


Фальклорна–аўтэнтычны калектыў
«Прыгажуні»
Гарадзецкага сельскага Савета.
Гісторыя фальклорна-этнагарафічнага калектыва «Прыгажуні» вёскі Заходы Гарадзецкага сельскага Савета пачалася шмат гадоў назад. Яго стваральнікам і кіраўніком з’яўлялася Пятрова Марыя Іванаўна, былая загадчыца Заходскага сельскага клуба. «Прыгажуні» пачыналі свой творчы шлях з невялікага ансамбля, які хутка набіраў моц і зарэкамендаваў сябе як арыгінальны, самабытны калектыў. Яго адметнасцю з’яўлялася своеасаблівая манера выканання песні, максімальна прыбліжаная да аўтэнтычнага гучання песень свайго рэгіёну. Кіраўнік калектыву Марыя Іванаўна ўважліва ставілася да падбору рэпертуару, пастаноўкі абрадаў, дзякуючы чаму кожнае выступленне калектыву ўяўляла сабой адметнае, непаўторнае, запамінальнае дзейства.
34 гады аб’ядноўвала гэтых прыгожых душой жанчын любоў да народнай песні. Песня ўсё жыццё ішла разам з імі. У сельским клубе яны арганізоўвалі вячоркі, аганькі, канцэрты. ладзілі народныя святы: Купалле, Каляды, Масленіцу.
Раней у гэтым гурце спявала 12 жанчын:
Шумілава Марыя Андрэеўна;
Козырава Паліна Іванаўна;
Шумілава Таццяна Карнееўна;
Тапстова Майя Мікалаеўна;
Бешанкова Марыя Сцяпанаўна;
Мінкіна Дарья Пятроўна;
Аурамава Ганна Еудакімаўна;
Лупікава Назежда Дзянісаўна;
Мажула Наталля Міхайлаўна;
Бешанкова Ніна Рамонаўна;
Бешанкова Вера Міхайлаўна;
Машыніна Ніна Андрэеўна.
Акампаніятарамі былі Праўлоцкі Віктар Сцяпанавіч і Церахаў Анатоль Сяргеевіч.

З цягам часу удзельнікаў калектыву стала менш. Але касцяк захаваўся да нашых дзён.
Гэтыя цікавыя жанчыны захавалі прыгожыя чыстыя галасы, памятаюць мо болыш за сто песень. Кожная спявачка ўносіць уклад у агульную скарбонку збіраючы сямейна–бытавыя, радзінныя, вясельныя песні. Усіх іх яднае любоў да народнай песні, павага і беражлівае стаўленне да сваёй спадчыны. Гэтыя песні стагоддзямі перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Звесткі аб гэтым гурце даляцелі аж да сталіцы і ў Заходах працавала фальклорная экспедыцыя беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гурт здымаўся на беларускім тэлебачанні на народным свяце Макаўе. Яны былі ўдзельнікамі розных фестываляў, якія праходзілі ў Асіповічах, Бялынічах, Круглым, Магілёве. Фотаздымак калектыву в. Заходы Шклоўскага раёна змешчаны ў першым томе шасцітомнага выдання «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Магілёўскае Падняпроўе».
За шматгадовую плённую работу калектыў неаднаразова адзначаўся граматамі, падарункамі, дыпломамі лаўрэатаў конкурсаў і фестываляў. непаўторная прыгажосць песень гурта «Прыгажуні», высокае і паэтычнае іх мастацтва – адна з яркіх фарбаў на маляўнічым палатне беларускай народнай культуры.
Намаганнямі гэтага калектыва былі адроджаны некаторыя сямейна-абрадавыя святы: «Хрэсьбіны», «Вяселле»; хрысціянскія: «Вялікдзень», «Сёмуха»; святы «Зажынкі», «Каляды», «Масленіца», «Гуканне Вясны», «Мікола зімовы». Менавіта ўдзельнікам фальклорнага калектыву належала ідэя адраджэння свята «Макаўе», якое цяпер праходзіць штогод у вёсцы Заходы Гарадзецкага сельскага Савета.
У 1995 годзе Заходскі клуб перастаў дзейнічаць і калектывам стала кіраваць дырэктар Гарадзецкага сельскага Дома культуры Пруднікава Вольга Віктараўна, потым кіраўніком гурта была Ціханава Галіна Іванаўна. Апошніх сем гадоў кіраўніком калектыву з’яўлялася Стукалава Святлана Віктараўна, дырэктар Гарадзецкага Дома культуры.
З 2014 года калектыў перастаў дзейнічаць. Па стану здароўя былыя ўдзельнікі ўжо не прымаюць удзел у раённых святах, фестывалях, але яны ўсё роўна разам збіраюцца на святы і спяваюць песні.


Фальклорны гурт «Прыгажуні»
