і больш – ўсё залежыць ад заможнасці і магчымасцей сямей жаніха і нявесты.
Сватанне
У сваты ішлі (і зараз таксама) пасля заходу сонца, калі ўжо змяркаецца. Бралі з сабой хлеб–соль на ручніку і бутэльку гарэлкі. Зараз яшчэ жаніх нясе кветкі нявесце і будучай цешчы, цукеркі, і іншыя прысмакі. Прыйшоўшы да дзяўчыны, сваты не заходзілі ў хату, а пачыналі гаманіць паміж сабою так, каб пачулі гаспадары. Бацька нявесты выходзіў на ганак і пытаў: «Хто вы будзеце?»
На што сваты адказвалі: «Ды вось шукаем скарб, кажуць, што ён тут у вас», або: «Дачуліся мы, што ў вас ёсць цялушка на продаж. Ці пакажаце нам яе?»
Бацька запрашаў гасцей ў хату. Зайшоўшы , госці віталіся, заяўлялі аб мэце свайго прыходу Потым ставілі на стол хлеб–соль і гарэлку: «Даём Вам хлеб–соль і гарэлку, аддайце нам красную дзеўку». Абавязкова нехта з сватоў падыходзіў да печы і браўся рукою за яе, гэта азначала, што ўсё добра атрымаецца.
Бацькі маладой запрашалі гасцей за стол. Калі выпівалі гарэлку сватоў, гаспадары ставілі сваю, гэта таксама азначала, што справа ідзе на лад.
У вёсцы Гарадзец сваты і заручаны праходзілі ў адзін дзень. Гэта захавалася і да нашых дзён. Калі ўжо госці пасядзелі , выпілі за жаніха і нявесту, бацька дзяўчыны падыходзіў да маладых і складваў іх рукі адна на аднуі прыгаворваў:
«Дай, Божа, у добры час,
На вясёлае жыццё,
На добрае здароў’е,
На доўгі век,
На дзіцячае шчасце!»
Усе прысутныя хорам гаварылі: «Дай, Божа!». Потым жаніх дарыў нявесце пярсцёнак. Пасля госці частаваліся, а потым дамаўляліся аб вяселлі. Калі госці ад’яджалі, маці маладой падносіла сватам пірог, або хлеб. З дня сватаў і да вяселля маладых называлі жаніх і нявеста.
Зборная субота – перадвясельны вечар, у час якога жаніх і нявеста рыхтаваліся да вяселля, кожны паасобна з сваёй дружынай. Раней вяселле беларусаў пачыналася ў нядзел, то зборы маладых да перадшлюбных рытуалаў праводзіліся ў суботу, чым і тлумачылася гэта назва – збірацца да вяселля ў суботу. З цягам часу вяселле пачыналі гуляць у суботу, але абрад перадвясельнага вечара захаваўся, толькі перанёсся на пятніцу. Зборы жаніховай дружыны маюць у народзе і яшчэ адну назву – хлапечнік, а у дзяўчыны – дзявічнік. Перад тым, як пачнецца абрад зборнай суботы малады і маладая з шаферам і шаферкай абыходзяць сваякоў, блізкіх і знаёмых і запрашаюць на вяселле.
Зборная субота
Па традыцыі жаніх і нявеста не павінны былі сустракацца перад вяселлем. У хлопца–жаніха вечарам збіраліся яго сябры, браты, сёстры. Хлопцы рыхтавалі да паездкі на вяселле павозкі, упрыгожвалі конскую вупраж, абкручвалі каляровымі стужкамі дугу і абавязкова прыбівалі да яе тры медныя званочкі. На заканчэнне, бацькі жаніха рабілі для моладзі невялікае застолле, на якім сябры развітваліся са сваім сябрам-халасцяком і размяркоўвалі паміж сабою ролі і абавязкі на дзень вяселля.
Старэйшая радня: хросная маці, цёткі, сёстры таксама збіралася вечарам у хаце жаніха. Але ў іх былі другія клопаты: адны пачыналі мясіць цеста для вясельнага каравая, другія рыхтавалі розныя стравы для вяселля. Пры гэтым гаварылі: «Дай, Бог, нашаму караваю ў дзяжы спор, а ў печы падыход». З цеста рабілі розныя ўпрыгожванні для каравая – шышачкі, лісцікі, птушачак. Пасярэдзіне каравая прымацоўвалі вялікую шышку. Апрача асноўнага каравая, пяклі меншы каравай маладых сустракаць, булкі, сырнікі, ладкі. Калі каравай быў гатовы, глядзелі, які ён атрымаўся: калі быў трэснуты, прадказвалі цяжкае жыццё маладых, а калі быў гладкі, прыгожы, гэта значыла, што і жыццё будзе такім. Калі ўсе прыгатаванні былі закончыны, бацькі маладога частавалі ўсіх. Раней, рыхтуючы каравай, спявалі розныя песні.
