top of page
Легенды і паданні роднага краю1.png
куврпван.png

Гарадзец

Гарадзец.png
квошддгрна.png

Вядомы ў Шклоўскім раёне аграгарадок Гарадзец. Авеяная сівымі легендамі гісторыя кліча нас з далячынь вякоў, каб мы распавядалі пра яе, каб голас наш, як чароўная жалейка, нагадваў вялікім і маленькім вёсачкам, па якіх яна раскідала сваіх жыхароў, што яна жывая і заўсёды чакае нас, каб сагрэць пад сваім цёплым крылом.

Да нашых дзён дайшла легенда, што калісьці ў вёсцы жыў   князь, які быў вельмі горды, важны. Але не гледзячы на свой важны від,  да простых сялян ён адносіўся з павагай, з любоўю. Да яго часта зварочваліся з просьбамі і атрымлівалі падтрымку.  Яго за вочы сталі называць гардзецом. З тых пор вёску звалі Гардзец, ну а потым Гарадзец.

Гарадзец1.png
куврпван.png

Путнікі

Паведаміла легенду Усава Сафія Канстанцінаўна (вёска Путнікі)

квошддгрна.png
Путнікі.png

Даўным–даўно гэта было. Прыйшлі ў нашу мясцовасць людзі здаравенныя, росту аршыны з два, у плячах – косы сажань. Асілкі адным словам. Вырашылі яны гарадзішча будаваць. Месца выбралі прыгожае: на гары, каля рэчкі.

На другі бок рэчкі шлях праходіў, а далей лес дрымучы раскінуўся. Вось ў той лес за будаўнічым матэрыялам асілкі і адправіліся. А сілішчу яны мелі незвычайную – вырве асілак сасонку, раскруціць ды як шпурне – толькі макушка ў руках застанецца. Як лён ускраек лесу ўбралі, адны макушкі валяюцца. Людзі потым макушкі тыя прыбралі, а лес з тых пор Макушшай завецца.

Бывала, кіне асілак сасонку, а яна да гарадзішча не даляціць, каля шляху ўпадзе. Дык перад тым, як кідаць дрэвы, асілкі крычалі, папярэджваючы: «Го–го! Сцеражыцеся, путнікі!» Потым на тым месцы веска узнікла, яе Путнікамі і назвалі.

куврпван.png

Хадулы

Паведаміла легенду Самуйлава Марыя Іванаўна, 1908 г. н. (жыхарка вёскі Хадулы)

квошддгрна.png

Па ўспамінах старажылаў, назва вёскі утворана ад слова «хадзіць». У мінулыя гады вёска была размешчана на узвышэнні. Каб зайсці ў вёску, трэба было падняцца на высокую гару. Аднойчы ішлі ў веску падарожнікі з вялікімі торбамі за плячыма. Пакуль падняліся на гару, вельмі стаміліся і не маглі далей ісці. Адзін з іх цяжка уздыхнуў і кажа: «Ох, як худа, худа хадзіць». Прыкладна, са спалучэння гэтых слоў і літар утварылася назва вёскі – Хадулы. 

куврпван.png

Гара Талерка

Паведала легенду: Хамялёва Ганна Рыгораўна, 1919 г.н., жыхарка вёскі Гарадзец.

квошддгрна.png
Гара Талерка.png

Гара Талерка вядома з 1873 года.

Гарадзішча (археалагічнае).

Мясцовая назва Талерка.

Абарона ад шведаў

Пра адну з самых маляўнічых мясцін вёскі Гарадзец – гару Талерка, сярод нашых людзей захаваліся легенды аб узнікненні гэтай гары. Кожная легенда цікавая і адпавядае сваёй назве. У далёкім мінулым, аб якім ужо і дзяды не памятаюць, на левым беразе рэчкі Гародня, узнікла гарадзішча ранняга жалезнага веку.  Мясцовыя жыхары называлі і цяпер называюць гэта ўзвышша Талеркай, бо яе від зверху нагадвае выгляд увагнутай унутр талеркі. Гэты помнік археалогіі гаворыць аб засяленні гэтых мясцін у глыбокай старажытнасці.    

