Алейнікава Ніна Антонаўна
Нарадзілася 19 снежня 1922 года ў вёсцы Слабодка Гарадзецкага с/с. З першых дзён вайны была медыцынскім работнікам у санітарным поездзе, дзе праслужыла да кастрычніка 1941 года, да кантузіі і ранення галавы. У шпіталі знаходзілася да красавіка 1942 года. Пасля выздараўлення была накіравана на Калінінскі фронт у 756 роту, дзе праслужыла да чэрвеня 1943 года, да ранення. У шпіталі знаходзілася да жніўня 1943 года. Затым была накіравана ў санітарны поезд №191, дзе праслужыла да канца Вялікай Айчыннай вайны.
За выратаванне жыцця савецкіх салдат была ўзнагароджана «Ганаровай граматай Узброеных сіл СССР», прысвоена званне старшыні роты.
Алейніківа Н.А. пахавана на могілках в. Слабодка.
Галанава Паліна Сяргееўна (без фота)
1918 года нараджэння. Да вайны яна закончыла школу і паступіла ў Шклоўскую медыцынскую школу. Потым працавала ў бальніцы г. Магілёва. Калі пачалася вайна, 25 чэрвеня 1941 года яна была мабілізавана ў рады Чырвонай Арміі медсястрой. Усю вайну яна працавала ў шпіталі, які перамяшчаўся разам з фронтам. Арол, Бранск, Кіеў – вось гарады, якія разам з фронтам прайшла Паліна Сяргееўна. За гады вайны яна была тройчы паранена. Апошняе раненне не дазволіла сустрэць Перамогу ў Берліне. Ужо пасля Перамогі два гады прыйшлося праляжаць у шпіталі. І толькі ў 1947 годзе яна вярнулася ў родную вёску. Раненні не дазволілі Паліне Сергееўне далей працаваць. Яна выйшла замуж за Галанава Антона Андрэевіча, нарадзіла трох дзяцей, дачакалася унукаў і праўнукаў.
Паліна Сяргееўна узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны першай ступені, медалямі «За Победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941 – 1945 гг.», юбілейнымі медалямі.
Грэцкі Васіль Кузьміч
Нарадзіўся ў 1927 годзе ў в. Гарадзец. Васілю споўнілася 14 гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна.
Як і іншых жыхароў вёскі, Васіля ганялі капаць акопы. Гумар і юнакі запал дапамагалі многім у цяжкай працы. А яшчэ ён любіў спяваць. Песні былі спадарожнікамі ўсяго яго жыцця. Калі войскі Чырвонай Арміі вызвалілі раён ад немцаў, нягледзячы на юны ўзрост (17 гадоў), яго забралі ў войска. Адразу ён трапіў у вучэбную роту, а калі заканчвалася вайна, іх накіравалі на мяжу з Кітаем. Васіль Кузьміч з гумарам успамінаў вайну з кітайцамі. Ён казаў, што іх заўсёды было шмат, і ўсе яны паўзлі праз мяжу, як мухі на мёд. Задача ў іх была вельмі цяжкая, адстаяць свае межы. Потым ён трапіў на вайну з Японіяй. Васіль Кузьміч яшчэ служыў у арміі да 1947 года. Але, куды б ні кідаў яго франтавы лёс, ён заўсёды памятаў аб сваёй маленькай радзіме. Вярнуўшыся на родную зямлю, Васіль Кузьміч працаваў трактарыстам, не шкадуючы сіл у калгасе, а затым у саўгасе «Гарадзец». Ноччу і днём не змаўкаў рокат яго гусенічнага трактара. Не злічыць тыя гектары зямлі, што ўзараў Васіль Кузьміч за сваё працоўнае жыццё.
Разам са сваёй жонкай Грэцкай Агаф’яй Іванаўнай выгадавалі шасцярых дзяцей. Сваякі і аднавяскоўцы ўспамінаюць яго як вясёлага і цікавага чалавека. Ён часта і шмат спяваў, і песні ў яго былі свае. Голас быў вельмі меладычны, распеўны, і песні заўсёды гучалі ад душы. Грэцкі Васіль Кузьміч памёр у 1999 годзе, але памяць пра яго ў аднавяскоўцаў і родных жывая і сёння.
