«Супакойваеш людзей, а сам баішся…»
Працаўнік тылу падзялілася ўспамінамі пра вайну
Лічбы Вялікай Айчыннай вайны ўражваюць і засмучаюць – 26,6 мільёна загінуўшых як сярод ваеннаслужачых, так і сярод грамадзянскага насельніцтва. І толькі адну лічбу падлічыць нельга – колькі вярнулася з фронту жывымі дзякуючы самаадданасці тых, хто застаўся ў тылу.
Жыхарцы аг.Александрыя Таццяне Карпечанка, якой зараз 95 год, ваяваць не давялося. Аднак шмат добрага яна зрабіла для фронта і за гэта была ўзнагароджана медалём «За доблесную працу ў час вайны».
«Супакойваеш людзей, а сам баішся…»
«Вайну я застала, будучы студэнткай. Я вучылася ў Архангельску, а гэта быў буйны паўночны марскі флот. Немцы бамбілі яго. Грамадзяне падчас паветранай трывогі беглі хавацца ва ўбежышча. А мы, студэнты, былі падзелены на групы, у кожнай з якіх была свая задача. Адны тушылі запальніцы на дахах, другія аказвалі медыцынскую дапамогу, трэція, як я, займаліся аховай парадку. Да гэтага часу памятаю: супакойваеш людзей, а сама баішся больш за іх.
400 грамаў хлеба – гэта ўсё, што мы атрымоўвалі за дзень. 200 грамаў з’ядалі за адну лекцыю, астатняе заставалася на вечар. Канешне ж, для маладых арганізмаў гэта было вельмі мала і заўсёды хацелася есці.
«Усё для фронта, усё для перамогі»
«Маё першае працоўнае месца было ў адной са школ Усцьянскага раёна. Мужчыны-настаўнікі пайшлі на фронт і нам кожны дзень даводзілася праводзіць па 5-6 урокаў. Атрымоўваючы зарплату, выдаткоўвалі з яе не толькі камсамольскія, прафсаюзныя ўзносы, але і 10% аддавалі на будаўніцтва ваенных самалётаў, танкавых калон. Аднак ні ў кога не было і долі крыўды. Мы жылі думкай пра тое, каб хутчэй скончылася вайна. Жылі пад лозунгам «Усё для фронта, усё для Перамогі».
Калі немцы падыходзілі да Масквы, было страшна. Усе баяліся таго, што будзе, калі раптам яны возьмуць нашу сталіцу. Але калі па радыё пачалі перадаваць зводкі пра тое, што фашысты адступаюць, што нашы адбілі адну вёску, другую… Вось тады стала нашмат радасней.
Мы, камсамольцы, таксама хацелі мець дачыненне да перамогі. І рабілі, што было ў нашых сілах, выконваючы заданні райкама камсамола. У нас не было выхадных – у школе працавалі шэсць дзён, а ў сёмы дапамагалі калгасу. На той момант не было камбайнаў. Конныя жаткі вязалі снапы, а мы разам з калгаснікамі малацілі іх цапамі і веялі зерне. Так фарміраваліся хлебныя абозы для фронта.
Таксама райкам даваў нам адрасы палявой пошты. І мы павінны былі сабраць пасылкі для салдат. У крамах не было нічога. Даведваліся, хто са старых сее махорку, ішлі да іх і прасілі. А затым гэтую махорку высушвалі, мелка крышылі, насыпалі ў вышытыя кісеты. У тых, хто трымаў авечак, прасілі пражу, а затым вечарамі вязалі для салдат наскі. Многія з тых, каму мы адсылалі пасылкі, пісалі нам, расказвалі, што іх сем’і засталіся на акупаванай тэрыторыі і сувязі з імі няма. Прасілі хоць нам пісаць ім. І мы пісалі. Збіраліся разам і складалі лісты ў патрыятычным рэчышчы.
«Ад радасці не ведалі – ці плакаць, ці танцаваць»
«Дзень Перамогі я памятаю добра. Мы яшчэ спалі, калі на вуліцы пачуліся крыкі. Павыбягалі з дамоў. Машын на той час было мала, і па вуліцах скакалі вершнікі на конях і крычалі: «Перамога!» Ад радасці мы не ведалі – ці плакаць, ці танцаваць. Перадавалі гэтую вестку ў другія населеныя пункты, бо радыё было не паўсюль.
Пасля вайны я пазнаёмілася з будучым мужам і пераехала ў Беларусь. Да гэтага часу жыву ў доме, які мы з ім пубудавалі. Мой муж, Рыгор Сцяпанавіч Карпечанка, прайшоў усю вайну, меў медаль «За ўзяцце Берліна». Працаваў у райкаме партыі. Разам з ім выгадавалі чацвярых дзяцей. Зараз яны ўсе на пенсіі.
Пасляваеннае жыццё было вельмі цяжкае. У магазінах нічога не было, самі пяклі хлеб, трымалі падсобную гаспадарку. Каб не гэта, невядома, ці выжылі б. Таму і хочацца, каб новае пакаленне не крыўдзілася на жыццё. Зараз усе ўмовы для таго, каб жыць і працаваць. Цаніце гэта!»