У час Паўночнай вайны 1708 года непадалёк ад вёскі Гарадзец адбыўся вялікі бой паміж рускімі і шведскімі войскамі.  У выніку гэтага боя быў прыпынены рух варожага войска на ўсход і шведы пачалі адступаць па левабярэжжы ракі Днепр на поўдзень. У якасці сведкаў тых падзей да нашых дзён засталіся пяць магільных курганоў. На жаль, цяпер яны раскапаны.

 

Адна з легендаў распавядае аб тым, што гэты вал быў насыпаны для абароны ад шведаў. Шведы да гэтага часу шмат ваявалі і аснашчэнне арміі правізіяй было кепскім. Калі шведы захапілі вёску, яны абаснаваліся на высокім валу і запатрабавалі, каб мясцовыя жыхары разраўнялі вал і  зрабілі выгляд талеркі, і ўсю яе запоўнілі ежай. Вяскоўцы прынеслі, што маглі, але захопнікам  усё было мала, яны вельмі былі згаладаўшыя. Тады гарадчане рашылі правучыць іх, і сталі зносіць усе свае прыпасы: забівалі баранаў, ягнят, цялят і зносілі на гэты вал. Шведскія салдаты ўсё гэта з’ядалі, а вяскоўцы ўсё падносілі і падносілі. Яны ведалі, што згаладаўшая армія не вытрымае такога дастатка ежы і пачнецца атручванне. Так яно і адбылося. Калі салдаты наеліся і  пачаўся мор, аднавяскоўцы напалі на армію праціўніка і перабілі іх , хто яшчэ застаўся ў жывых ад такога абжорства. З таго часу і да нашых дзён гара захавала аблічча талеркі і вяскоўцы яе сталі называць «талеркай».

куврпван.png

Васіль і Ганна

Паведала легенду: Букетава Аксіння Трафімаўна, 1922 г.н., жыхарка вёскі Гарадзец.

квошддгрна.png

На ўзвышшы, ля падножжа якога працякала глыбокая рэчка, стаяў замак, у якім жыў багаты князь. Быў ён недаступны і ганарысты. За гэта вяскоўцы называлі яго Гардзецом. І быў у яго прыгожы, статны сын – князевіч Васіль. Пакахаў ён бедную дачку прыгоннага селяніна і настаяў на тым, каб бацька дазволіў яму ўзяць Ганну за жонку. Каб не выклікаць гнеў князевіча, стары князь рашыў па–свойму расквітацца з нялюбай нявесткай. Сустракаючы маладых, ён замест віна паднес маладой кубак атруты на прыгожай залатой талерцы. Але кубак узяў і выпіў Васіль. І тут жа ўпаў мертвы. А маладая жонка ў роспачы кінулася з замка ў рэчку. І на тым месцы, дзе яна патанула, пачаў біць ключ. А стары замак ў адну з цемных начэй знік, праваліўся пад зямлю. На тым месцы з’явілася ўпадзіна, якая нагадвала тую залатую талерку, на якой стаяў кубак з атрутаю. Цяпер гэта месца ў вёсцы завецца «талеркай».

Васіль і Ганна.png
куврпван.png

Дзіўнае свяцілішча

Паведала легенду: Трубкіна Еўдакія Рыгораўна, жыхарка вёскі Гарадзец Гарадзецкага сельскага Савета. Запісала легенду: член клуба «Краязнавец» Трубкіна Юлія Вітальеўна.

квошддгрна.png

Гэта было даўным–даўно. На тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца гара Талерка, стаяла свяцілішча. Існавала яно пяць год, а на шосты пачало бурыцца. Аднойчы раніцай прачнуліся людзі і ўбачылі, што няма адной паловы памяшкання. Адзін чалавек захацеў паглядзець, куды яна знікла. Ён падыйшоў да свяцілішча і ўбачыў глыбокую ўпадзіну. Зайшоў гэты чалавек унутр свяцілішча, а назад так і не выйшаў.

З таго часу калі–небудзь ноччу людзі бачылі там прывід у вобразе чалавека. Было шмат зацікаўленых людзей, якія хацелі разгадаць, што здарылася са свяцілішчам і бліжэй разгледзець прывід. Яны часта прыходзілі сюды ноччу. І вось аднойчы яны убачылі, што прывід як бы раззлаваўся на іх. Ён абляцеў людзей тры разы і вылецеў праз акно. І раптам стаў рухацца, а праз некалькі хвілін зусім знік разам з тымі людзьмі.

