Надзейка
Дзеці выбіраюць Надзейку. Яна становіцца ў цэнтры круга. Першая сяброўка загадвае Надзейцы:
Ты, Надзейка, раскажы,
Спрытна ўсім нам пакажы,
Як бабуля скача.
Надзейка павольна танцуе:
Вось так, вось так, –
Так бабуля скача.
Другая сяброўка загадвае:
Ты, Надзейка, раскажы,
Спрытна ўсім нам пакажы,
Як дзяўчынка скача.
Трэцяя сяброўка загадвае:
Ты, Надзейка, раскажы,
Спрытна ўсім нам пакажы,
Як жа козлік скача.
Надзейка пацешна танцуе:
Вось так, вось так, –
Так ён, козлік, скача.
Затым усе дзеці, імітуючы хто бабульку, хто дзяўчынку, хто козліка, скачуць, пляскаючы ў далоні. Заканчваецца гульня, калі Надзейка вызначае лепшых – «бабульку», «дзяўчынку», «козліка».
Ду- ду
Дзеці становяцца ў круг. Выбіраюць аднаго хлопчыка, чапляюць яму бараду, завязваюць вочы. Гэта – «казёл–барада». Ён ходзіць па крузе, а ўсе спяваюць:
Ду–ду, казёл–барада,
Ду–ду, прадаў барана,
Ду–ду, купіў коску.
Ду–ду, нашто тая коска?
Ду–ду, сенца касіць.
Ду–ду, нашто тое сенца?
Ду–ду, кароўку карміць.
Ду–ду, каб давала малако.
Ду–ду, нашто тое малако?
Ду–ду, Настачку паіць.
На апошніх словах «казёл–барада» павінен дакрануцца да каго–небудзь рукой. Да каго дакранецца, той і будзе новы «казёл–барада».
Цір на снезе
ці лёдзе
На снезе ці лёдзе малююць мішэнь. Тыя, хто сабраўся гуляць, становяцца за 10 метраў ад мішэні. Каб пацэліць у мішэнь, трэба закінуць клюшкай ці рукой шайбу альбо мячык. Загадзя дамаўляюцца, па колькі кідкоў рабіць. Хто болей набярэ ачкоў, той і пераможца.
Гуляць можна і камандамі. Тады кожны робіць па адным кідку, і камандзе залічваецца агульная колькасць ачкоў.
Хто больш?
На снезе ставяць дзве скрыні. Дзве каманды становяцца метраў за 10 ад іх. У кожнага з гульцоў – па тры снежкі. Па чарзе закідваюць снежкі ў скрыню. Якая каманда болей трапная, тая і перамагла.
Хто хутчэй?
Для гульні патрэбны двое санак. Удзельнікі гульні садзяцца кожны на свае санкі спіной адзін да аднаго. Пачуўшы каманду, пачынаюць адштурхоўвацца нагамі. Перамагае той, хто хутчэй даедзе да сваёй адметкі – фінішу.