За выкананне баявых заданняў Васіль Кузьміч быў узнагароджаны медалямі «За перамогу над Германіяй», «За перамогу над Японіяй», юбілейнымі медалямі.
Іваноў Лявон Навумавіч
1915 года нараджэння
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на фронце. Ён быў сувязны. Баявы шлях прайшоў ад Брэста да Берліна. Калі пачалася вайна, ён служыў у радах Чырвонай Арміі. Рота трапіла пад абстрэл і ўсе, хто застаўся ў жывых патрапілі ў палон. Па дарозе Лявон Навумавіч з сябрамі здолеў бегчы. Пасля доўгіх блуканняў знайшлі фронт і зноў ўступілі ў рады Чырвонай Арміі. Вызваляў Польшчу, Усходнюю Прусію, дайшоў да Берліна.
Радзіма ацаніла мужнасць Лявона Навумавіча Іванова, ўзнагародзіўшы яго ордэнам Вялікай Айчыннай вайны і медалямі. Пасля вайны працаваў настаўнікам пачатковых класаў у в. Кастрыца, а затым в. Заходы.
Памёр у 2000 годзе.
Крупенька Іосіф Пятровіч
Нарадзіўся ў вёсцы Дубраўка Фашчаўскага сельсавета. Тут атрымаў сярэднюю адукацыю, працаваў у Фашчаўскім сельпо. У1940 годзе прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Служыў у Галічы Іванаљ–Франкоўскай вобласці Украіны. У пачатку чэрвеня 1941 года групу салдат, і Іосіфа Пятровіча ў тым ліку накіравалі ў 14–ю ваенную авіяшколу г.Оршы. Праз некальм дзён пачалася вайна.
24–га чэрвеня 1941 года курсанты школы ахоўвалі важныя аб’екты горада. Іосіфу Пятровічу давялося ахоўваць мост праз Днепр. Варожая авіяцыя ў той дзень тройчы бамбіла яго, але мост адстаялі. Потым бамбілі горад, а затым скінулі десант, на знішчэнне якога адправілі курсантаў. Вось так пачаліся цяжкія працяглыя выпрабаванні на стойкасць, адвагу і мужнасць.
Ад Оршы з баямі адступалі, але не гублялі надзеі на перамогу. Затым давялося ваяваць на цэнтральным напрамку Заходняга фронта на тэрыторыі Расіі. Тут у 1943 годзе ў адным з баёў Іосіфа Пятровіча цяжка параніла, і ў лістападзе, пасля шпіталю, яго камісавалі. Паколькі Беларусь была акупіраваная, застаўся часова жыць у абласным цэнтры Кіраў, дзе лячыўся. Там ўладкаваўся працаваць на заводзе, а неўзабаве нас перавялі ў Серпухаў Маскоўскай вобласці.
За ратныя і працоўныя справы мае медаль «За адвагу», орден Айчыннай вайны II ступені, медаль «За працоўную доблесць у Вялікай Айчыннай вайне».
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў вярнуўся да дому, аднаўляў народную гаспадарку. Завочна закончыу Магілёускі педагагічны істытут і больш за 30 год адпрацаваў ў Гарадзецкай васьмігадовай школе. Шмат матэрыялу сабраў па краязнаўству. Разам з жонкай Вольгай Захараўнай выгадавалі шэсць дачок, даждаліся унукаў і праўнукаў.
Новікаў Сцяпан Захаравіч
Новікаў Сцяпан Захаравіч нарадзіўся ў 1923 годзе ў В. Плешчыцы Шклоўскага раёна, Магілёўскай вобласці. Да вайны ён скончыў 7 класаў. Калі пачалася вайна, Сцяпан Захаравіч са сваімі дзвюма сёстрамі жылі ў вёсцы. Яго не паспелі прызваць у рады Савецкай Арміі. Шмат выпрабаванняў давялося перажыць, знаходзячыся на акупіраванай тэрыторыі. У 1943 годзе вёску акружылі немцы. Усіх маладых мужчын і жанчын сабралі, пагрузілі на машыны і павезлі ў Мікашэвічы ў лагер, дзе яны будавалі дарогі.