Жыхары вёскі бачылі гэта і да гэтага месца яшчэ доўга ніхто не падыходзіў. А праз некаторы час правалілася пад зямлю і астатняя частка свяцілішча. Вакол гэтага месца ўтварыўся роў, а само месца, дзе было раней свяцілішча, стала падымацца ўсё вышэй і вышэй. А праз некалькі дзён людзі ўбачылі там вялікую гару. Кажуць, быццам бы хтосьці чуў гукі, якія раздаюцца з–пад зямлі. А яшчэ кажуць, што гэтае свяцілішча стаяла не на сваім месцы, вось таму так і здарылася.

куврпван.png

 Сырная гара

Паведаў легенду: Лапшыноў Іван Іванавіч, жыхар вёскі Гарадзец Гарадзецкага сельскага Савета. Запісала легенду: член клуба «Краязнавец» Ціханава Галіна Іванаўна.

квошддгрна.png
Сырная гара.png

Даўным–даўно, у нашай вёсцы жыў пан. На яго працавалі ўсе сяляне нашай мясцовасці. І вось сярод іх быў мужык, які ўмеў красці.

Аднойчы ён украў з падворка пана некалькі круглякоў сыра і закапаў у зямлю. Праўшоў час, пан і яго прыслужнікі забыліся пра гэта здарэнне. А мужык паўшоў іскаць тую мясцовасць, каб адкапаць сыр, ды ўволю наесціся. Але колькі ён не капаў, а схову не змог знайсці. А потым сяляне сталі прымячаць, што поле за рэчкай як бы стала расці. Яно з каждым годам станавілась усё круглей і круглей. І мабыць мужык усё ж камусці паведаў свой грэх. З яго пасмяяліся, а гэту гару сталі называць «сырная гара». Мясцовасць гэта знаходзіцца за рэчкай, па левай старане дарогі на  вёску Заходы.

куврпван.png

Крумкач

Шмат розных меркаванняў бытуе ў народзе з нагоды таго ці іншага выпадка, якія здараюцца ў вёсцы. Гэта праходзіць праз сотні вуснаў, шліфуецца, як камень у рачной вадзе, паступова ператвараючыся ў легенду  ці паданне, казку, або быль. Вось і ў вёсцы Гарадзец ужо у нашы дні з’явілася легенда, з нагоды таго, чаго на мясцовых могілках не жывуць вароны.

І сапраўды, колькі памятаюць сябе старажылы нашай вёскі, тут заўсёды ціха, чыста. Стаі варон ніколі не залятаюць сюды, не садзяцца на кроны дрэў, не крумкаюць. З вясны па глубокую восень тут чутны спеў розных мелкіх пташак, і нават дзяцел залятае сюды «лячыць» дрэвы.

Чаго тут няма варон, у нашай вёсцы існуе паданне, што на могілках жыве воран (крумкач). Да птушак, якія выступалі пасрэднікамі паміж светам жывых і светам памерлых і якіх надзялялі здольнасцю прадвяшчаць, адносілі крумкача. «Крумкач, кракаючы над домам, прадказвае смерць аднаго з жыхароў гэтага дома».

квошддгрна.png
Крумкач.png

Дык вось,  воран сапраўды жыве тут. На бярозе яго вялікае  гняздо, адно на ўсе могілкі. Вясной тут з’яўляецца варона і яны разам выводзяць сваіх птушанят, але потым ён застаецца адзін, і як бы ахоўвае сваю тэрыторыю і душы памерлых. Кажуць, што гэтаму ворану 300 год. Хто верыць, а хто сумняваецца. Але ж хто праверыць?..

куврпван.png

Мар’іны

слёзы

Запісала легенду бібліятэкар Сл.–Княжыцкай бібліятэкі Лёгкая Т. Л.

квошддгрна.png
Мар’іны слёзы..png

Да нядаўнягя часу было, недалёка ад вёскі Слабодка, Мар’іна балота. Невялікае возера, у якім ніколі не знікала вада, нават у сухое лета. Вось як людзі расказваюць пра гэта возера.


