Княжыцы па рукапісных крыніцах вядомая з 1604 года як сяло Княжыцк Плешчыцкай воласці, Аршанскага павета, Віцебскага ваяводства, прыватная ўласнасць. У 1612 годзе сяло Княжыцк было аддадзена каралём Жыгімонтам Аршанскай езуіцкай калегіі, якой належала да 20-гадоў 19 стагоддзя. У канцы 18 стагоддзя ў вёсцы 41 двор, 265 жыхароў. У 1864 годзе адкрываецца народнае вучылішча, так званая школа. У 1897 годзе сяло Княжыцк было перайменавана ў сяло Княжычкі, у ім налічвалася 52 двары 313 жыхароў. Сяло перайшло ў Любінцкую воласць Горацкага павета. У 1909 годзе ў вёсцы 68 двароў 415 жыхароў. Прыкладна ў гэты ж час або крыху пазней сяло Княжычкі губляе сваю назву і становіцца Княжыцамі. Першымі, хто засяліўся ў вёсцы, былі палякі, якія пераехалі з польскага ваяводства ў гэтае сяло, калі яно належала польскаму каралю Жыгімонту. Таму жыхары вераіспавядалі каталіцкую веру. Іншыя навакольныя вёскі былі перакрыжаваныя ў каталіцкую веру значна пазней. Да рэвалюцыі ў Княжыцах была школа, карчма (яна стаяла на тым месцы, дзе цяпер дом Івана Ісаевіча Аўдзеева). Вучыліся там нямногія. Шмат бедных было ў вёсцы. Сем’і бедавалі, бо мужыкі не хацелі працаваць, праседжваючы ў карчме, прапівалі ўсё да апошняга. А тыя, хто імкнуўся працаваць, тыя жылі добра. Пасля рэвалюцыі 1917 года ўжо больш дзяцей беднякоў маглі вучыцца. Людзям раздалі зямлю, і яны працавалі на ёй. З 20 жніўня 1924 года – цэнтр сельсавета Шклоўскага раёна. Прыкладна з гэтага года пачалася калектывізацыя. Толькі самыя бедныя былі згодныя ўступіць у калгас, а хто моцна стаяў, на нагах ісці ў калгас не хацелі. Пачалося з таго, што ў 1928 годзе аб'ядналі ў агульны статак усіх кароў. А глядзець за імі паставілі Новікаву Цыцэлію Паўлаўну і яе сястру. У 1930 годзе ўтварыўся калгас «Новы шлях». Старшынёй стаў Казакевіч Антон Францавіч. Налічвалася 97 двароў і 468 жыхароў. З гэтага ж года ў вёсцы пачалося раскулачванне. Самых працавітых і моцных гаспадароў, святароў спасылалі проста па даносах. Так ахвярамі неабгрунтаваных рэпрэсій сталі жыхары вёскі Княжыцы:
-
Каваленка Анісім Аляксандравіч асуджаны на 5 год.
-
Казлоўскі Іван Віктаравіч асуджаны і растраляны у 1938 г.
-
Лабкоў Сцяпан Францавіч асуджаны у 1938 г і растраляны.
-
Новікаў Станіслаў Паўлавіч асуджаны ў 1937 г. на 10 год.
-
Селіванаў Сцяпан Паўлавіч асуджаны ў 1938 г. і растраляны.
З ліпеня 1941 года па ліпень 1944 года тэрыторыя вёскі была окупіравана нямецка–фашысцкімі захопнікамі. У Княжыцах размяшчаўся ваенны гарнізон. Фашысты рабавалі калгасную маёмасць і маёмасць жыхароў, вывазілі скот, палілі пабудовы. Непакорных жыхароў забівалі.
З фронту не вярнулася 33 жыхара в. Княжыцы.
Жыхары вёскі свята паважаюць тых, хто аддаў свае жыцці за свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы. Аб гэтым яскрава сведчыць Брацкая магіла савецкім воінам, якая знаходзіцца ў цэнтры в. Княжыцы. У гэтай магіле пахаваны 175 воінаў 113–га стралковага палка 32–ой стралковай дывізіі 49 арміі 2–га Беларускага фронту, якія загінулі ў чэрвені 44-га года пры вызваленні вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
З сакавіка 1960 года Княжыцы ўваходзяць у Фашчэўскі сельскі Савет, а з 3.11.1965 г. у Гарадзецкім сельсавеце. У 1991 г. 109 гаспадарак, 187 жыхароў, у складзе саўгаса «Гарадзец». Дзейнічала 8–гадовая школа, бібліятэка, клуб, магазін, фельчарска–акушэрскі пункт. У 2007 г. у складзе прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «АСБ Гарадзец».
Планіроўка – прамалінейная вуліца, двухбаковая, з завулкамі.
Княжыцы : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 468.
З гісторыі вёсак // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – С. 494.