Родам з ваеннага дзяцінства :
вайна ў лёсе пісьменнікаў Шклоўшчыны
Дзевятага мая наш народ адзначае вялікае свята — Дзень Перамогі над фашысцкай Германіяй. Дата 9 Мая напаўняе сэрца гонарам за подзвіг шматнацыянальнага савецкага народа, які выйграў бітву з фашызмам і смуткам : мільёны сыноў і дачок Айчыны назаўжды засталіся ляжаць у сваёй і чужой зямлі. Тэма вайны ніколі не перастане хваляваць людзей, верадзіць старыя раны і душу болем сэрца.
Сёння вырасла і стала дарослым пакаленне, якое не ведала выбухаў снарадаў, ні гора ад атрыманых пахаванак. Яно ведае пра вайну па ўспамінах дзядоў і расказах бацькоў. Мы хочам пазнаёміць з творчасцю апошніх сведкаў той вайны, тых, хто ў гэты час быў у дзіцячым узросце – дзяцей вайны, для гэтага пакалення напамін аб дзяцінстве звязаны з невыносным болем, жахам, адчаем. На долю гэтых дзяцей выпалі вельмі цяжкія выпрабаванні. Іх надзеі на шчаслівае дзяцінства не спраўдзіліся, таленты так і не расквітнелі. Замест школьных парт яны бачылі смерць, разбурэнні, пакуты родных і блізкіх людзей. Гэта дзеці вайны.
Кажуць, на вайне дзяцей не бывае. Тыя, што перажылі вайну, павінны развітацца з дзяцінствам. Што памятаюць дзеці вайны, што яны могуць расказаць? Можна спытаць: што гераічнага ў тым, каб у 5, 10 ці 15 гадоў прайсці праз вайну? Што могуць зразумець, убачыць, запомніць дзеці. Вельмі многае. Дзеці ваеннай пары могуць расказаць,як паміралі ад голаду і страху, як сумавалі, калі надыходзіла 1 верасня, як трацілі сваіх бацькоў, як іх усынаўлялі чужыя людзі.
У час Другой сусветнай вайны на зямлі загінулі мільёны дзяцей. Нават калі яны знаходзіліся ў тыле, гэта ўсё роўна былі ваенныя дзеці. Сёння яны апошнія сведкі тых жудасных дзён. Пра што пісалі яны, якія пачуцці імкнуліся выказаць?
Змест іх твораў можна выразіць радкамі з верша Ніла Гілевіча «Ты кажаш, я не ведаю вайны».
Ты кажаш, я не ведаю вайны,
Што мне тады было гадоў замала?
Чаму ж яна мае забрала сны?
На ўсё жыццё наперад сны забрала?
Чаму ж амаль не кожнае начы
Я прачынаюся, скаваны жахам?
Хачу ад смерці лютай уцячы –
І стрымгалоў бягу аўсом няжатым.
Паўзу бульбянішчам па баразне,
Да хмызняку куляюся па пожні,
Але ратунку мне няма і ў сне –
У вочы стрэл грыміць у міг апошні…
Я ведаю: пазбыцца гэтых сноў
Не дапаможа мне ніхто на свеце.
Я буду трызніць імі зноў і зноў,
Яны – мае навек, да самай смерці.
Застаўшыся з маленства на вайне,
Я аднаго хачу, мая краіна:
Каб гэта скончылася ўсё на мне.
Каб гэта ўсё не стала доляй сына.
14-гадовым падлеткам сустрэў вайну Віктар Іванавіч Арцем'еў. Нарадзіўся будучы пісьменнік 21 сакавіка 1927 года на хутары Чарэйцаў Круг. в. Радзішына Шклоўскага раёна ў вялікай сям'і сялян-сераднякоў. Скончыў Радзішанскую пачатковую школу, а перад самай вайной, у 1941 годзе, сямігодку. У суровыя ваенныя гады зведаў усе жахі фашысцкай акупацыі. Давялося пабываць у перасыльным канцлагеры ў Оршы, потым на пасяленні ў Круглянскім раёне.
