Дакладнага часу ўзнікнення царквы ў вёсцы Гарадзец ніхто не памятае, але захаваліся звесткі, што ў 1898 годзе ў сяле Гарадзец была адкрыта царкоўна–прыхадская школа.
Царква была размешчана у цэнтры вёскі з захаду на ўсход, з дарогі, якая цяпер вядзе на вёску Заходы. Царква была хоць і невялікай, але з’яўлялася тым месцам, куды маглі прыйсці і дзеці, і дарослыя, каб чэрпаць сілы для душэўнага спакою. Пабудова была драўляная на каменным падмурку, прасторная з высокай званіцай. Пакрыта жалезам, знадворку абабіта дошкамі. Калі была асвечана царква – невядома. Будынак быў абнесены металічным плотам, а ўсярэдзіне месца звалася цвінтэр. Ганак быў вялікім, потым дзверы вялі ў малы калідор( створка), а потым былі дзверы ў царкву, (сярэдняя частка) і алтар.
Царква была прасторная, мела выгляд крыжа. Ад цэнтра разыходзілася на два бакі, дзе па гэтых баках былі запасныя дзверы. Па цэнтры стаялі ўзвышэнні, на якіх ляжалі абразы. З правага боку таксама былі такія ўзвышэнні з абразамі, а з левага боку стаяў стол для свечак і для згадвання нябожчыкаў.
Алтар адлучаўся ад сярэдняй часткі храма іканастасам, якія складаліся з некалькіх шэрагаў абразаў. У цэнтры і па баках былі брамы. У царкве было вельмі шмат абразаў. Яны былі развешаны па сценах царквы, на іканастасе, але дакладна невядома, які абраз лічыўся пасадным. Над храмам узвышаўся купал, які завяршаўся ўгары часткаю, на якой стаяў крыж. Ніжэй па схілах даху – тры меншыя купалкі на глухіх барабанах, з пазалочанымі крыжамі. Асобна ў вуглу царкоўнага пляца стаяла драўляная званіца.
Першая служба ў царкве вёскі Гарадзец адбылася на Пакрова 14 кастрычніка. Таму храм названы ў гонар Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы. Старажылы памятаюць, што галоўнай іконай ў царкве была ікона Пакрова Прасвятой Багародзіцы.
На свята Пакрова была заўсёды адмысловая служба, да якой прыхаджане асабліва рыхтаваліся. У гэты дзень у вёсцы праводзіўся кірмаш. Людзі ішлі з усіх сяліб, з суседніх вёсак у царкву. Прыязджалі на канях з іншых вёсак сваякі аднавяскоўцаў.
У 1944 годзе, калі немцы адступалі, яны спалілі царкву, а яе прыход з 1944 г. прыпісаны да Славенскай царквы. Ад былой царквы застаўся толькі жалезны крыж, які вяскоўцы паставілі ў цэнтры мясцовых могілак, ён і сёння там стаіць. Мясцовыя старажылы памятаюць, што застаўся яшчэ і драўляны крыж з гэтай царквы. Доўгі час ён захоўваўся у жыхароў вёскі, зараз знаходзіцца ў Спаса-Праабражэнскай царкве г. Шклова.
Жыхары вёскі Гарадзец вераць, што яны знаходзяцца пад Покрывам Прасвятой Багародзіцы, заўсёды адчуваюць дапамогу і падтрымку Маці Божай.
Захавалася фота аднаго з былых служыцеляў Гарадзецкай царквы.
Пабядзінскі Антон – ПСАЛОМШЧЫК –
былы царкоўны служыцель.
Гісторыя царквы запісана са слоў мясцовых старажылаў Пабядзінскай Аляксандры Якаўлеўны, 1931 г. н., Шалашэнь Ганны Віктараўны, 1928 г.н. (2018г.), Букетавай Ганны Антонаўны, 1925 г.н., Нарэйка Зінаіды Мікалаеўны.