Адкуль у вёскі імя
Чарнаручча
Людзі тут здаўна жывуць. Упадабалі нашы далёкія продкі гэтыя мясціны. Якія там хаціны ці іншыя будыніны былі – невядома, але зямля заўсёды добра радзіла. Але ж і тады таксама зайздросныя суседзі былі, якім не давала спакою чужая працавітасць ды шчырасць, тое, што ў іншых зямля лепей радзіла і ўраджаі былі лепшыя. А калі так, то збіраліся і ішлі вайной, каб забраць сабе ўсё, а тубыльцаў выціснуць як мага далей ці зрабіць яшчэ прасцей - узяць у палон і выкарыстоўваць ужо ў якасці таннай рабочай сілы.
Таму не раз і не два нашым продкам даводзілася са зброяй у руках даказваць хцівым суседзям свае правы на гэтыя мясціны. Войны адбываліся часта, і гэта была самая сапраўдная трагедыя, бо не паспеюць адысці ад аднае бяды, як тут жа набліжаецца другая. Галосяць жанчыны, убіваюцца над магіламі мужоў ды сыноў, а смерць ужо і на меншых дзяцей сквапна пазірае, над нім свае крылы распускае. Здавалася б, радавацца трэба матулям, што сыны нібы дубы цягнуцца, а яны толькі горка плачуць, на маладых зірнуўшы, бо ведаюць, што далёка не кожны з іх дажыве да глыбокай старасці, што не аднаму давядзецца грудзі ў грудзі сысціся з лютым ворагам, баронячы родную зямельку. Такая ўжо доля матчына, і такі лёс сыноў – першымі кідацца насустрач небяспецы.
Вось аднаго разу таксама пайшлі ворагі на гэту зямельку вайной. Войска сабралі – не злічыць, не агледзець. Усё навокал стагнала, сама зямля плакала, адчувала,што тут адбудзецца ў хуткім часе.
Мясцовы князь сабраў дружыну, паклікаў усіх, хто мог трымаць зброю, да сябе ў палкі і стаў рыхтавцца да рашаючай бітвы. Для ўсіх галоўным было адно: загінуць, але чужынцам роднай старонкі за проста так не саступіць. Часу на роздум не было, небяспека падпірала, таму ляцелі вершнікі, подбегам кідаліся выконваць каманды пешыя воі. Ніхто не цягнуў час, бо выдатна разумеў, што самая мізэрная затрымка зараз, пазней, падчас бітвы, будзе каштаваць вельмі дорага.
- Старайцеся, хлопцы! – падбадзёрваў валадар.
І людзі стараліся. Выбіваліся з апошніх сіл, але ўзводзілі ўмацаванні, кавалі зброю, падвозілі харчы і корм для коней.
Пазіцыю для бітвы князь выбраў удалую: ззаду рос густы дубняк, спераду было адкрытае поле, а побач, нібы пад нагамі, бег даволі шырокі ручай. Вада ў ім была чыстая і сцюдзёная. Воіны, п’ючы з яго, задуменна прамаўлялі, звяртаючыся нібы да жывога:
- Эх, якім ты будзеш праз пару дзён?
Маўчалі і дадавалі:
- Ці не замуціцца твая чысцюткая вада ад той крыві, што пральецца тут?..
- Ды ручай нічога не разумеў, толькі яшчэ весялей журчэў, нібы спецыяльна паказваючы перад людзьмі сваю жвавасць.
Дружына заканчвала прыгатаванні. Разведчыкі даносілі:
- Княжа, чужынцы зусім побач.
- Колькі да іх?
- Праз дзень тут будуць.
- Сустрэнем, як яны таго заслугоўваюць.
- Што яны вырабляюць, валадар… Страшна глядзець. Усё вынішчаюць, паляць…
- А чаго ад іх чакаць? Калі пайшлі на нас, то не з тым, каб пашкадаваць.
- Мы ім пакажам. Нічога, што нас меней, але мы ведаем, што баронім родных і блізкіх…
- Да апошняга стаяць будзем, а не прапусцім. Няхай не спадзяюцца на на лёгкую перамогу.
- Яны спецыяльна многа войска сабралі. Маўляў, спалохаюцца і здадуцца на іхнюю літасць.
- Дарэмна паспадзяваліся. Такога не будзе. Няхай ідуць, а тут пабачым…
- Спакойна, хлопцы, спакойна, - стрымліваў сваіх людзей князь.
– Пачакаем да бітвы, не так ужо доўга засталося.
Сапраўды, пад вечар наступнага дня падляцелі ўзмыленыя вершнікі і паведамілі:
- Княжа, перадавыя атрады ворага ўжо ў некалькіх вёрстах адсюль.
