top of page
Гісторыя Гарадзецкай сельскай бібліятэкі1.png

Гісторыя Гарадзецкай сельскай бібліятэкі пачынаецца з 1948 года. А калі зазірнуць яшчэ глыбей, то высвятляецца, што бібліятэчная справа ў вёсцы Гарадзец пачала развівацца падчас калектывізацыі: з 1929 года. Ролю бібліятэкі выконвала хата–чытальня, якая дапамагала весці барацьбу з непісьменнасцю. Падчас вайны памяшканне згарэла разам з кнігамі.

Пасля вайны ўся гаспадарка пачатала аднаўляцца. І ў 1948 годзе ў памяшканні канторы быў адведзены куток для бібліятэкі. Днём тут вырашаліся гаспадарчыя пытанні, а ўвечары людзі збіраліся, каб пачытаць газету, узяць кнігу. Да 1952 года гэта была хата–чытальня, а затым яна была пераіменавана ў Гарадзецкую сельскую бібліятэку.

Першым бібліятэкарам з 1948 па 1955 год працаваў мужчына з в. Кучарына Шчарбакоў Мікалай, а ў 1955 годзе ролю бібліятэкара выконвала жыхарка в. Гарадзец Усцінава Аляксандра Данілаўна, якая тады працавала справаводам у сельскім Савеце. У 1958–1964 гадах у бібліятэцы працавала Козырава Галіна Мікалаеўна і Брычкова Марыя Іванаўна. Фонд бібліятэкі ў гэты час складаў каля пяці тысяч экзэмпляраў. З кожным годам павялічвалася колькасць чытачоў, кнігавыдача і наведванні.

З 1964 года бібліятэку прымае Кутковіч Вера Віктараўна, якая працавала тут восем гадоў. Яна ўнесла вялікі ўклад у станаўленне бібліятэкі як адзінага культурнага цэнтра вёскі. У гэты час бібліятэчны фонд налічваў ужо 7575 экзэмпляраў. Бібліятэка аб’ядноўвала мясцовых жыхароў, інтэлігенцыю, моладзь і мэтанакіравана ўкараняла ў жыццё ідэі палітыкі, партыі і ўрада краіны. Пра гэта сведчаць артыкулы газеты «Ударны фронт», якія захаваліся да нашых дзён.

Ёсць людзі, для якіх аднойчы абраная прафесія становіцца сэнсам жыцця і творчага натхнення. З 1972 па 1978 год загадчыцай бібліятэкай была Крупенька Людміла Іосіфаўна. Людміла Іосіфаўна была адной з першых дыпламаваных спецыялістаў бібліятэкі. Яшчэ ў дзяцінстве дзяўчына любіла чытаць кнігі, якія ахвотна брала ў Гарадзецкай бібліятэцы. Менавіта кнігі і паўплывалі на выбар будучай прафесіі. Пасля заканчэння школы Людміла паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны бібліятэчны тэхнікум імя А. С. Пушкіна. Скончыўшы тэхнікум, дзяўчына вяртаецца дадому і прымае кніжны фонд Гарадзецкай сельскай бібліятэкі. Ужо працуючы ў бібліятэцы, паступае ў Мінскі інстытут культуры на завочнае аддзяленне.

Рисунок1.png
Рисунок2.png

У 1978 годзе загадчыцай Гарадзецкай сельскай бібліятэкі становіцца Алена Леанідаўна Шылава – выпускніца Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума. У той час, калі яна працавала ў Гарадзецкай сельскай бібліятэцы, галоўным напрамкам у рабоце было патрыятычнае выхаванне. Праводзіліся віктарыны, ранішнікі, абмеркаванні кніг, дыспуты на патрыятычную тэматыку.

У 1981 годзе бібліятэку прыняла Алейнікава Валянціна Васільеўна і працягнула ўсе пачынанні. Кніжны фонд бібліятэкі складаў 11000 кніг. Вялікую ўвагу Валянціна Васільеўна надавала рабоце з дзецьмі. Так, пры бібліятэцы ў 1984 годзе было арганізавана аматарскае аб’яднанне «Малышок», у якім займаліся дзеці малодшага школьнага ўзросту.

Літаратурныя гульні, віктарыны, поле цудаў, урокі дабрыні, дыспуты – усё гэта праходзіла ў бібліятэцы з удзелам дзяцей. З часам аб’яднанне «Малышок» перарасло ў клуб знаўцаў роднага краю «Краязнавец». Ён працуе пры бібліятэцы з 1996 года. Праграма клуба разлічана на дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. У клубе дзеці вывучаюць мінулае нашага краю, яго гісторыю, этнаграфію, яго традыцыі і звычаі. Гэтая праца – значны ўклад у адраджэнне і развіццё нацыянальнай культуры.