У маладой збіраліся яе сяброўкі, шаферка, сёстры і старэйшая радня. Дзяўчаты вілі вянок для маладой, рыхтавалі кветкі для шафераў і ўсёй моладзі, якія будуць гуляць вяселле. Таксама рабілі кветкі для ўпрыгожвання каравая: бралі абструганы колышак, абвівалі яго рознакаляровай паперай, а потым да яго прымацоўвалі кветкі, пры гэтым спявалі песні:
У маладой таксама пяклі каравай, а калі ён астыне, у яго ўтыкалі вясельны букет. Цяпер таксама дзяўчаты ходзяць на дзявічнік, але вянка не ўюць, кветак не робяць – іх купляюць. Дзяўчаты рыхтуюць вясельны ўбор і сучасныя ўпрыгожванні нявесты, спяваюць розныя песні, а ў канцы вечара частуюцца.
У першы дзень вяселля жаніх з сваёй дружынаю бліжэй к поўдню пачыналі збірацца да маладой. Шафер і сябры дапамагалі апранацца маладому. У гэты час моладзь упрыгожвала вясельны «поезд». Калі падрыхтаванні заканчваліся, бацькі маладога запрашалі ўсіх гасцей за стол. Госці выпівалі па чарцы гарэлкі і падымаліся з–за стала. Маці трымала ручнік, на якім ляжаў хлеб (у хлебе была ўваткнута запаленая свечка), а бацька – трымаў ікону Мікалая–цудатворца. Жаніх падыходзіў да бацькоў і яны яго благаслаўлялі, жадалі яму шчасця. Тры разы перакрыжоўвалі сына іконай і кожны раз давалі яму цалаваць ікону. «Сынок, Благаслаўляем цябе на пасад, на шчаслівае жыццё, на доўгі век, на добрую долю». Можно так: «Благаславі Бог, ваша новае святое жыццё ў чыстым шлюбе на многія лета». Маці, праводзячы ўвесь «поезд» перакрыжоўвала ўслед рукою і ўсе кажуць: «З Богам» і ад’яджаюць да маладой. Уперадзе на павозцы ехалі малады, шафер, маці хросная і старшы сват, а астатнія госці – следам за імі. Музыка і песні гучалі на працягу ўсяго шляху. У наш час таксама так робяць.
К поўдню ў маладой збіраліся сяброўкі і госці. Дзяўчаты адводзілі маладую ў адну з суседніх хат, каб апрануць у вясельнае ўбранне і схаваць ад жаніха. Да выбару такой хаты існавалі пэўныя патрабаванні: каб маладую цераз вуліцу не пераводзілі, не апраналі нявесту і ў хаце ўдавы або ўдаўца, або хто жыў адзін. Нявеста пачынала апранацца, прычым ёй ў гэтым дапамагалі сяброўкі. Калі маладая прыбраная, яе садзяць на пасад: накрывалі скрыню кажухом аўчынаю наверх і толькі потым садзілася маладая.
У маладой
Вясельныя песні
Ляцелі гусычкі цераз сад,
Гукнулі, крыкнулі на ўвесь сад:
– Пара табе, Манечка, на пасад.
– Што вам, гусачкі, да таго.
Ёсць у мяне мамачка для таго.
Як скажа пайсці, я й пайду,
А скажа сесці, я й сяду,
Дзякую, мамачка, дзякую,
Паследнюю ночаньку начую .
А заўтра ўжо не прыду
Не на дзве ночанькі, не на дну.
Прыехаўшы да двара маладой, віталіся са сватамі, знаёміліся з гасцямі нявесты. Малады браў з сабою сваіх сябраў, шафера і ішоў шукаць маладую.
