top of page
назвы роднай зямлі.png

Тапаніміка родных мясцін

Слоўнік мясцовых мікратапонімаў з заўвагамі і тлумачэннямі.

 

Агула – лясное ўрочышча,  месца знаходжання –  на   паўднёвым  захадзе   ад вёскі Чарнаручча і за 2,4 км на ўсход ад в. Вабічы, плошча 5 га.

 

Аднабокі  – пасёлак вёскі, забудова па адным баку.

Алешнік – балоцістыя месцы, зарослыя альхой.

Амшара – частка лесу, дзе сустракаюцца мохавыя балоты.

Арлоўка – луг, былое паселішча. Месца знаходжання – на усходзе ад вёскі Рамшына.    У аснове назвы – прозвішча  Арлоў.

Аўчарка – пасёлак, пабудаваны на месцы авечкагадоўчай фермы.

Бабкоў хутар – урочышча, сельгасугоддзі,  поле на месцы былога хутара Бабкова.

Бабравінне – былое паселішча на паўночным захадзе ад вёскі Рамшына. У аснове назвы – слова «бобр» – жывёла. Але больш магчыма сувязь з прозвішчамі альбо ад старажытнай назвы «Баброўнікі». Гэта группа феадальна залежных сялян у Вялікім княстве Літоўскім. У іх абавязкі ўваходзіла паляванне на баброў, нарыхтоўка бабровага меху. Ужо ў 18-м стагоддзі ў сувязі са скарачэннем бабровага пагалоўя баброўнікі, як асобная группа сялян, перастала існаваць і злілася з іншымі групамі феадальна залежных людзей.

Валокі – маленькія лясы. Месца знаходжання – на захад ад ўрочышча Рубеж. Валока – зямельная мера роўная 21.36 га. Па сведках пры засяленні мясцовасці гаспадары куплялі 2 валокі зямлі. З таго часу лясы і сталі называць Валокамі.

Выгар – лес,  месца знаходжання – на ўсход ад урочышча Рубеж. У далёкія часы навокал былі вялікія лясы. Аднойчы гэтая частка лесу выгарэла амаль уся. Ішоў час, замест згарэлых дрэў выраслі маладзенькія. Але назва за лесам так і  захавалася – Выгар.

Гарбаты мост – месца знаходжання – на паўночным захадзе ад вёскі Карбатоўка. У аснове назвы – вытворная ад слова «горб» (як форма) рэльеф.

Гіраўшчына (гл. здымак) – лес,  месца знаходжання – на паўночным усходзе вёскі Палыкавічы. У аснове назвы балтыйскі  (літоўскі) тэрмін giria – лес, альбо ад прозвішча Гіраў.

 

                               

Гладкае – луг. Месца знаходжання – на паўночным усходзе ад вёскі Рамшына. У аснове назвы – прозвішча Гладкоў.

Грызлаўка – пасёлак у вёсцы  Тударава,  сваю назву атрымаў таму, што раней у ім пражывалі дзве суседкі, якія пастаянна «грызліся» паміж сабой, гэта значыць: сварыліся, спрачаліся.

Дубкі – былое паселішча на поўначы ад вёскі Рагозна. У аснове назвы дрэва «дуб».

Забалацце. Змешаны лес.

Заімка – невялікі пасёлак за межамі асноўнага паселішча. Напрыклад, Ульяніна заімка, Нікіфарава заімка. Месца знаходжання – каля вёскі Рамшына.

Замосце (гл. здымак) – лес, месца знаходжання – на захадзе вёскі Тударава. Назву сваю атрымаў таму, што знаходзіцца за некалькімі мастамі.       

 

  

Засценак - так называлі невялікае паселішча ў 3–4 двары, якое заснавалі перасяленцы з суседняга вялікага паселішча. Знаходзіцца на паўднёвым усходзе ад вёскі Палыкавічы.

Земшчына – лес, месца знаходжання – на поўнач ад вёскі  Чарнаручча да ўрочышча Рубеж. Назва паходзіць ад роду дзейнасці памешчыка   А. Ігнаціуса, які быў земскім суддзёй.

Капысіца – назва ад слова «копыць» – былое паселішча, месца знаходжання невядома.

Карнееўшчына - лес, былое паселішча Карнеевых. Месца знаходжання – на поўначы ад урочышча Рубеж.

Качарга –  былы пасёлак у вёсцы Рамшына. Сваю назву атрымаў таму, што знаходзіўся ў аддаленні ад цэнтральнай вуліцы вёскі, і як бы прымыкае да яе,  па форме нагадвае «качаргу» – прыладу хатняга побыту.

