top of page

Вернасць доўгу

(памяці Міхаіла Фёдаравіча Ільюшэнкі прысвячаецца)

Узяцца за пяро мяне вымусіла сэрца. Больш за 10 гадоў як не стала вельмі дарагога для многіх чалавека, якога ведалі амаль усе шклаўчане. Усё сваё жыццё ён пражыў з вялікай любоўю да людзей, да родных мясцін. Засталіся яго артыкулы аб Шклове і людзях, якія праслаўлялі гэты край. Цяжка ўсведаміць, што ўжо не сустрэнем яго на вулачках і паркавых сцяжынках, дзе ён бадзёра крочыў, прыветліва вітаючыся са знаёмымі і добразычліва адказваючы на прывітанні школьнікаў і дарослых. Бо ўсе яго ведалі. Хто асабіста, а хто па газетных артыкулах, у якіх з цеплынёй і дзелавітасцю расказвалася аб старонках гісторыі роднага горада. Ніколі не зачыняліся дзверы ў доме Міхаіла Фёдаравіча і Зінаіды Нікіфараўны Ільюшэнкаў перад тымі, хто хацеў ведаць пра свой край глыбей. Міхаіл Фёдаравіч быў, паводле слоў яго калег, самым кампетэнтным чалавекам па пытаннях гісторыі Шклова.

 

Ведама ж... Увесь свой вольны час на працягу многіх гадоў жыцця ён аддаў вывучэнню роднага краю. Працаваў у архівах Мінска і Магілёва, выпісваў былыя выданні з бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына з Санкт-Пецярбурга. Яго вельмі цікавіла даўніна. Напрыклад, менавіта ён адшукаў цікавыя матэрыялы пра графа Зорыча і нават знайшоў яго партрэт. 3 нязменнай цікавасцю Міхаіл Фёдаравіч працаваў і над пасляваеннай гісторыяй раёна, подзвігах абаронцаў і вызваліцеляў роднай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Ён ведаў дзесяткі прозвішчаў, пра каго трэба пісаць, каго забываць нельга, бо сам прайшоў праз гарніла вайны. Учас Вялікай Айчыннай вайны абараняў базы Чарнаморскага флота – Керч, Наварасійск, Севастопаль. Абаронцам Севастопаля ён і застаўся на ўсё астатняе жыццё. Як мы ўсе, навучэнцы школы і настаўнікі, ганарыліся, калі выхоплівалі позіркам у Дзень Перамогі з шарэнгі сярод маршыруючых ветэранаў яго падцягнутую постаць у марской форме, якую падарылі яму на юбілей Перамогі маракі Севастопаля. Яму – былому камандзіру роты марской пяхоты 79-й курсанцкай стралковай брыгады Прыморскай арміі. Ён двойчы быў ранены пад Севастопалем. Першы раз 1 сакавіка 1942 года, але хутка зноў аказаўся ў страі. Другі раз – цяжка, летам 1942 года, з кантузіяй. Пасля чаго былі невыносныя дні зняважлівага палону ў лагеры, калі выжыць давялося толькі дзякуючы маладосці і загартаванасці характару. А марацкі танец "Яблычка"? Хто мог у Шклове лепш за яго прайсціся, па-заліхвацку закінуўшы руку за галаву? I ў прысядку, і ў скокі. Мараком заставаўся ў душы да старасці. I прасілі станцаваць на сяброўскіх імянінах, юбілеях ды нават у парку ў святы для яго і ўсіх Дзень Перамогі. Толькі дзівіліся задору немаладога танцора ды ўздячна пляскалі ў далоні ў такт. Усе ўсміхаліся, і нейкая цеплыня разлівалася ў грудзях, абыякавых не заставалася. Нават двойчы былы рэдактар А.Белясаў ухапіў такі момант фотаапаратам ды і адправіў у рэспубліканскую газету. “Во, – хацелася сказаць усім, – глядзіце, якія ў нас ветэраны!".

Станцаваць "Яблычка" ці іншы хуткі танец Міхаіл Фёдаравіч у кароткія хвіліны адпачынку ад напружанай працы вельмі любіў. Як любіў да канца жыцця і праграму "Іграй, гармонь любімая". Смуткаваў, калі не стала Генадзя Завалокіна. Шмат часу аддаваў краязнаўству. Трэба ж было сустрэцца з дзясяткамі людзей, каб распытаць пра тых, аб кім пісаў. Не ўпусціць ніводнага штрыху з жыцця. Колькі прозвішчаў, колькі імёнаў мы даведаліся дзякуючы яго клопатам...

Знайдзіце такога настаўніка, якому б Міхаіл Фёдаравіч адмовіў прыйсці на сустрэчу з выхаванцамі ў клас? Не знойдзеце, не шукайце. Ён лічыў гэта сваім доўгам – дапамагаць выхоўваць маладыя душы. Бо добра ведаў, што ад гэтага залежыць.

Вось паштоўкі і пісьмы, якія ён атрымліваў. Віншаванні, падзякі, пажаданні. Ад ваенных саслужыўцаў, сяброў, калег, чытачоў газет, вучняў. Ад іх вее цеплынёй і сціпласцю. Хіба маглі не крануць яго такія радкі ад ветэранаў-аднапалчан напярэдадні 1993 года:

Мы особых благ не ожидаем,
Но в любых превратностях судьбы
По-моряцки искренне желаем,
Чтобы твой фарватер чистым был.
Чтобы нам война не угрожала
И раздоров шквал скорей затих,
Чтобы жизнь добрей и ярче стала
Для тебя и всех твоих родных.
Друг наш, ветеран морфлота,
Новогодне-новые дела.
Молодым даря свои заботы!
Будь здоровым, крепким, как скала.

Такія словы і павінны былі быць адрасаваны такому адкрытаму чалавеку. Так, ён быў адкрыты для ўсіх. Заходзьце ў дом, пытайцеся, калі цікава што. Толькі інтарэс і непрыхаваная радасць, што зацікавіў вас мінулым... Бо быў патрыётам і хацеў, каб такімі былі ўсе.

Любіў і шанаваў прыроду. Як абураўся, калі бачыў бруд у сасонніку каля бальніцы, дзе любіў прысесці адпачыць, і як радаваўся апенкам ды лісічкам, што хутчэй з цікавасці прыносіў у шапцы дадому, каб здзівіць ды пахваліцца блізкім. Гаварыў, што роўнага шклоўскаму парку ў Беларусі няма. Ганарыўся ім. Шматлікім гасцям заўсёды шчыра прапаноўваў яблыкі з дамашняга саду. Запрашаў прыходзіць яшчэ, заўсёды радаваўся людзям.

Іду ад школы вуліцай Якуба Коласа да дома Міхаіла Фёдаравіча і Зінаіды Нікіфараўны Ільюшэнкаў. I сэрца шчыміць жалем. Па гэтай вуліцы хадзілі яны вучыць дзяцей у школу. Тут не раз хадзіў Міхаіл Фёдаравіч у рэдакцыю, у райком. У сваёй ваенна-марской форме крочыў на сустрэчу ды да ваенкамата ў Дзень Перамогі. Не! Гэта вуліца – вуліца шклаўчаніна Міхаіла Фёдаравіча Ільюшэнкі. Бо тут жыў Грамадзянін!

Тамара КРАЎЧАНКА,
былая настаўніца сярэдняй школы №1 г.Шклова

Вернасць доўгу (памяці Міхаіла Фёдаравіч
bottom of page