Дзявочая дружына затойвалася, каб хлопцы не адразу знайшлі іх. Калі ж урэшце яны траплялі ў хату, дзе была нявеста з сваімі сяброўкамі, то перад парогам у сенцах далейшы праход быў перагароджаны сталом, за якім стаялі дзяўчаты. Яны не пускалі хлопцаў у хату і патрабавалі выкуп за сяброўку–нявесту. На «выкуп» дзяўчатам паджанішнік і яго сябры давалі грошы, цукеркі, настойку, наліўку. Выкуп працягваўся доўга, пакуль хто з хлопцаў жартам пералазіў да дзяўчат, і прымаў стол. «Выкупіўшы» нявесту, жаніх браў яе за руку з аднаго боку, а брат нявесты с другога і вялі маладую ў хату, дзе іх чакалі госці.
– Стукнулі, грукнулі на дварэ
Паглядзі, мамачка, ці не па мяне?
– Па цябе, дачушка, па цябе.
– Гатуй, мамачка, кублік мне.
– Едзь, мая дачушка, без кубла
Ты мне кудзельку не скубла.
– Ой, скубла, скубла, шамацела
За гэтага кавалера захацела.
Ён тройчы абводзіў вакол стала па ходу сонца маладую, а потым падыходзілі да бацькоў маладой на благаславення. Пасярод хаты засцілалі ручнік, бацька запальваў грамнічную свечку, маці брала абраз з выявай святога і маладых запрашалі стаць на ручнік.
Маладыя станавіліся на ручнік і нізка кланяліся бацькам, прасілі благаславення ў бацькоў. Яны тройчы цалавалі абраз і выходзілі з хаты, а маці брала пасудзіну з зернем і, ідучы следам за маладымі, абсыпала іх. Калі маладыя сядалі кожны ў сваю падводу, маці тройчы абходзіла іх абсыпаючы зернем.
Вянчанне маладых праходзіла па адзінаму рэлігійна-грамадскаму акту, які ўзаконьваў пачатак сямейнага жыцця хлопца з дзяўчынай.
Пасля вянчання маладыя ехалі разам на першай павозцы, з імі побач сядзелі старшыя шаферы і хросныя бацькі. Іншыя госці ехалі следам за імі, усю дарогу спяваючы песні.
Пасля вянчання маладыя ехалі да маладой. Па дарозе з царквы, аднавяскоўцы абавязкова загароджвалі дарогу вясельнаму поезду: «бралі зайца». Гэты звычай ў нашай вёсцы захаваўся да нашага часу. Пасярод вуліцы ставілі стол, клалі на яго бохан хлеба, або нацягвалі праз вуліцу чырвоную стужку, віншавалі маладых і патрабавалі выкуп. Сват таргаваўся, а потым даваў выкуп: бутэльку або дзве гарэлкі, закусь, а тыя перадаюць праз свата маладым «хлеб–соль», зычаць ім шчасця, і даюць ім дарогу.
Сустрэча маладых пасля вянца
Пад’ехаўшы да дому маладой, госці спявалі:
Запалі маці свечку,
Запалі маці свечку,
Выйдзі на сустрэчку,
Сустрэнь сваё чада,
Першае нараджонае,
Другое суджонае.
*кожны радок паўтараецца два разы*
Маладых сустракалі бацькі маладой з хлебам–соллю, з бутэлькай гарэлкі. Яны віншавалі маладажонаў з заключэннем шлюбу, потым бацька наліваў у чаркі гарэлку, якую яны, толькі прыгубіўшы, вылівалі праз левае плячо за сябе, і кідалі чаркі так, каб яны разбіліся. Потым маці падносіла ім хлеб і давала ўкусіць з цэлага бохана спачатку дачцэ, а потым зяцю.
Потым маладыя ішлі ў хату і садзіліся за святочны стол у самы кут. Госці маладога садзіліся за левы бок стала, а маладой – за правы. Святочнае застолле ў маладой працягвалася доўга. Госці віншавалі маладых, выпівалі за іх шчаслівае сямейнае жыццё, спявалі шмат песень, якія былі прысвечаны маладым:
І адна ягадка ў полі расла,
Другая ягадка ў саду расла.
Ягадка з ягадкай скаціліся,
Ванечка з Манечкай злюбіліся.
Манечка Ванечку ручку дала.
Не бойся, Ванечка, я ўжо твая.
*кожны радок паўтараецца два разы*
Красіва Манечка, красіва.
– Ці не сонца цябе радзіла,
Ці не месяц цябе гадаваў,
Ці не ветры цябе калыхалі,
Ці не зоркі цябе забаўлялі?
– Радзіла мяне мамачка,
Гадаваў мяне татачка,
Калыхалі мяне братцы мае,
Забаўлялі мяне сёстры мае.
