Гарадзішча (археалагічнае) Мясцовая назва Талерка. За 0,2 км. на поўдзень ад заходняй ускраіны вёскі, на правым беразе р.Гародня. Вышыня над поймай 4м. Пляцоўка памерам 25 на 25 метраў з паўднёвага, заходняга і ўсходняга бакоў умацавана унутраным падковападобным валам вышынёй каля 1,5 метра.
Вышыня вонкавага вала, які абкружвае гарадзішча – 2,5м., шырыня 1,5 м. Шырыня рова, што аддзяляе вал ад гарадзішча, 3м., другога рова – 2–3м. Вонкавы вал павышаецца ў бок вёскі, з поўдня – праход шырынёй ім.
З боку поля на адлегласці прыкладна 40-60м. прасочваецца глыбокі яр, які аддзяляе гарадзішча ад поля, з поўначы і захаду гарадзішча – балота. Пляцоўка і валы здзірванелі і параслі дрэвамі і кустамі.
Гара Талерка вядома з 1873 года, абследавана ў 1983г В.М.Ляўко. Раскопкі не праводзіліся.
У далёкім мінулым, аб якім ужо і дзяды не памятаюць, на левым беразе рэчкі Гародня, узнікла гарадзішча ранняга жалезнага веку. Мясцовыя жыхары называлі і цяпер называюць гэта ўзвышша Талеркай, бо яе від зверху нагадвае выгляд увагнутай унутр талеркі. Гэты помнік археалогіі гаворыць аб засяленні гэтых мясцін у глыбокай старажытнасці.
Пра гару Талерка сярод нашых людзей захаваліся легенды аб узнікненні гэтай гары. Кожная легенда цікавая і адпавядае сваёй назве (гл. Легенды і паданні).