Аднойчы Сцяпан Захаравіч здолеў уцячы з лагера. Пасля доўгіх дзён блуканняў па лесе ён трапіў у партызанскі атрад ім.Арджанікідзэ Пінскага раёна. У атрадзе ён ваяваў да вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Потым іх атрад залічылі ў рады Чырвонай Арміі. Сцяпан Захаравіч разам са сваёй часткай дайшоў да Беластока, а потым увесь артылерыйскі полк перакінулі на Прыбалтыйскі фронт, дзе ўдзельнічалі ў вызваленні Рыгі.
Заслужаны полк пасля баёў за Рыгу перакінулі ў Фінляндыю, паўвостраў Паркалавуд, і там яны ахоўвалі мяжу, каб немцы не прарваліся з поўначы воднымі шляхамі. Тут Сцяпан Захаравіч служыў да Перамогі. За ўвесь час вайны ён не быў паранены. Быў наводчыкам артылерыйскага палка, і аднойчы падчас бою нямецкі снарад выбухнуў за 5–6 метраў ад іх прылады. Усіх накрыла зямлёй, але не параніла.
Сцяпан Захаравіч пасля вайны быў узнагароджаны медалямі: «Партызанская Беларусь 1941-1944гг.», «За перамогу над Германіяй», ордэнам Айчыннай Вайны. Пасля вяртання з войска Сцяпан Захаравіч стаў працаваць у дарожнай службе. Пераехаў жыць у в. Новыя Чамаданы, абзавёўся сям'ёй. У 1983 годзе пайшоў на заслужаны адпачынак, стаў ветэранам працы.
Сякацкі Станіслаў Мацвеевіч (без фота)
Нарадзіўся Сякацкі Станіслаў Мацвеевіч ў в. Новыя Чамаданы ў 1922 годзе. Да вайны ён скончыў 9 класаў Забродскай школы, а затым педагагічныя гадавыя курсы пры Магілёўскім педінстытуце, па заканчэнні якіх быў залічаны ў інстытут. Але пачалася вайна, і вучобу прыйшлося перапыніць. Падчас акупацыі ён жыў у в. Н. Чамаданы. Калі вёска была вызвалена ад нямецка–фашысцкіх захопнікаў, яго забралі ў войска.
Станіслаў Мацвеевіч дайшоў да Германіі. Пры фарсіраванні р. Эльбы быў цяжка паранены і доўга знаходзіўся ў шпіталі. Потым ён даслужыў тэрміновую службу і ў 1947 г. вярнуўся дадому. Пасля службы ў войску працаваў настаўнікам у вёсцы Смятанічы, затым дырэктарам Крывельскай школы; дырэктарам у школе Н. Чамаданы. А калі школу зачынілі, ён працаваў да пенсіі ў Гарадзецкай базавай школе. Памёр у 2002 годзе.
Трубкін Іван Міхайлавіч
Нарадзіўся Іван Міхайлавіч Трубкін у 1922 годзе у вёсцы Стараселле Славенскага сельсавета. Калі пачалася Вялжая Айчынная вайна, ён вучыўся ў Магілёўскім машынабудаўнічым тэхнікуме. Неўзабаве быў мабілізаваны на фронт. Але ваяваць не прыйшлося. Адразу пад Магілёвам трапіў у акружэнне. Трубкін з вялікімі цяжкасцямі дабраўся да сваёй вёскі.
Да 1944 года давялося жыць на акупіраванай тэрыторыі, а пасля вызвалення Беларусі зноў пайшоў на фронт, ён трапіў у 183–і стралковы полк 33–яй дывізіі 3–га Беларускага фронта, якім камандаваў І. Д. Чарняхоўскі. Іван Міхайлавіч быў прызначаны камандзірам кулямётнага разліку.
Са слязамі на вачах ветэран успамінае баявыя паходы. Бо амаль кожны дзень даводзілася страчваць сваіх баявых таварышаў. У баях за Кёнігсберг Іван Міхайлавіч быў паранены і трапіў у шпіталь. Але пасля папраўкі зноў вярнуўся ў сваю роту. За вызваленне гэтага горада Іван МІхайлавіч быў узнагароджаны медалём «За ўзяцце Кёнігсберга». Тут ён і сустрэў Перамогу.
