Музейны пакой баявой і працоўнай славы аграгарадка Гарадзец пачаў сваю працу з 10 кастрычніка 2008 года. Думка пра стварэнне музея ў мясцовых краязнаўцаў існавала ўжо даўно. Настаўнік геаграфіі Гарадзецкай васьмігадовай школы Крупенька Іосіф Пятровіч яшчэ ў 50 гады мінулага стагоддзя стаў збіраць матэрыялы па гісторыі в. Гарадзец, яе жыхарах, удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, пра стварэнне на тэрыторыі Гарадзецкага сельскага Савета калгасаў, іх развіццё і пераўтварэнне ў адзіную гаспадарку – саўгас «Гарадзец». Іосіф Пятровіч займаўся краязнаўствам усё жыццё. Гэту працу прадоўжыў настаўнік гісторыі Гарадзецкай сярэдняй школы Турбінскі Анатоль Леанідавіч, клуб «Краязнавец» створаны пры Гарадзецкай сельскай бібліятэцы ў 1996 годзе пад кіраўніцтвам Алейнікавай Валянціны Васільеўны, дырэктар Дома рамёстваў аграгарадка Гарадзец Ціханава Галіна Іванаўна. Вялікая праца зроблена ідэалагічным кіраўніком ЧУП «АСБ Гарадзец» Ілюкевіч Нінай Анфімаўнай. Увасобіць у рэальнасць мару па стварэнні музея змаглі толькі ў 2008 годзе, калі ЧУП «АСБ Гарадзец» пабудаваў шматфункцыянальны будынак Дома культуры, у якім адвялі пакой пад музей.
У музеі прадстаўлены экспазіцыі: «Пачатак усяму – родная зямля», «Ад мінулага да сучаснасці», «Не забыты гады баявыя», «Гарадзец: учора, сёння, заўтра», «Этнаграфія».