Вайна глыбока запала ў памяць, дала яму багата ўражанняў, а пазней вызначыла тэматыку яго твораў «Летапіс вайны», «Вайна на свае вочы», «Выгнаннікі». Крывавыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны адлюстраваныя у зборніках кароткіх апавяданняў «Франтавыя дарогі палкоўніка Асмалоўскага» і «Героический Могилёв. Лето 1941-го». Ды ў газетах і калектыўных зборніках – болей за два дзясяткі нарысаў пра воінаў-франтавікоў.
Гэтыя творы – праўдзівы летапіс жыцця на акупіраванай тэрыторыі, сапраўдны літаратурны дакумент аб жахлівым існаванні людзей на захопленай немцамі зямлі.
У зборніку апавяданняў «Летапіс вайны» змешчаны ўспаміны Віктара Іванавіча Арцем’ева пра тры доўгія гады акупацыі тэрыторыі Беларусі і асобна ўзятай вёскі Радзішына на Магілёўшчыне нямецка-фашысцкімі акупантамі. Тры доўгія гады змаганняў і пакут... Доўгачаканы дзень вызвалення роднай вёскі і векапомны Дзень Перамогі.
Зборнік кароткіх апавяданняў «Летапіс вайны» – погляд на вайну вачамі падлетка. Летапіс адной невялікай, на 56 двароў, вёсачкі. Праз гэтую вёску не ішоў фронт у 1941 годзе, мінуў яе фронт і ў 1944 годзе. Вёска не ведала карных экспедыцый эсэсаўцаў. Не было тут партызанскага атрада, не было і паліцэйскага гарнізона. Вёску не спалілі. Але яе жыхары спаўна зведалі ўсе жахі вайны, усе зверствы фашысцкай акупацыі, яны на свае вочы ўбачылі пачварны нежаночы твар вайны.
Кароткія апавяданні пра вайну дакументальныя. Падзеі, факты, імёны, прозвішчы герояў сапраўдныя. Толькі ў некаторых замест прозвішчаў узяты мянушкі (дарэчы, яны сапраўдныя). Але кожны герой апавяданняў рабіў свой выбар сам і зрабіў яго сам. Апавяданні пра вайну выплылі з далёкай памяці, з таго, што аўтар сам бачыў ці ведаў ад відавочцаў з першых рук. Зборнік «Летапіс вайны», перш за ўсё, краязнаўчы дакумент, які ў нечым дапаўняе хроніку «Памяць» Шклоўскі раён.
Зборнік Віктара Арцем’ева «Вайна на свае вочы» змяшчае нарысы і публіцыстычныя артыкуля пра тры доўгія гады вайны фашысцкай акупацыі. Падзеі адбываюцца ў вёсках Шклоўскага, Горацкага, Круглянскага, Магілёўскага, Дрыбінскага і Чавускага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Пісьменнік бачыў вайну на свае вочы, а ў іншых эпізодах спасылаецца на сведак падзей таго часу. Менавіта праз іх пісьменнік звяртае ўвагу на ваенныя падзеі тых, хто нарадзіўся пазней і не зведаў іх жахаў. Ён дасканала ведае, што ў вайны жудасна-пачварны твар, таму не карыстаецца толькі чорна-белымі фарбамі, а малюе яе словамі як на брудным фоне варожых ліхадзействаў, так і ў шматколернасціпатрыятычных учынкаў савецкіх людзей: былі розныя партызаны, былі розныя немцы і паліцаі, а таксама мірныя жыхары. Нават сярод акупантаў зрэдку траплялі гуманныя салдаты. І гэта таксама праўда вайны.
У публіцыстычных артыкулах аўтар дае высокую адзнаку подзвігу савецкага гарода ў Вялікай Айчыннай вайне і робіць вывад, што нельга забываць яе ўрокі, што трэба свята берагчы Вялікую Перамогу.