Клыжын – луг, былое паселішча, на паўночным захадзе ад вёскі Рамшына.

Кусток – былое паселішча. Назва паходзіць ад асновы «куст», агульнае значэнне – закустараная мясцовасць. Знаходзіцца на ўсходзе ад вёскі Палыкавічы.

Лепяшынскае – лес, былое паселішча Лепяшынскіх. Месца знаходжання – на паўднёвым усходзе ад вёскі Палыкавічы.

Лёгкі – пасёлак вёскі Рамшына, размешчаны на ўзвышшы.

Ляда – паляна. Месца знаходжання – сярод лесу. Аснова назвы – слова «ляда», азначае – вырублены лес, закінутыя землі. Назвы ляд «часцей» звязаны з прозвішчамі, імёнамі. Напрыклад, Маісеева ляда, знаходзіцца на поўначы вёскі Ступляны.

Ніўкі – апрацаваныя участкі зямлі і пашні.

Палыкаўская гара – узгорак каля вёскі Палыкавічы.

Панская алея. Месца знаходжання – каля дарогі Чарнаручча – Красная Горка. Калісьці дарога да панскага маёнтку была абсаджана ліпамі. Да нашага часу захавалася  некаторая частка яе.

Прыцэп – пасёлак у вёсцы Тударава, як бы прыбудаваны да вёскі. У народзе кажуць, што ён «прычапіўся».

Пчэльнік – лес,  месца знаходжання – на поўначы  вёскі Палыкавічы. Назва ўтворана ад асновы «пчала» – месца  пасекі.  Шмат гадоў назад у дуплах дрэў вадзіліся пчолы.

Пшыкаўка – луг. Месца знаходжання – на усходзе ад вёскі Палыкавічы. У аснове – слова «пшык» – нічога, пустата.

Рабінаўка – былое паселішча. У аснове назвы дрэва «рабіна», альбо прозвішча «Рабінаў».

Рабінаўскі мост.  Паблізу з паселішчам быў калісьці мост праз рэчку. Да нашага часу ён не захаваўся, але назва так і засталася.

Рыжы хутар – былое паселішча, у якім гаспадыня Тацяна была з рыжымі валасамі.

Сабалеўшчына – лес, былое паселішча Собалевых. Месца знаходжання – на поўночным ўсходзе ад вёскі Красная Горка.

 

 

Стары лес (гл. здымак) – месца знаходжання – на поўдзень ад вёскі Чарнаручча. Калісьці ў далёкія часы ў гэтай мясцовасці былі вялікія лясы. З цягам часу многія з іх вырубілі. Але некаторая частка захавалася да нашага часу. Таму лес і атрымаў сваю назву– Стары лес.

 

 

 

 

Стахоўшчына – лес, месца знаходжання – на паўночным усходзе вёскі Красная Горка. Назва паходзіць ад прозвішча Стахоўскі, уладальніка паселішча.

Улькаў хутар – былое паселішча,  каля  вёскі Карбатоўка.

 

 

Чарнаруцкі лес (гл. здымак) –  месца знаходжання – на поўначы ад вёскі Чарнаручча. Пачынаецца лес адразу за вёскай, таму і называюць яго Чарнаруцкім.

 

 

 

 

 

 

  

Шчэрбаўшчына – лес. Месца знаходжання – на поўдзень ад вёскі Палыкавічы, па праваму боку дарогі Палыкавічы – Чарнаручча. Былое паселішча селяніна Шчэрбы, там жа сяліліся яго сыны і ўнукі. Хутар, які ўтвараўся такім чынам, называўся Шчэрбаў. Таму і лес, які належаў гаспадару, стаў называцца Шчэрбаўшчына. Хутар перастаў існаваць, а назва за лесам захавалася да нашага часу.

Шчыглоўшчына – лес, былое паселішча Шчыгловых. Месца знаходжання – на поўдзень  ад вёскі Палыкавічы, па леваму боку дарогі Палыкавічы – Чарнаручча.

 

 

  1. Жучкевіч, В.А. Чаму так названа / В.А. Жучкевіч.  – Мінск : Народная асвета, 1969.

  2. Лыч, М. Л. Назвы зямлі беларускай / М. Л. Лыч. – Мінск : Універсітэцкае, 1994. – 128 с.

  3. Рогалеў, А.Ф. Назвы Бацькаўшчыны : тапанімія Беларусі / А. Ф. Рогалеў. – 2-е выд.– Гомель : Барк, 2011. – 216 с.

  4. Краязнаўчыя матэрыялы з фонду бібліятэкі.

Гіраўшчына.jpg
Замосце.jpg
Стары лес.jpg
Чарнаруцкі лес.jpg
bottom of page