На левым беразе маленькай ракі, на ўзвышшы ў вельмі далёкія часы ўтварылася невялікая вёсачка Путнікі. Першымі яе пасяленцамі былі вандроўцы. Спадабалася ім гэтая мясцовасць: рака, побач лес. Сталі яны паступова абжывацца. Займаліся рознымі справамі. Даводзілася першым жыхарам цягаць баржы з грузам па рацэ Днепр, асвойвалі і засявалі палі, лавілі рыбу, хадзілі на паляванне. Паступова з’явілася і назва «путнікі», лес – Канаплянка, Макушша, рака – Чарнушка, якая паступова высыхала, і засталіся невялікія азерцы, якія ў народзе сталі называць «сажалкі».
Путнікі, па рукапісных крыніцах вядомыя з 18 стагоддзя. Вёска ўваходзіла ў Сасновую воласць Шклоўскага графства. У 1771 г. тут налічвалася 25 двароў 139 жыхароў. У 1781 г. у вёсцы заснавана суконная мануфактура, якая існавала да 1809 г. у 1785 г. было 30 двароў, 199 жыхароў. Вёска ўваходзіла ў склад маёнтка Шклова і належала С. Р. Зорычу і С. Ф. Герасімаву. Ужо ў 1897 г. у вёсцы налічвалася 42 двары і 282 жыхары. У гэтым жа годзе Путнікі ўваходзілі ў Любінічную воласць Горацкага павета. На хутары, што знаходзіўся побач, былі яшчэ 2 двары і 6 жыхароў.
Савецкая ўлада адноўлена ў 1917 годзе. У складзе Гарадзецкага сельскага савета вёска Путнікі з 20 жніўня 1924 года.
Падчас 1–ай сусветнай вайны ў 1918 г. вёска знаходзілася ў прыфрантавой паласе. А ў 1928 г. арганізаваны калгас «Другая пяцігодка», які першапачаткова аб’ядноўваў 8 гаспадарак. Першым старшынёй быў Барздоў.Не ўсе сяляне добраахвотна ўступалі ў калгас, многіх прымушалі. Больш заможныя гаспадаркі былі «раскулачаны», многія сем’і былі адпраўлены ў Сібір. Але ўжо да ВАВ усе жыхары вёскі ўступілі ў калгас. Да вайны на сажалках стаяў вадзяны млын, дзе людзі маглі змалоць зерне. Сярод жыхароў вёскі было вельмі шмат майстравых людзей: бондары, краўцы, валяльшчыкі валёнак. А жанчыны шылі, пралі, ткалі. Пасля вызвалення вёскі ад нямецкіх акупантаў калгаснікі ўзяліся за аднаўленне разбуранай гаспадаркі. Амаль усю пасяўную плошчу апрацоўвалі ўручную. Сталі будаваць памяшкання для жывёлы, тэхнікі. Пасля вайны старшынёй быў Міхалюта. У 1949 г. малыя калгасы сталі аб’ядноўваць і калгас «Другая пяцігодка» увайшоў у склад аб’яднання «Прамень камуністаў». Узначаліў гаспадарку Цырульнікаў Іван Маркавіч. У 1959 г. гэта аб’яднаная гаспадарка ўвайшла ў склад саўгаса «Спартак», і ўжо ў 1961 г. быў арганізаваны новы саўгас «Гарадзец», куды і ўвайшла вёска Путнікі.
Путнікі : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 499.
З гісторыі вёсак // Памяць : гісторыка–дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – С. 498.