top of page
Аўгустова1.png

Вёска Аўгустова згадваецца ў 80–ых гадах 18 стагоддзя, яна ўваходзіла ў маёнтак Плешчыцы Магілёўскага павета. Гэтая вёска была ўласнасцю графа Завадоўскага. На заход працякае рака Днепр, на поўнач яе прыток р. Дедва. У вёсцы працаваў цукровы завод, быў млын. Мала што вядома аб вёсцы да рэвалюцыі. Пасля рэвалюцыі ў вёсцы пабудавалі першую школу, дзе навучаліся грамаце ўсе жадаючыя. Вёска ўваходзіла ў склад Падгайскага сельсавета, а з 30–га года – ў Заходскі сельсавет. У складзе Гарадзецкага сельсавета Аўгустова з 1965 года. Вакол Аўгустова знаходзіліся дробныя хутары. Да канца 30–ых гадоў жыхароў гэтых навакольных хутароў разам з дамамі звезлі ў адно месца. Быў утвораны калгас ім. Варашылава. Некаторых жыхароў прымушалі ўступаць у калгас. Так 8 сем'яў з урочышча Іржаўцы перавезлі ў Аўгустова. Старшынёй калгаса стаў Крывашэін. Дасланы ён быў з Магілёва, затым яго змяніў на гэтай пасадзе жыхар вёскі Аўгустова, службовец у міліцыі, чэкіст Шчагелёў.

Фашысты ўвайшлі ў вёску ў чэрвені 1941 года. На краі вёскі да вайны стаялі склады з боепрыпасамі і харчаваннем. Пры адступленні нашы не паспелі іх знішчыць. Пасля нямецкіх бамбёжак засталіся не ўзарваныя некаторыя снарады. Таму і падчас вайны і пасля вызвалення падлеткі падрываліся на мінах. Так загінула 11 чалавек.

Вакол вёскі шмат магіл, у якіх пахаваныя па некалькі чалавек. І адна вялікая брацкая магіла. Імёны загінулых воінаў невядомыя, бо дакументы былі згубленыя. Адзін з жыхароў вёскі – Аляксей Новікаў – хаваў салдат, а дакументы аддаваў старасту Котаву, які іх захоўваў. За сувязь з немцамі партызаны расстралялі Котава разам з сынам. І дакументы былі згубленыя. За гады вайны загінулі і прапалі без вестак:

1. Абрубаў Захар Іванавіч, сувязны. Загінуў ў 1943, пад Ленінградам.

2. Бадзякоў Дзмітрый Мікалаевіч, б/в прапаў у 1943 годзе.

3. Багданаў Мікалай Сцяпанавіч, б/в прапаў у 1943 годзе.

4. Бадзякоў  Фёдар Антонавіч, б/в прапаў у 1944 годзе.

5. Марозаў Канстанцін Тарасавіч,  прапаў  б/в.

6.  Печанькоў Васілій Іванавіч, б/в прапаў у 1943 годзе.

7.  Рабаў Сямён Андрэевіч, старшы лейтэнант, загінуў у 1944 годзе.

8. Раманюк Самуіл Сцяпанавіч, б/в прапаў у 1944 годзе.

9. Раманаў Міхаіл Аляксандравіч, лейтэнант, загінуў у 1945 у Польшчы.

Пасля вайны вёска Аўгустова аб'ядналася з В. Крывель. Старшынёй калгаса «Зорка» стаў Маскалёў. Старшыні мяняліся часта і, нарэшце, у 1956 годзе гэтую пасаду заняў Алейнікаў Іосіф Мартынавіч. А затым гаспадарка пераходзіць у склад Гарадзецкага сельсавета. У 1961 годзе быў арганізаваны новы саўгас «Гарадзец», у склад якога ўвайшла вёска Аўгустова. У 2007 вёска ўваходзіць у склад прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «ААБ Гарадзец». Планіроўка Г–падобная. Больш працяглая прамалінейная вуліца. Да яе паўднёвага канца з усходу далучаецца перпендыкулярна 2–я прамалінейная вуліца.

разделение.png

Аўгустова : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 426.

З гісторыі вёсак // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. –  С. 489.

bottom of page