Маленькай дзяўчынкай сустрэла вайну пісьменніца Ніна Галіноўская. Ніна Галіноўская нарадзілася на Шклоўшчыне у вёсцы Вялікія Лазіцы 18 снежня 1935 года. Дзяцінства пісьменніцы — гэта вайна, якая жорстка, балюча пракацілася па дзіцячых гадах. Вось што казала пра гэта сама Ніна Васільеўна:
— Шосты год ішоў… Голад, акопы, зямлянкі, халадэча… Вада замярзала ў вядры. Адно было ратаванне — печ. Помніцца, як ішлі немцы — надта раўлі машыны! Побач з вёскай быў шлях… А потым, калі я ўжо падрасла, карнікі сталі прыязджаць у нашу вёску, і пачалі адбывацца драматычныя падзеі. Памятаю жудасць варожай аблавы: вярбоўшчыкі хапалі дзяўчат і хлопцаў, нават падлеткаў, для прымусовай адпраўкі ў Германію.
Шмат было перажыта ў вайну, «раўла» ваенная віруха, касіла людзей, біла кулямі і хваробамі». Бацька прапаў на вайне без вестак, ледзь не загінула ад фашысцкіх нелюдзяў маці. Без яе, адным, давялося ратавацца малым дзецям ад карнікаў у лесе, начаваць у зямлянцы. Гэты жах, як і іншыя жахі вайны, боль на ўсё жыццё.
Эпізоды свайго ваеннага дзяцінства паэтка па-мастацку ўзнавіла ў творы «Пра дзяўчынку Галінку». У ім няма нічога прыдуманага: так было, усё гэта прайшло праз дзіцячае сэрца, назаўсёды ўрэзалася ў памяць.
На Магілёўшчыне ёсць вёска,
У ёй не менш паўсотні хат.
І каля кожнае — бярозка.
Амаль у кожнага ёсць сад.
Людзей у вёсцы гэтай многа
Са шчырай, добраю душой.
Пра ўсіх расказваць, дзеці, доўга…
Сустрэнемся з адной сям’ёй.
Яна жыла ў старэнькай хаце.
А ўтульна так у ёй было!
Ад клапатлівай, добрай маці
Ішло пяшчотнае святло.
І пры газоўцы хата ззяла
Ад мацярынскага святла…
Пад ліпай дуйка завывала,
Не абяцаючы цяпла.
А ліпу пад акном увосень
Руплівы бацька пасадзіў.
І дрэва пышна разраслося.
Любіла да яго хадзіць
Дзяўчынка, наша гераіня
— І пойдзе пра яе расказ.
Смяшынкі-вочы бляскам сінім
Глядзелі ветліва на нас.
Радкі пра цудоўнае бесклапотнае дзяцінства змяняюцца трагічнымі радкамі аб пачатку вайны.
Духмяна пахне бэзам, мятай,
І ні хмурыначкі ўгары.
Іскрыцца сонейка над хатай.
Быў месяц чэрвень на двары.
Раптоўна вестка паступіла,
Бядою сонейка замгліла –
Фашысты пачалі вайну.
Устань, дачушка, не да сну.
Ідзе на нас навага-гора –
Напаў знянацку люты вораг!
Той сорак першы страшны год
Ніколі не забудзе наш народ!
Паэма носіць аўтабіяграфічны характар. Тыя пакуты, што напаткалі Галінку падчас вайны, аўтар апісвае жывой беларускай мовай, ярка і запамінальна. Кніга прасякнута філасофскім роздумам пра падзеі ваеннага ліхалецця.
Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў выйшла кніга Ніны Галіноўскай «Няма даравання вайне», у якую увайшлі вершы і паэма «Пра дзяўчынку Галінку», прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. У творах Ніны Галіноўскай няма слова «патрыятызм», але гэтае пачуццё – у яе душы, у самой атмасферы яе твораў. Любіць родную Беларусь і берагчы яе гісторыю – заклікае кожная старонка кнігі.