Задоўга да рэвалюцыі на гэтым месцы была панская зямля. І стаяла сялянская хатка, у якой жыла шматдзетная сям’я. У той сям’і была старэйшая дачка – прыгажуння Мар’я, якая кахала хлопца з такой жа беднай сям’і. Але ў пана былі свае задумкі. Ён сам хацеў забраць дзяўчынку ў сваю хату і зрабіць служанкай. А прыгожых дзяўчын–сялянак у панскай хаце чакала доля – знявага. Даведаўшыся аб задумке пана, Мар’я і яе каханы вырашылі збегчы. Але панскія слугі дагналі іх і забілі юнака, а мар’ю прывязлі да хаты.

Пан загадаў ёй з’явіцца раніцай да яго. Усю ноч праплакала Мар’я, пракляла сваю долю і пана, загадаўшага забіць яе каханага. А раніцай убачылі Мар’ю павешанай на дрэве, пад якім яна плакала. Дзяўчына выбрала смерць замест знявагі. А на тым месцы з тых пор стала біць крыніца – Мар’іны слёзы. Значна пазней людзі на гэтым месцы выкапалі катлаван і з’явілася возера, якое празвалі Мар’іна балота.

У 1999 годзе возера высахла. Ня то лета было сушэй, чым у тыя гады, ня то выплакала Мар’я ўсе слёзы…  

куврпван.png

Святая крынічка

Паведала легенду Лупікавава А. С., жыхaрка вёскі Заходы Гарадзецкага сельскага Савета. Запісала легенду бібліятэкар Слабодска–Княжыцкай сельскай бібліятэкі Лёгкая Т. Л.

квошддгрна.png
Святая крынічка.png

Даўно гэта было, яшчэ да вайны Вялікай айчыннай. Жылі ў вёсцы Заходы дзве сям’і. І чым бы не адрозніваліся яны ад астатніх: працавітыя, вясёлыя, але толькі не было ў іх дзяцей, ні ў Козырава міна, ні у Ментузава Аленція. Дзеці нараджаліся, але не дажывалі да года, паміралі. І не было у гэтых дзяцей бяды больш, чым гэта. І тады старыя людзі расказалі Міну і Аленцію гэта паданне.

Гадоў дзвесце, а можа  трыста таму назад, стаяла на ўскраіне гэтага вялікага сяла царква. І слава пра яе разнасілася далёка навокал. Ішлі сюды людзі з ўсёй Магілёўскай воласці памаліцца за здароўе. І, кажуць, сляпыя станавіліся відушчымі, паміраючыя ачуньвалі, а бяздзетныя нараджалі дзяцей.

Але прайшлі гады. Магілёўская воласць папала пад уладу польскага караля Сігізмунда. Ксяндзу яўна не спадабалася, што царквушка мела такую славу, і вырашылі яны знясці яе, а на гэтым месцы паставіць касцёл. Даведаўшыся аб такім святатацтве, кінуліся людзі да царквы і сталі маліцца, просячы Бога не дапусціць гэтага. Але не даў Бог людзям ніякага знака і разышліся яны к ночы па хатах. Засталіся маліцца толькі самыя стойкія. А пад раніцу прачнуўся народ ад гуку званоў, якія станавіліся ўсё глушей ды глушэй. Кінуліся людзі да сваёй царквы, а яе няма.

І толькі з–пад зямлі раздаваліся ўдары званоў. Так і не стала царквы. А на гэтым месцы разлілося непраходнае балота. Такое топкае, што і не можа быць гутаркі аб тым, каб паставіць тут касцёл. Так і засталіся людзі ў гэтай вёсцы праваслаўнымі. Прайшло некалькі гадоў і балота высахла. Толькі з-пад зямлі стала біць крыніца. А вада ў крыніцы была карысная і дапамагала ад шматлікіх хвароб.

Пачуўшы гэту гісторыю, сабраліся Аленцій і Мінка і пабудавалі каля крыніцы капліцу. Купілі іконы і усякае царкоўнае начынне. А на дзень Святога Макавея (Макаўе) асвяціў капліцу святар, якога яны запрасілі. З таго часу ў іх сталі нараждацца дзеці. У Козыравых было – чатыры, у Ментузавых – восем.

