Школа – самая старажытная ўстанова в. Гарадзец. Першыя звесткі аб ёй прыходзяцца на 1890 год – царкоўна–прыхадская школа. Пасля рэвалюцыі на яе базе створана школа першай ступені, у якой навучаліся дзеці з весак Гарадзец, Заходы, Путнікі, Любінічы, паселка Лешча. У 1925 годзе у школе было 68 вучняў. З 1936 па 1938 год вядзецца будаўніцтва новай школы. У 1938-1939 навучальным годзе вучняў сустрэла сямігадовая школа. Яна размяшчалася ў двух памяшканнях. Новае памяшканне – на 4 класныя пакоі, у старым «нардоме» займаліся вучні двух класаў. Памяшканняў не хапала, таму вучні 4 класа займаліся ў другую змену.
У час Вялікай Айчыннай вайны новы будынак школы быў знішчаны акупантамі. Пасля вызвалення вёскі ад нямецка–фашысцкіх захопнікаў школа ўзнавіла работу. Так як будынка не было, класы размяшчаліся ў хатах вяскоўцаў: Ціханавай К.М., Лакрысенкі М.А., Лазуркінай Е.Ф. (сучасная вуліца Цэнтральная).
У 1946 годзе быў адрамантаваны «нардом». Тут пачалі займацца вучні пачатковых класаў, а старэйшыя хадзілі ў школу вескі Заходы.
Да 1958-1959 навучальнага года будынак Заходскай школы быў перавезены ў веску Гарадзец (сямігадовая школа). Потым Гарадзецкая сямігадовая школа рэарганізавана ў Гарадзецкую васьмігадовую. У 1979 годзе ўзведзены другі будынак для школы. Там размясціліся майстэрня і 2 вучэбныя класы. Але памяшканняў усе роўна не хапала, таму вучыліся ў 2 змены.
І толькі ў 2001 годзе збылася мара многіх пакаленняў аднавяскоўцаў. 1 верасня гасцінна адчыніў дзверы новы сучасны будынак Гарадзецкай сярэдняй школы. Вучняў сустрэлі светлыя класы, спартыўная і актавая залы, утульная сталовая. Гэта было сапраўднае свята з морам кветак, радасных усмешак, шчырых слоў удзячнасці будаўнікам, спонсарам і ініцыятарам будаўніцтва. У 2008 годзе да будынка школы прыбудаваны дзіцячы садок. Гарадзецкая сярэдняя школа была рэарганізавана ў «Гарадзецкі вучэбна–педагагічны комплекс дзіцячы сад–сярэдняя школа» Шклоўскага раёна.
Сучасная школа – утульны і светлы храм навукі. Тут заўседы пануе атмасфера дабрыні і ўзаемаразумення. Кожны можа праявіць свае здольнасці не толькі ў час урокаў, але і на спартыўных спаборніцтвах, гульнях, конкурсах, канцэртах.
Калі задумацца – больш за 120 гадоў існуе школа ў весцы. Колькі людзей рабілі тут першыя крокі?! З кім бы з аднавяскоўцаў мы не размаўлялі, усе лічаць школу цудам, бо ў якім бы будынку яна ні размяшчалася, заўседы несла веды, святло, цеплыню і адчыняла шлях у будучыню.