З кнігі «Няма даравання вайне»
Размова з бацькам
Мне сягоння спаўняецца столькі,
Як табе ў сорак першым было…
Сыпаў жнівень мне кветкі-вясёлкі:
Я наведала наша сяло.
Гаварыла я з ліпай тваёю,
З той, што ты пасадзіў ля акна.
Помніць ліпа расстанне з табою,
Як цябе забірала вайна.
Я цябе разумею, мой тата,
Бо з жыццёвай гляджу вышыні,
Што пакінуў ты, стаўшы салдатам,
— І сышліся цяпер нашы дні.
Захавала я крыўду на жнівень:
Падкасіў ў сорак трэццім цябе.
Чую песні на сонечнай ніве,
Ды пакутуе сэрца ў журбе.
Заліваецца ў вёсцы гармонік
— Мне здаецца, ў тваіх ён руках.
Тваю музыку Шклоўшчына помніць,
Ходзяць тут яшчэ ў тых кажухах,
Што страчыў ты пад спевы завеяў,
За сялянскае дзякуй страчыў…
Родны вецер мне смутак навеяў.
Не прылегчы мне сёння ўначы.
Буду ў думках з табою я, тата,
Чым мне памяць тваю ўшанаваць?
Ты ляжыш Невядомым Салдатам
— Як магілу тваю адшукаць?..
Да любога прыйду абеліска,
Кветкі лета на дол апушчу.
Словы смутку табе прысвячу
І табе пакланюся я нізка.
Пастаю пад бярозкай-салдаткай,
І суцішыцца сэрца біццё…
Цэлы свет ты пакінуў мне, тата,
Дзякуй, родны, табе за жыццё.
На плошчы Перамогі
З дзядулем на плошчы моўчкі стаім.
І думае кожны аб нечым сваім.
Тужліва трапеча вечны агонь.
У дзеда ўздрыгнула злёгку далонь.
Відаць, ён прыпомніў далёкіх сяброў,
Што з фронту ніколі не прыйдуць дамоў…
І кідае водбліск дзядулю на скронь,
Здаецца, не гэты – ваенны агонь.
Шапчу я паціху: «Дзядуля, зірні,
Як быццам трапечацца сцяг у агні».
А дзед у адказ мне: – Паклон наш зямны
Усім, хто дамоў не вярнуўся з вайны.
Цесна звязана з вайной дзяцінства пісьменніка Лявона Анціпенкі.
Леанід Міхайлавіч – таленавіты паэт і празаік, аўтар некалькіх зборнікаў. Нарадзіўся ў 1935 годзе ў вёсцы Цінькаў Крычаўскага раёна, але большая частка яго жыцця прайшла на Шклоўшчыне. Шклоўская зямля стала для яго другой малой радзімай.
Дзяцінства пісьменніка прыйшлося на цяжкія гады Вялікай Айчыннай вайны, што пакінула адбітак на ўсё жыццё. Вось што пісаў пра сваё дзяцінства сам пісьменнік : «Калі пачалася вайна, мне ішоў сёмы год. А першы дзень акупацыі нашага пасёлка Малінаўка быў трагічны. Акупанты расстралялі пяцёра нашых чырвонаармейцаў толькі за тое, што, калі немцы з’явіліся на бальшаку з Чэрыкава на матацыклах, нашы байцы пусціліся ад іх наўцёкі. Матацыклісты адкрылі агонь па ўцекачах, і тыя, падняўшы рукі, выйшлі на бальшак. Але гэта не выратавала ад смерці…
Потым былі партызаны, якія час ад часу абстрэльвалі нямецкую ахову чыгуначнага маста праз раку Воўчас і станцыю і станцыю Асавец, узрывалі палатно чыгункі, знішчалі нямецкіх прыслужнікаў…
Багата было іншых баявых эпізодаў, гучных і нязначных, трагічных выпадкаў. Гэта была вайна, але без акопаў. Вось так і з’явілася назва зборніка кароткіх аповесцяў «Вайна без акопаў».