Але на гэтым баявыя паходы не скончыліся. 29 мая яго часць была адпраўлена на Далёкі Усход. Прыйшлося яшчэ ваяваць з японсюмі мілітарыстамі, за што і быў узнагароджаны медалём «За перамогу над Японіяй».
Толькі ў 1947 годзе Трубкін дэмабілізаваўся з арміі. У хуткім часе Іван Міхайлавіч сустрэў сваю будучую жонку Пелагею Сцяпанаўну з вёскі Гарадзец. Сям'я вырашыла тут жыць. Уступтілі ў калгас «Прамень камунізму». Працаваў Іван Міхайлавіч начальнікам участка, намеснікам старшыні калгаса, будаўніком. За працоўныя заслугі быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі, медалямі. У 1992 годзе пайшоў на заслужаны адпачынак.
Хамелеў Ілля Сяргеевіч
Нарадзіўся ў вёсцы Гарадзец у 1922 годзе. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму было 19 гадоў. Але ў рады Савецкай Арміі не паспелі заклікаць. Усю вайну знаходзіўся на акупаванай тэрыторыі. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў быў прызваны ў Армію. За кароткі тэрмін свайго жыцця Ілля Сяргеевіч прайшоў вельмі цяжкі, але ратны шлях. Мае шмат узнагарод.
За прарыў варожай абароны на поўдзень ад Варшавы 16 студзеня 1945 года за №220 аб’яўлена падзяка. За ўдзел у наступальнай аперацыі ў межы Брандэнбургскай правінцыі Германіі, за выдатныя баявыя дзеянні ад 31 студзеня 1945 года за №266 аб’яўлена падзяка. За ўдзел у баях пры фарсіраванні ракі Одра 23 красавіка 1945 года за №339 аб’яўлена падзяка.
Узнагароджаны медалём «За вызваленне Варшавы» 4 чэрвеня 1946 года, медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945г.г.» 19 мая 1946 года. З вайны Ілля Сяргеевіч прыйшоў паранены і хворы. У 1962 годзе Хамелеў Ілля Сяргеевіч памёр ад старых ран.
Аляксей Мікітавіч Ціханаў (без фота)
Аляксей Мікітавіч Ціханаў нарадзіўся і вырас у в. Гарадзец у бядняцкай сям’і, пазнаў цяжкую працу. Юнаку споўнілася 19 гадоў, калі ў 1916 г. закончыў Копыскае пачатковае вучылішча. Неўзабаве Аляксей прызваўся ў царскую армію. Ішла імперыялістычная вайна, і амаль адразу малады салдат аказаўся на Заходнім фронте. Праявіў мужнасць пры падрыве маста, па якому перапраўляліся кайзераўскія войскі, за што быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам. У хуткім часе атрымаў званне малодшага ўнтэрафіцэра. Дарагой цаной заплаціў салдат за ўзнагароду і званне. У баях страціў вока, быў атручаны газам. Інвалідам вярнуўся ў родную вёску.
Кастрычніцкую рэвалюцыю сустрэў з радасцю. Становіцца адным з актывістаў па станаўленні ўлады Саветаў у навакольных вёсках. Раздаваў сялянам зямельныя надзелы багацеяў, канфіскаваную маёмасць, справай і словам агітаваў за свабоднае жыццё. У кастрычніку 1918 г. Ціханаў уступае ў рады Чырвонай Арміі. Інжынерная часць, дзе ён служыў, узводзіла ўмацаваную лінію абароны пад Барысавам, а пасля масты на рэках Бярэзіны і Нёман.
Пасля грамадзянскай вайны Аляксея Мікітавіча прызначаюць сакратаром Гарадзецкага сельсавета. Пазней працаваў старшынёй раённай зямельнай камісіі, загадчыкам зямельнага аддзела і намеснікам старшыні Шклоўскага райвыканкама. Клопатаў прыбавілася, а ведаў не хапала. Папрасіўся на вучобу. Закончыў Мінскі дарожны тэхнікум. Затым працаваў загадчыкам дарожнага аддзела Шклоўскага райвыканкама. Пад яго кіраўніцтвам рамантавалі і будавалі новыя дарогі. Тры апошнія гады перад вайной узначальваў Магілёўскі абласны дарожны аддзел, быў загадчыкам транспартнага аддзела абкома партыі.
... Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Калі гітлераўцы былі ўжо на подступах да Магілёва, а дэсантныя групы фашыстаў высадзіліся за дзесяткі кіламетраў на Усход ад яго, А.М.Ціханаву даручылі даставіць архіўныя дакументы абкома партыі ў Тамбоў. Адказнае заданне было выканана, а ў канцы ліпеня 1941 г. Аляксей Мікітавіч залічаны ў дзеячую армію. У адным з баёў на Бранскім фронце быў цяжка паранены. Пасля шпіталю накіроўваецца ў глыбокі тыл. У Башкірскую АССР. Там сустрэў і сваю сям’ю, якая была эвакуіравана на пачатку вайны з Магілёва. Зноў партыйная работа на пасадзе другога сакратара Куюргазенскага райкома партыі. Сустрэчы і выступленні ў калектывах, справы на прамысловых прадпрыемствах, у калгасах і саўгасах не пакідалі часу для адпачынку. Затое на фронт ішлі эталоны з хлебам і мясам, мабілізаванымі воінамі, тэхнікай і абмундзіраваннем.
Пачатак верасня 1942 г. тэлеграмма з Масквы Башкірскаму абкому партыі: «Накіруйце ў распараджэнне ЦК КП(б) Беларусі А.М. Ціханава». I вось сустрэча ў Маскве з адказнымі работнікамі апарата ЦК КП(б), якая закончылася вучобай у спецшколе адной з воінскіх часцей. I зноў баявое задание. У камандзіровачным прадпісанні, выдадзеным Беларускім штабам партызанскага руху лютага 1943 г. было сказана: «...Ціханаў Аляксей Мікітавіч камандзіруецца на аэрадром Бухары для арганізацыі ўсёй работы, звязанай з адпраўкай боепрыпасаў у тыл праціўніка, у партызанскія атрады Беларусі...». Дзесяткі тон патрэбных народных мсціўцам грузаў адправіў Аляксей Мікітавіч самалётамі ў родную Беларусь. Нямала зрабіў А. М. Ціханаў як прадстаўнік Беларускага штаба партызанскага руху у час барацьбы Чырвонай Арміі і партызан за вызваленне Беларусі. Баявы шлях ветэрана – абаронца Радзімы адзначаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і многімі медалямі.
Ярмоленка Макар Дзмітрыевіч
Нарадзіўся ў 1904 годзе у вёсцы Гарадзец Шклоўскага раёна, кандыдат медыцынскіх навук, падполкоўнік медыцынскай службы.
Узнагароджаны медалём: «За оборону Ленинграда», Ордэнам Чырвонага Знамені, Ордэнам Чырвонай Зоркі, Ордэнам Леніна.
Ярмоленка Нікіфар Дзмітрыевіч (без фота)
Нарадзіўся у 1901 годзе ў вёсцы Гарадзец Шклоўскага раёна. У радах Чырвонай Арміі з 1939 года, палкоўнік.
Узнагароджаны медалём «За боевые заслуги», «За взятие Кенигсберга», «За оборону Москвы», «За оборону Сталинграда», «За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.», Ордэнам Чырвонага Знамені, Ордэнам Чырвонай Зоркі, Ордэнам Айчыннай вайны II ступені, Ордэнам Айчыннай вайны I ступені.
Удзельнікі Вялікай Айчынай вайны
(без біяграфічных звестак)
Баранаў Міхаіл Сцяпанавіч
(1922–1974)
Ігнаткоў Міхаіл Цітавіч
(1916–1994)
Баранаў Міхаіл Сцяпанавіч
(1918–1976)
Камароў Міхаіл Іванавіч
(1916–1987)
Качаеў Аляксей Дзянісавіч (1923–2002)
Лазуркін Іван Іосіфавіч
(1904–1976)
Лакрысенка Илля Філіпавіч (1924–1984)
Малахаў Пётр Іванавіч
(1923–1994)
Ціханаў Аляксей Мікітавіч (1897–1968)
Хамелеў Яфім Сяргеевіч
(1915–1982)
Хамелеў Сцяпан Сяргеевіч (1918–1995)
Звесткі сабрала і запісала : Алейникова В. В. , бібліятэкар Гарадзецкай сельскай бібліятэкі