Аграгарадок Гарадзец: дзень сенняшні
З кожным годам аграгарадок Гарадзец мяняе сваё аблічча. Дзякуючы падтрымцы адкрытага акцыянернага таварыства «Ашчадны банк «Беларусбанк», тут з’яўляецца ўсё больш сацыяльных і культурных аб’ектаў.
У 2001 годзе была адкрыта Гарадзецкая сярэдняя школа на 180 месцаў, дзе створаны неабходныя ўмовы для развіцця, выхавання і навучання падрастаючага пакалення. У школе добрая спартыўная база: маецца спартыўны, трэнажорны зал, футбольная і гульнявая пляцоўкі. У сакавіку 2008 года быў адкрыты дзіцячы сад на 40 месцаў, які па рашэнні раённага выканаўчага камітэта сумесна з Гарадзецкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школай быў рэарганізаваны ў вучэбна-педагагічны комплекс. З 2010 года – Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Гарадзецкі ВПК сярэдняя школа–дзіцячы сад».
У 2006 годзе заселены новыя дамы па вуліцы Паркавая. У 2008 годзе сталі засяляцца дамы па вуліцы Сонечная.
Вясной 2010 года ўведзен у строй адміністрацыйны будынак, дзе размясціліся дырэкцыя гаспадаркі і Гарадзецкі сельвыканкам, новы будынак дома механізатара. У кастрычніку гэтага ж года сям’я Канаваленка атрымала ключ ад 2–х павярховага дома сямейнага тыпу. Ўведзены ў строй сучасная сталовая, дом механізатара.
А ў кастрычніку 2008 года зноў адбылося наваселле. Расчыніў свае дзверы новы шматфункцыянальны будынак, які ўзвялі на цэнтральнай плошчы аграгарадка будаўнікі акцыянернага таварыства «Будаўнік» з горада Горкі пад кіраўніцтвам В. А. Стасько.
У гэтым прыгожым палацы пад адным дахам размясціўся Дом культуры, Дом рамёстваў, бібліятэка, філіял шклоўскай дзіцячай школы мастацтваў, музей баявой и працоўнай славы, аддзяленне ААТ «Беларусбанк» і паштовай сувязі, комплексны прыёмны пункт КБА, кафетэрый і магазін РАЙПО.
Гарадзецкі СДК – спецыяльна пабудаваная ўстанова, якая ўключае 7 пакояў для клубнай працы, глядзельную залу на 140 месцаў, танцзал, грымёрную, гуртковую. Створана пляцоўка канцэртнага і тэатральнага абслугоўвання сельскага насельніцтва; вядзецца абслугоўванне аддаленых і маланаселеных пунктаў. У зону абслугоўвання Гарадзецкага СДК ўваходзіць 11 вёсак. У Доме культуры створаны і працуюць 10 гурткоў і калектываў мастацкай самадзейнасці, у іх больш за 100 удзельнікаў. З іх 7 для дзяцей і падлеткаў, у якіх займаюцца – 85 чалавек.
Папулярнасцю карыстаецца танцавальны калектыў «Рытм», студыя эстраднай песні «Вясёлка», вакальны калектыў «Вітанне», тэатральны гурток. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці, выступаюць не толькі на сцэне мясцовага Дома культуры, але і актыўна выязджаюць у аддаленыя і маланаселеныя пункты сваёй зоны абслугоўвання, з абменнымі канцэртамі ва ўстановы культуры раёна. Гэтак жа прымаюць удзел у аглядах, конкурсах, святах і фестывалях: раённых, абласных, рэспубліканскіх, такіх як «Планета дзяцінства», «Мая Шклоўшчына», «Александрыя збірае сяброў», «Залаты шлягер» (2009г). Сумесна з ПУП «АСБ Гарадзец» прынялі ўдзел у рэспубліканскіх фестывалях мастацкай самадзейнасці «Зямлі роднай спяваем мы славу», «У вершах і песнях аб перамозе» г.Мінск. Штогод сумесна з сельскім саветам праводзяцца святы вёсак.
Асноўнай задачай Дома рамёстваў з’яўляецца стварэнне ўмоў для дзейнасці, накіраванай на адраджэнне, развіццё і прапаганду нацыянальнай культурнай спадчыны, дэкаратыўна–прыкладнога мастацтва і народнай творчасці. У Доме рамёстваў вядзецца праца па папаўненні матэрыяламі картатэкі народных умельцьеў, сабраны матэрыял па традыцыйных відах дэкаратыўна–прыкладнога мастацтва. Паспяхова працуе ўзорная дзіцячая студыя «Залатая саломка» і чатыры гурткі народнай творчасці. Вядзецца навучанне дзяцей жывапісу, майстэрству саломапляцення, бісерапляценні, вышыўцы, пашыў мяккай цацкі.
Асноўнай формай азнаямлення наведвальнікаў з творамі мастацтва, народнай творчасці з’яўляюцца выставы. Вырабы, зробленыя рукамі ўдзельнікаў, дэманстраваліся на раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах народнай творчасці: «Беларусь–мастеравая», «Залаты Шлягер» г. Магілёў, «Горад майстроў», «Александрыя збірае сяброў», «Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» г. Клімавічы. Фестываль – кірмаш рамёстваў: «Вясновы букет» г. Мінск, «Дажынкі» г. Горкі.
Гарадзецкая бібліятэка валодае багатым кніжным фондам па розных галінах ведаў. У зону абслугоўвання бібліятэкі ўваходзіць 5 населеных пунктаў. Інфармацыйнае абслугоўванне насельніцтва вядзецца ў бібліятэцы з выкарыстаннем камп’ютэрных тэхналогій, працуе электронная пошта, маецца выхад у сетку Інтэрнэт. Вялікая ўвага ў рабоце бібліятэкі надаецца краязнаўчай дзейнасці. Пры бібліятэцы працуе клуб «Краязнавец», якім сабраны багаты матэрыял па гісторыі аграгарадка. У вольны час можна наведаць аматарскае аб’яднанне народнай творчасці «Свет тваіх захапленняў».
Ад станаўленні гаспадаркі, ветэранах, перадавіках сельскагаспадарчай вытворчасці і сённяшніх дасягненнях расказваюць у Музеі баявой і працоўнай славы ЗАО «АСБ–Агро Городец».
Гарадзецкі філіял дзіцячай школы мастацтваў вядзе навучанне на музычным аддзяленні па класе ігра на баяне, акардэоне, фартэпіяна. Навучаецца 22 вучні. Навучанне вядуць 2 выкладчыкі. Лепшыя навучэнцы прымаюць актыўны ўдзел у раённых фестывалях, канцэртных праграмах Гарадзецкага СДК.