Яшчэ адным выданнем аўтара, у якім распавядаецца тэма вайны, з’яўляецца
зборнік аповесцяў «На скрыжаваннях лёсаў». Героі першай аповесці «Краем жыцця» жывуць, дзейнічаюць, загартоўваюць свой характар у межах ваеннага часу. Іншы лёс наканаваны дзеючым асобам другой аповесці «Адчуджэнне». Іх «ламала» жыццё раней нападу нямецкіх захопнікаў на нашу Радзіму. Яны вызначалі і займалі пэўныя пазіцыі ў полымі вайны, прыстасоўваліся да яго пасля перамогі над акупантамі.
Есць у творчым багажы пісьменніка і вершы, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны.
*****
Я шкадаваў падчас вайны,
Што быў малым, а не дарослым.
Пра бітвы бачыў толькі сны,
Зайздросціў гераізму ўзнёсла.
Збярог бы многім я жыццё –
Так меркаваў дзіцячы розум
Пад бомбаў ворага выццё,
Прытулены матуляй да бярозы.
Шкада, што не прыйшло з вайны
Жыльцоў замнога з нашай вёскі:
Бацькі, дзядулі і сыны,
І родны дзядечка – мой цёзка.
*****
З вайны ён не ступіў на родны ганак,
Даўно застыў на сцежцы дзедаў след.
У небыцці ужо і бабка Ганна,
Пад крыжам ветэран вайны – сусед.
Кладуцца ваяры вайны у вечнасць,
Нібы ў атаках іхнія сябры.
І гэта смерць здаецца недарэчнай:
Тады ўцалелі, а цяпер – абрыў…
Мінулі ад Масквы і да Берліна
Іх кулі і снарады у баях.
Але сардэчная хвароба-міна.
І вось апошні шлях, апошні шлях…
Яшчэ адзін пісьменнік-зямляк, Харланцьеў Уладзімір Арцёмавіч, сусрэў вайну ў дзіцячым узросце. Нарадзіўся 20 кастрычніка 1939 года у вёсцы Латва Шклоўскага раёна. Вайна, якую пісьменнік перажыў у роднай вёсцы, дала яму шмат уражанняў. Тэматыка яго твораў разнастайная, але галоўнай для вершаў і прозы з’яўляецца тэма Вялікай Айчыннай вайны.
«Пішу пра вайну, таму што часта сніцца падпаленая суседняя вёска, выццё самалётаў і салдаты, што хаваюцца ад іх у загарадзі, – распавядае ён. - Калоны прапыленых нашых байцоў, якія спяшаюцца туды, дзе грымела кананада ... памятаю пасляваенны голад, разруху, аднаўленне калгаса і горада Шклова. Хацеў данесці праўду да цяперашняга пакалення, якім коштам далася гэтая перамога".
Потомкам
Не отдайте вы нашу Победу,
Добытую кровью и реками слёз!
Мы от Буга всю горечь изведали –
Дом в огне был, разбит был обоз…
Самолеты висели над нами
И старались смешать нас с землей.
Над дорогой неслись, над полями,
Всюду сеяли смерть за собой.
А потом надвигались их танки,
Шла лавина по нашим следам.
Наши пушки и даже тачанки
В бой вступали навстречу врагам.
Кто живым в том аду оставался,
Оставались с ним ярость, любовь.
Снова и снова с врагами сражались:
Хоть на час, но сдержать врага вновь!
А потом по знакомым дорогам
Беспощадно громили врага,
Никогда чтоб под нашим порогом
Больше войны не гремела гроза.
***
В знаках памятных и обелисках
Пока живы – мы память храним.
Наших павших родных нам и близких
С небытия многих мы воскресим.
Обелиски, где вечная память
Без имен и с именами есть.
Поименно бы вспомнить, прославить
Это наша обязанность, честь.
К освобождению Беларуси
Июнь 1944 год. Гремели раскаты.