*кожны радок паўтараецца два разы*
*********
Зялёная вішня
Зялёная вішня, з пад кораня выйшла
Аддала мяне маці, дзе я непрывычна.
Як выйду да долу, як крыкну да дому
– Вары маці вячэру і на маю долю.
– Варыла, варыла, ні мала ні трошкі,
Няма табе дочка ні міскі, ні ложкі.
– Ты думаеш, мама, што я тут паную ,
Прыдзі падзівіся, як я тут гарую.
Ты думаеш, мама, што я тут не плачу
За горкімі слязамі я свету не бачу.
Успомні ты, мама, мяне ў аўторак
А я цябе, мама, на дні разоў сорак.
Успомні ты, мама, мяне ў суботу,
А я цябе, мама, ідучы на работу.
Успомні ты, мама, мяне ў нядзелю,
А я цябе, мама, сцялючы пасцелю.
Зялёная вішня, з пад кораня выйшла
Аддала мяне маці, дзе я непрывычна.
Каля хаты, дзе праходзіла вяселле, збіраліся аднавяскоўцы, каб паглядзець на маладых. Ім абавязкова сват выносіў гарэлку і закусь.
Да другога застолля ў маладой запрашалі толькі радню маладой, бо трэба было «дарыць маладую». У гэты час выносілі караваі, ставілі на стол, дзе сядзелі маладыя, ставілі чатыры чаркі: дзве для маладых і дзве для гасцей, графін з гарэлкай і закуску. Да стала падыходзілі хросная маці і хросны бацька. Маці хросная рэзала каравай, а сват браў талерку, абгортваў яе ручніком, сыпаў туды капейкі і пачынаў выклікаць родзічаў маладой. Хросныя бацька і маці кожнаму, хто надзяляў маладых, адразалі кавалак каравая і налівалі чарку гарэлкі. Хросны першымі выклікаў бацьку і маці. Яны падыходзілі да стала маладых і дарылі, пры гэтым гаварылі:
– Даруем хлебам–соллю, добрым здароўем, шчасцем і доляй і векам доўгім!
Калі ўсе падаравалі, падарункі звязвалі ў прастыню і аддавалі маці нявесты. Старшы сват запрашаў усіх гасцей падняць чаркі за маладых, каб збыліся ўсе пажаданні , якія прагучалі. Потым госці маладой выходзілі з-за стала, а гасцей маладога запрашалі за стол. Сваты ад маладога «выкуплівалі падушкі», усе пасцельныя прылады. Сваты ад маладой таргаваліся, каб больш далі грошай.
Калі госці адд’яджалі да маладога, госці маладой спявалі ім песні:
Дабранач, мамачка, дабранач
Я паеду ад цябе ды нанач.
Не на ноч, не на дзве,
А паеду ад цябе на ўвесь век.
А не дай жа, Божа, ноч начаваць,
А дай жа, Божа, век векаваць.
Ай, ноч начаваць гасціна,
А век векаваць радзіна.
*********
– А ці будзеш, мая мамачка, гараваць?
Як я буду на чужыначцы гараваць.
– Ой, не буду, дачушачка, не буду,
Ты за вароцікі, я за другія, забуду.
Кубачкі мыла перамывала,
На Дунай пускала.
Плывіце кубачкі то ўніз, то ўгару,
К свякроўкінаму двару.
Ў панядзелак рана я сама там буду,
Я вас перайму і віном напаўню.
А будзь здарова, ды мая свякрова!
– На здароўека, ды не родна дзіця.
Сустрэча маладых у доме жаніха
Прыехаў Ванечка ды к вароцікам
Ён стукнуў, грукнуў у вароцікі.
Адкрывай, мамачка, ты вароцікі
Ужо ж мае конікі перабегліся
Ужо ж мае свацікі перапеліся.
Ужо ж мая Манечка пераплакалася.
*кожны радок паўтараецца два разы*
Бацькі жаніха сустракалі маладых і адразу абсявалі іх жытам, а потым паднасілі ім хлеб-соль, і праводзілі хату. Свацця маладой вешала на покуць абраз, які прывезлі ад маладой і ўпрыгожвала вышываным ручніком. Усе госці маладога запрашаліся за стол, але застолле было кароткім. Потым маці маладога здымала з нявесты вянок з фатой, весіла на абразы і вяла маладых спаць.
Зранку сваты прыходзілі ў хату, дзе спалі маладыя, каб іх «памыць». Іх аблівалі вадой, або маладыя адкупліваліся гарэлкай.