- Ноччу яны не пойдуць, не асмеляцца, – упэўнена прамовіў валадар. – А вось з самае раніцы, хутчэй за ўсё, бітва і пачнецца. Таму рыхтуемся. Глядзіце, каб ніхто нічога на забыў, не пераблытаў?
Але што можна было забыць, што можна было пераблытаць, калі зараней рыхтаваліся? Воі вялі сябе спакойна,толькі было чуваць, як малодшыя дапытваліся ў сталых, у тых, якім даводзілася ўжо біцца не раз і не два:
- А як гэта ўсё пачынаецца?
- Патрывайце, самі пабачыце.
- Даведацца ж хочацца…
- Там і даведаецеся. Паспіце лепей.
- Які сон у такі адказны час?
- Так, спаць зараз і нам нельга, хоць ужо не першы раз насустрач ворагу выходзім.
- Дык што будзе?
- А вось махне нам князь, крыкне, каб пачыналі, і паціснем на чужынцаў.
- Так проста?...
- Ды прабачэння прасіць не будзем.
Ноч праляцела непрыкметна. Неўзабаве і першыя промні сонца ярка заблішчэлі на кальчугах ды шаломах. Ніхто з праціўнікаў не адважваўся пачаць першым. Тут з варожых радоў вылецеў асілак. Падскочыў крокаў на трыццаць і спыніўся:
- Ну, што, можа, хто хоча са мной сілай памерацца?!
Рады маўчалі. Перад імі быў такі здаравіла, якога людзі і ў вочы ніколі не бачылі. А тады ў войсках быў такі закон няпісаны: хто ў двубоі пераможа, то таго войска і захоплівае ўсё, а пераможаныя без бою адыходзяць, пакідаючы ўсё нажытае. Можа яшчэ і з гэтай нагоды маўчалі,– бо прайграеш, а за цябе астатнія будуць адплачваць. А асілак насміхаўся:
- Знайшліся мне воіны!.. Вам з бабамі ваяваць і то невядома яшчэ, хто пераможа!..
І тут пачуўся голас з княжацкай дружыны:
- Дазволь, княжа...
Наперад прабіваўся таксама немалы воін, але твар у яго быў такі светлы, а вочы такія чыстыя, што здавалася, чалавек сабраўся не на верную смерць, а на пагулянку.
- Давай, братка... Не падвядзі...
І што вы думаеце? Як пачалі біцца, як пачалі сячыся, то спачатку перавагу нельга было нікому аддаць, а потым мясцовы ваяр як секануў ворага па галаве, той і брыкнуўся з каня. Так і ўцяклі чужынцы, нічым не пажывіўшыся.
А ручай той, на якім бітва-двубой адбывалася , назвалі Чорны Ручай, бо, кажуць , першы час сапраўды кроў чорная цякла. Адтуль і вёска назву атрымала – Чарнаручча.
Бабчына
Можна і не ведаць сапраўдных вытокаў назвы. Але, мабыць, у далёкім мінулым, аб якім ужо і дзяды не памятаюць, тут маёнтак быў. Маёнтак належыў памешчыку Бабчыну. Ён жыў у фальварку, упраўляў гэтай мясцовасцю. Ад яго і Бабчын, ці як, кажуць, Бабчына. Па другой версіі назва вытворная ад асновы «баба» – Бабчына.
Вабічы
З пісьмовых крыніц вядома, што вёска існавала з 17 стагоддзя. Некалі даўно людзі пачалі сяліцца каля прыгожай рэчкі Вабіч, бо зямля была тут добрая, урадлівая. Увогуле, гэта было адно з прыгажэйшых месц у тутэйшым краі. Таму ад назвы рэчкі Вабіч вёска атрымала назву і стала называцца Вабічы.
Клімавічы
З далёкага Пецярбургу трапілі да нас нейкія вяльможныя паны, можа, нават сам цар. Ехалі тады яны на карэце і трапілася ім па дарозе наша балота. Яны там і загрузлі. Ніяк не маглі самі выцягнуць карэту з гразі. Жыў там толькі адзін чалавек з сям’ёй. Звалі яго Клім. Пачуў ён, што паны загрузлі і пайшоў іх ратаваць. Запрог ён валоў, прывязаў вяроўкай карэту і выцягнуў яе. Узрадаваліся паны. Загадаў тады пан сяліцца тут другім людзям. З тых часоў гэта паселішча атрымала назву Клімавічы.
Карбатоўка
Назва характырызуе само паселішча. Пры засяленні тутэйшых зямель у 19 стагоддзі было запланавана забудаваць вёску адной вуліцай. Але атрымалася вуліца няроўнай, быццам скрыўленай. Відавочна, назва вёскі Карбатоўка ўтворана ад слова «карабаты» – гэта значыць няроўны, скрыўлены, пагнуты.