Возмездие шло, настигая врага.
В атаку, под пули вставали солдаты.
Хоть жизнь одна, она всем дорога.
Но звали, вперед изнывая в неволе,
Под игом фашизма народы земли.
И русские парни, сыны всех народов
Умирали, чтобы люди свободно жили.
Горела земля и крестьянские хаты
И враг убегал с белорусской земли.
Спешили на помощь народам солдаты,
Иначе они поступить не могли.
1974
У 2015 годзе ў адным з выдавецтваў Санкт-Пецярбурга выйшла кніга аб вайне «Штрафнік», у якай апісаны рэальныя падзеі, расказаныя аўтару ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны і адлюстраваныя скрозь прызму лёсу аднаго героя-лётчыка Мікалая Астаф’ева.
«Все воевавшим: живым, павшим и без вести пропавшим; всем прикоснувшимся к Великой Отечественной войне посвящается»…
Гэта – эпілог да кнігі «Штрафник» Уладзіміра Харланцьева. Як расказаў сам аўтар, у гэтым зборніку апісаны рэальныя падзеі, расказаныя яму ў розны час удзельнікамі вайны, распавяданы рэальныя лёсы людзей, адны з якіх прайшлі ўсю вайну і вярнуліся, іншыя засталіся на палях баёў. «Цяжка пісаць такія рэчы, – прызнаўся аўтар. – Перажываеш, як быццам удзельнічаў сам. Але справа гэта патрэбная. У год 70-годдзя Вялікай Перамогі я вырашыў, што трэба напісаць нешта фундаментальнае. Так і нарадзілася гэтая кніга».
У 2018 годзе пісьменнік выпусціў яшчэ адну кнігу «Судьба штрафника», якая з’яўляецца працягам кнігі «Штрафник». «Калі першая кніга была аб фронце, аб Вялікай Айчыннай вайне, то другая – гэта адлюстраванне таго, што я бачыў, калі пасля вайны працаваў у калгасе», – распавядае Уладзімір Арцёмавіч. Яго героі – гэта рэальныя людзі, з якімі ён сустракаўся падчас сваёй працоўнай дзейнасці. А гэтая працоўная дзейнасць была насычанай. Пачынаў ён яе будаўніком, працаваў кіраўніком, заатэхнікам, юрыстам ... таксама тры з паловай гады служыў у радах Савецкай Арміі, ў тым ліку і з тымі афіцэрамі і старшынамі, якія ваявалі ў штрафбаце. У кнізе «Штрафник» апісаны падзеі, адлюстраваныя праз прызму жыцця лётчыка Мікалая Астаф'ева. У кнізе «Судьба штрафника» Мікалай працягвае свой шлях – ужо ў мірным жыцці. Ён не здаецца і гатовы да любых выпрабаванняў. У кнігу ўвайшла яшчэ адна аповесць – «Превратности судьбы», таксама прысвечаная лёсу ваяваўшага штрафніка.
Уладзімір Арцёмавіч упэўнены, што жывыя ўспаміны тых, хто перажыў усе нягоды таго часу, асабліва каштоўныя. Бо іх, ветэранаў, удзельнікаў, відавочцаў, на жаль, з кожным годам усё менш. Але менавіта на іх рэальных гісторыях можна і трэба выхоўваць моладзь. Каб нашы дзеці і ўнукі ўсведамлялі каштоўнасць такіх слоў, як «патрыятызм», «Радзіма», ведалі і паважалі подзвіг тых, хто праліваў кроў за тое, каб мы сёння жылі. Зараз, калі падзеі 1941-1945 гадоў усё далей і далей адыходзяць ад нас, вельмі важная любая праца па захаванні памяці. І вялікае значэнне мае кожны мастацкі твор аб гадах вайны, аб Вялікай Перамозе, аб воінах і героях, бо менавіта пры дапамозе кніг, фільмаў, песень гэтая памяць будзе данесена да новых пакаленняў.