У хаце над нявесткай госці праводзілі розыгрышы: рассыпалі па хаце гарох, сена, або якое-небудзь смецце, і тая павінна была падмятаць хату, прымушалі напячы бліноў. Маладая не займалася ўборкай ці іншай працай сама, яе выручалі залоўкі, свякрова, або самі госці. А маладая станавіла за гэта выкуп: цукеркі, гарэлку, розныя прысмакі. Потым пачыналі збірацца госці маладога, а маладая чакала, калі прыедуць «прыданкі», так называлі гасцей маладой , якія прывозілі прыданае.
Калі прыданкі прыяджалі , то чакалі , каб іх выйшлі маладыя сустракаць і спявалі песні:
А госцікі, а прыезжыя…
А госцікі, а прыезжыя паклон вам.
Ці не пераляцела наша курачка ўчора к вам.
А хоць пераляцела, хоць не пераляцела
Не аддадзім вам.
Круп пасыпайце, вады палівайце,
Прывучайце.
А госцікі, а прыезжыя, паклон вам
Ці не пераехала наша
Манечка ўчора к вам.
Хоць пераехала, хоць не пераехала
Не аддадзім вам
Кашу варыце, бліны пячыце, прывучайце,
Толькі ж часцей у госцікі пускайце
Багатыя гасцінчыкі давайце.
Каўбас шастом, парасят з хвастом, прывучайце.
«Прыданак» запрашалі ў хату сваты і маладыя. Госці жаніха ўносілі за імі прыданае. Як і ў першы дзень , вяселле ў маладога праходзіла з трымя застоллямі.
Адразу садзілі ўсіх гасцей за сталы, і калі трохі пасядзелі, госці ад маладой ідуць плясаць, а госці маладога застаюцца і пачынаюць дарыць маладога. Парадак дарэння такі ж, як і ў маладой. Пад канец дарэння, нявеста давала падарункі радні жаніха, пачынаючы са свёкра і свякрухі, называла іх «тата» і «мама». Потым выходзілі ўсе з–за стала і ішлі танцаваць, а ў хаце маладога рыхтаваліся садзіць за сталы гасцей ад маладой «прыданак». Яны сядзелі нядоўга і пачыналі збірацца да дому. Госці ад маладога пачыналі спяваць песні, у якіх напаміналі «прыданкам», што трэба дадому. Прыданкі спявадлі свае песні, у якіх дзякавалі сватоў за прыём.
А спасіба сваток за мядок
Напіталі душу на гадок
А спасіба свацця за гарэлку
Напіталі душу на нядзельку
А ў той час, калі госці выходзілі з–за стала і весяліліся, маладога збіралі да цёшчы везці «на боты», гэта значыць; бралі грошы, бутэльку краснай гарэлкі, а цяпер бутэльку краснага віна, упрыгожвалі чырвонай стужкай і адпраўлялі да цешчы. Малады ехаў з шаферам, або з дзядзькам.
Маці маладой запрашала ўсіх за стол, а маладога і дзядзьку перавязвала ручнікамі, або куском тканіны. Малады аддаваў цешчы бутэльку краснай гарэлкі, наліваў першую чарку цешчы, а потым усім гасцям (гэта значыла, што маладая была чэсная). Потым хто–небудзь з гасцей здымаў у маці маладой абуўку, і паказваў зяцю, што цешча «без ботаў». Зяць пакрываў грашамі ногі цешчы, або загадзя купляў боты і адзяваў іх цешчы. Яна радасная пачынала танцаваць разам з зяцем. Потым налівалі чаркі і пілі, каб добра насіліся боты. А цешча ў гэты час адлучалася з-за стала і выносіла зяцю пачастунак – яешню, якую зяць абавязаны з’есці адзін.
Калі маладая была з адной вёскі з маладым, то зяць запрашаў бацькоў маладой да сябе, а калі здалёк, то яго адпраўлялі да дому, а госці маладой заставаліся гуляць у доме маладой. Яны рабілі падстаўных маладых , абавязкова жанчына была «маладым», а мужчына – «маладой». Падстаўных маладых дарылі, дзялілі каравай, крычалі «горка». Калі малады прыязджаў да дому ад цешчы, хто быў з гасцей, усіх зноў запрашалі за сталы – вячэраць. А потым госці раз’язджаліся, адыходзілі дамоў.
На трэці дзень госці збіраліся, пахмяляліся, успаміналі як яны гулялі вяселле, спявалі розныя песні.