Красная Горка
Вёска нарадзілася ў савецкі час. Яна заснавана перасяленцамі ў пачатку 1920-х гадоў. Яе гісторыя непарыўна звязана з тымі істотнымі зменамі, якія ўнесла ў жыцце Кастрычніцкая рэвалюцыя і назва яе ўтворана ў першыя гады Савецкай улады. Месца, дзе збіраліся будаваць вёску, жыць па-новаму, выбіралі старанна. Хутаране, што збіраліся перабрацца на новае месца жыхарства, вырашылі пачаць будавацца на прыгожым месцы каля ручая на ўзгорку. Вырашылі сяліцца адной вуліцай. Доўга выбіралі назву для паселішча. Ведалі, што яна павінна была стаць прыгожай, паказальнай, і выглядам сваім, чысцінёй адрознівацца ад другіх старых паселішчаў. Таму вёска стала называцца Краснай Горкай.
Палыкавічы
Назва ўтварылася па характару працоўнай дзейнасці сялян. Вёска існавала са старадаўніх часоў. Жыхары вёскі некалі нарыхтоўвалі ў ліпняках шмат лыка (палоскі з лубу – прамежкавай часткі кары, якія здзіралі з маладой ліпкі) і плялі з яго лапці, мяхі – рагожы, пасцілкі – дзяругі. Мясціна, дзе дзерлі лыка і апрацоўвалі яго, называлася Палыкаўня або Палыкавічы. Ад гэтага і назва вёскі.
Рагозна
Вёска існавала са старадаўніх часоў. Не захадзе ад вёскі працякае рака Альхоўка. Калісьці вакол рэчкі была балоцістая мясцовасць, дзе расла расліна «рагоз», якая ўтварала рагозавыя зараснікі. Калі людзі пачалі сяліцца на тутэйшых землях, то і назвалі сваю вёскуРагозін (у канцы 18 стагоддзя). Пасля правядзення меліярацыйных работ па асушванню балот, рагоз застаўся расці толькі па берагах рэчкі Рагозна.
Рамшына
Першапачатковая назва – Забалоцце. Гэта паселішча, мабыць, знаходзілася ў балоцістай мясцовасці. Пазней, калі тое балота асушылі, то на вольнай зямлі пачалі сяліцца людзі і сяло сваё назвалі Забалоцце, падкрэсліваючы тым самым, што жывуць за балотам. У хуткім часе паселішча стала ўласнасцю памешчыка Рамшына. Таму і назва звязана з прозвішчам Рамшын і сяло называцца Рамшына. У канцы 19 стагоддзя сяло Рамшын. Цяпер вёска мае назву Рамшына.
Рубеж
Вёска перасталаі снаваць у сувязі з узбуйненнем. Зараз існуе ўрочышча Рубеж. А калісьці гэта было прыгожае паселішча, размешчанае на месцы лясных расчыстак, вырубак (дзе лес высечаны). Паходзіць назва ад слова «рубеж», хутчэй за ўсё ў значэнні рубяжа як мяжы ўладанняў. У мінулым такія межы абазначалі знакамі, хаця цяпер цяжка ўзгадаць, на рубяжы якіх менавіта ўладанняў.
Але ёсць інакшае тлумачэнне назвы вёскі. Згодна мясцоваму паданню, ходзіць легенда «Адкуль Рубеж». Пра войны тыя нам дзяды расказвалі, ну а ў кніжках, можа, і не так, як мы ведаем. Тут і шведы былі, і палякі, і французы, ну, усіх іх і пабілі. Вы, можа, чулі: тут недалёка Рубеж, дык то яшчэ ад татар. Прыйшлі яны і сталі супраць нашага войска. А раней перш біліся князі ці асілкі, а за імі ўжо войска. Выйшлі на поле татарын і рускі, біліся конныя, потым пешыя, але ніхто не пераможа. На другі дзень, аддыхнуўшы, зноў сышліся. І зноў таксама ніхто не перамог. Так і прастаялі сем дзён, пакуль не знайшоўся такі малады хлопец, што як схапіў таго татарына, ды як кінуў яго аб зямлю, так і забіў. А за ім і ўсё войска на татар пайшло, пабілі іх многа, некаторых пабралі ў палон ды паразганялі. Дык ад таго і Рубеж завецца, што доўга на ім стаялі. А ў капцах недалёка татары закапаныя.
-
Чарнаручча // Магілёўшчына : назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / складальнік, запіс, апрацоўка А. М. Ненадаўца. – Мінск : Беларусь, 2002. – С. 412–414.
-
Матэрыялы з краязнаўчага фонду бібліятэкі.