Рисунок3.png

На час дэкрэтнага адпачынку бібліятэку прыняла малады спецыяліст – Мінкіна Тамара Уладзіміраўна. Тамара Уладзіміраўна прайшла шлях ад бібліятэкара сельскай бібліятэкі да дырэктара Шклоўскай цэнтралізаванай сістэмы. Тут цалкам раскрыўся яе талент – талент творчай асобы і талент арганізатара.

Тамара Уладзіміраўна Мінкіна.png

Гарадзецкая бібліятэка была першай прыступкай у працоўным жыцці для Печеньковой Валянціны Уладзіміраўны. Яна з дзяцінства любіла чытаць кнігі, але не адразу вызначылася ў выбары прафесіі. Праца ў Гарадзецкай бібліятэцы пацвердзіла, што гэта яе прызванне, і яна завочна паступіла ў бібліятэчны тэхнікум.

З 1988 года ў бібліятэцы працуе Алейнікава В. В. Гарадзецкая сельская  бібліятэка абслугоўвала пяць населеных пунктаў. Фонд бібліятэкі складаў 12200 экз. У 1996 годзе бібліятэка размясцілася ў пакоі Гарадзецкага Дома культуры. З гэтага часу асаблівую ўвагу ў сваёй рабоце бібліятэка стала надаваць краязнаўчай рабоце. Пры бібліятэцы пачало сваю работу аматарскае аб’яднанне «Краязнавец», якое працуе да нашых дзён.

Рисунок4.png

За гэты перыяд праведзена вельмі вялікая праца. Мэта існуючага аб’яднання: вывучэнне гісторыі роднага краю, вяртанне да каранёў нашых продкаў, вывучэнне этнаграфіі, традыцый нашай мясцовасці, прапаганда беларускіх абрадаў, каляндарна–абрадавых святаў. Сумесна з сельскім саветам, Домам культуры кожны год праводзяцца святы вёсак, таму сабраныя гісторыі ўсіх вёсак рэгіёну. Штогод праводзіцца даследчая, пошукавая, інфармацыйная праца ў гэтым кірунку.

У 2008 годзе вёска Гарадзец атрымала статус аграгарадка, бібліятэка разам з установамі культуры перасяліліся ў новы будынак Дома культуры. Бібліятэка абслугоўвае 550 чытачоў у год. Абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляецца стацыянарнай бібліятэкай, перасоўкай, аўтабібліятэкай. Надаецца асаблівая ўвага адзінокім грамадзянам пажылога ўзросту. Арганізавана абслугоўванне кнігамі і перыядычнымі выданнямі на даму інвалідаў і пажылых грамадзян.

Для абслугоўвання чытачоў выкарыстоўваецца кніжны фонд, перыядычныя выданні, а таксама электронныя дакументы. Фонд бібліятэкі папаўняецца рэгулярна  вельмі добрымі кнігамі. У наяўнасці бібліятэкі маецца 4 камп’ютары, падключаны Інтэрнэт. Гэта дазваляе пашырыць пералік платных паслуг для жыхароў.  Пры бібліятэцы дзейнічае рэгіянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь «Эталон».

Публичный центр.png

З 2010 года пры бібліятэцы створаны і працуе яшчэ адно аматарскае аб’яднанне «Свет тваіх захапленняў». Матэрыялы, назапашаныя клубам «Краязнавец» за ўвесь перыяд існавання клуба, у 2010 годзе былі прадстаўлены на Рэспубліканскі конкурс «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры». Па выніках конкурсу бібліятэка ўзнагароджана Дыпломам 1 ступені ў намінацыі «За пошукавую і даследчую працу».

 

Уся праца бібліятэкі вядзецца ў цесным кантакце з ДУА «Гарадзецкі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа Шклоўскага раёна», з гаспадаркай ЗАТ «АСБ Агра Гарадзец», сельскім Саветам, Домам культуры, домам рамёстваў, філіялам школы мастацтваў, Гарадзецкім ФАПам.

разделение.png

Алейникова, В. В волшебном мире книг / Валентина Алейникова // Ударны фронт. – 2010. – 21 красавіка. – С. 4.

 

Алейникова, В. А память священна : к 65-летию Победы / Валентина Алейникова // Ударны фронт. – 2010. – 26 мая. – С. 3.

 

Алейникова, В. Поддержка культуры в Городце / Валентина Алейникова // Ударны фронт. – 2010. – 7 июля. – С. 3.

 

Алейникова, В. Добрый мир любимых книг / Валентина Алейникова // Ударны фронт. – 2013. – 6 красавіка. – С. 3.

 

Гаўрусева, Т. Добра ведае інтарэсы чытачоў / Таццяна Гаўрусева // Ударны фронт. – 2009. – 10 кастрычніка. – С. 3.

bottom of page