У вайну капліца згарэла, але крыніца засталася па-ранейшаму. А з пачатку 80–х гадоў у вёсцы Заходы з’явілася  народная традыцыя: у дзень святога Макавея, 14 жніўня, збіраецца ўся вёска каля крыніцы. Людзі моляцца, а потым пачынаецца народнае гулянне.

Зноў з усёй Шклоўшчыны з’язджаюцца на Макаўе людзі да святой крыніцы. Кажуць, «зямля на тым месцы да гэтага часу калыхаецца», а калі прыкласці вуха да зямлі і добра прыслухацца, то магчыма пачуць званы.

Святая крынічка 1.png

Зараз на тым месцы няма ні царквы, ні капліцы, але стаіць вялікі драўляны крыж, які выцесаў Лузганаў Уладзімір Юр’евіч, ураджэнец вёскі Заходы. Прывёз і паставіў. Не для сябе, для ўсіх людзей.

куврпван.png

Разбойны

роў

Легенду запісала бібліятэкар Зарэчанскай сельскай бібліятэкі Краўчанка А. А. з успамінаў старажылаў.

квошддгрна.png
Разбойны роў.png

Гэты роў зараз надта глыбокі. А ў даўнія часы тут была вялікая дарога. Ездзіла па ёй шмат народу: паны і паненкі, просты люд, хадзілі жабракі. Навокал дарогі рос густы лес. Гэта было проста найлепшае месца для разбойнікаў, якіх у лесе было мноства. Яны рабавалі ўсіх, хто праязджаў па дарозе. Тут жа ў лесе яны хавалі крадзенае багацце. Людзі пачалі баяцца ездзіць па гэтай дарозе. Сталі аб’язджаць гэтае месца за некалькі кіламетраў і зрабілі новую дарогу. Паступова дарога, што ішла па рву, зарасла травой, разбойнікі падаліся ў іншыя месцы, а назва Разбойны роў так і засталася.

куврпван.png

Разбойніцкі роў

Легенду паведала старэйшая жыхарка в.Заходы Мінтузова Варвара Сцяпанаўна.

квошддгрна.png
Разбойніцкі роў.png

Цікавае паходжанне назвы рова ў наваколлі Заход – Разбойніцкі. Пра яго цікавую легенду нам распавядала старэйшая жыхарка в.Заходы Мінтузова Варвара Сцяпанаўна. Праз Гарадзец, Заходы і Башкіраўку праходзіла бойкая дарога. У Башкіраўцы быў панскі маёнтак. Жыў у ім багаты і жорсткі памешчык. І была ў яго прыгажуня дачка. А ў суседняй вёсцы жыў вясёлы сялянскі хлопец. Вельмі добра іграў Лявон на гармоніку, народ весяліў і заўсёды запрашаў да сябе падарожнікаў: «Заходзьце, калі ласка, заходзьце». Можа, і вёску так назвалі – Заходы, што любілі туды заходзіць.

Аднойчы зайшла да Лявона дачка багацея і закахалася ў музыку. І Лявон пакахаў прыгажуню. Пачалі яны таемна сустракацца. Недалёка ад дарогі роў быў, увесь пакрыты маліннікам. Вельмі падабалася Лявону частаваць каханую малінай, таму што вусны ў каханай былі такія ж салодкія і чырвоныя. Аднак празнаў пра іх сустрэчы бацька. Раззлаваўся ён і прымусіў дачку скласці шлюб з нялюбым старым, а Лявона захацеў у рэкруты аддаць. Аднак збег з вёскі хлопец.

А праз некаторы час на дарозе з'явіліся разбойнікі. Выходзілі яны рабаваць з рова, у якім калісьці Лявон з каханай сустракаліся. І аднойчы захапілі разбойнікі памешчыка–разлучніка, зацягнулі ў роў і пралілася кроў, чырвоная, як маліна – ягада. І стала зноў ціха і спакойна на дарозе. З той пары ніхто больш нікога не рабаваў. А людзі той роў назвалі «Разбойніцкім».

квошддгрна.png
bottom of page