Крывель – вёска ў Гарадзецкім сельскім Савеце, за 10 км ад Шклова, 42 км ад Магілёва, 13 км ад чыгуначнай станцыі шклоў на лініі Орша–Магілёў. Рэльеф раўнінна-узгорысты. На захад цячэ Рэчка Дзедва, прыток р. Днепр. У заходнім баку ад вёскі знаходзіцца гарадзішча ранняга жалезнага веку, якое сведчыць аб засяленні гэтых мясцін у глыбокай старажытнасці. Вёска вядомая з 1604 г. як сяло ў Плешчыцкім войтаўстве Магілёўскага стараста-эканоміі Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. Уваходзіла ў склад ВКЛ. Мелася 38 валок зямлі. Кароль Жыгімонт 3 Ваза падарыў сяло Аршанскай езуіцкай калегіі, якое належала ёй да 1820 года. Пасля 1–га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) уваходзіць у склад Расійскай імперыі. У канцы 18 стагоддзя сяло ў складзе маёнтка Фашчаўка Магілёўскага павета Магілёўскага намесніцтва, 30 гаспадарак, 253 жыхары, якія плацілі чынш. У 1834 годзе згадваецца сяло Крывялёва ў Мсціслаўскім павеце, 34 гаспадаркі, 157 жыхароў, уласнасць памешчыцкая.
У 1897 годзе ў Любініцкай воласці Горацкага павета Магілёўскай губерніі. У 1919 годзе адкрыта першая 4–гадовая школа. У 1931 годзе арганізаваны калгас «Звязда», які аб’ядноўваў 45 гаспадарак. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 па ліпень 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У ліпені 1941 года каля вёскі трымалі абарону воіны 110–й стралковай дывізіі 61–га стралковага корпуса.
У 1991 годзе у складзе саўгаса «Гарадзец». У вёсцы дзейнічала пачатковая школа, бібліятэка, клуб з кінаўстаноўкай, магазін. У 2007 годзе ў складзе сельскагаспадарчага прыватнага УП «Акцыянерны ашчадны банк «Гарадзец». Вёска планіровачна складаецца з плаўна выгнутай вуліцы амаль мерыдыяльнай арыентацыі.Забудова пераважна двухбаковая, сядзібнага тыпу. Жылыя дамы драўляныя.
Крывель : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 469.
З гісторыі вёсак // Памяць : гісторыка–дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – С. 494.